Ісаі 28 разьдзел
Кніга прарока Ісаі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна
Гора ганарыстаму вянцу п’яніцаў Эфраіма ды звялай кветцы славы яго велічнасці, якія жылі на версе вельмі ўрадлівай даліны, ап’янеўшы віном!
Гора кароне пыхлівасьці п’яніцаў Эфраіма, зьвялай кветцы слаўнай аздобы ягонай, якая [расьце] на вяршыні даліны ўрадлівай, ап’янеўшы ад віна!
Вось жа, нехта ў Госпада, дужы і магутны, як буралом градавы, як ураган знішчальны, як навадненне хвалістых вялікіх водаў, — і ён паваліць [іх] раптоўна на зямлю.
Вось, ад ГОСПАДА [прыходзіць] дужы і магутны, як бура з градам, як ураган зьнішчальны, як паводка залеўная, і кіне [яго] на зямлю рукою [сваёй].
Нагамі патаптаны будзе вянец пыхі п’яніцаў Эфраіма;
Нагамі будзе патаптана карона пыхлівасьці п’яніцаў Эфраіма.
а звялая кветка славы велічнасці яго, якая расце на версе ўрадлівай даліны, — як ранняя фіга перад жнівом, якую, хто ўбачыць, — зрывае рукою і зараз жа з’ядае.
І станецца, што зьвялая кветка слаўнай аздобы ягонай, якая [расьце] на вяршыні даліны ўрадлівай, будзе як рана [сасьпелая] фіга перад жнівом, якую, калі нехта ўбачыць, зрывае далоняй сваёй і зьядае яе.
У той дзень Госпад Магуццяў будзе вянцом славы і дыядэмай велічнасці для рэшты Свайго народа;
У той дзень ГОСПАД Магуцьцяў будзе каронай славы і велічнай дыядэмай для рэшты народу Свайго,
і духам справядлівасці для таго, хто сеў судзіць, ды мужнасцю для тых, хто адкідае бітву аж да брамы.
і духам правасудзьдзя для таго, хто сядзіць у судзе, і мужнасьцю для тых, хто адкідае [ворага] ў бітве пры браме.
Насамрэч і гэтыя таксама хістаюцца ад віна і ад ап’янення ківаюцца: святар і прарок хістаюцца ад ап’янення, яны насмакталіся віна, ківаюцца ў ап’яненні, памыляюцца ў бачанні, цяляпаюцца ў час суда.
А гэтыя блукаюць ад віна, і ад сікеры хістаюцца, сьвятар і прарок блукаюць ад сікеры, напіліся віна, хістаюцца ад сікеры, блукаюць у відзежы, спатыкаюцца ў пастановах [сваіх].
Бо ўсе сталы поўныя ванітаў і бруду, так што нават месца больш няма.
Бо ўсе сталы поўныя ванітаў і запэцканыя, што няма месца [чыстага].
Каго [такі] будзе вучыць мудрасці? І каму дасць разумець пачутае? Дзецям, аднятым ад грудзей? Немаўлятам, аднятым ад малака?
Каго такі будзе вучыць веданьню? І каму будзе тлумачыць вучэньне? Дзецям, аднятым ад малака? Немаўлятам, аднятым ад грудзей?
Бо прыказанне за прыказаннем, прыказанне за прыказаннем, правіла за правілам, правіла за правілам, крыху там, крыху там.
Бо прыказаньне за прыказаньнем, прыказаньне за прыказаньнем, правіла за правілам, там крыху і там крыху.
Сапраўды, вуснамі шапялявымі ды языком чужым прамаўляць будзе да гэтага народа,
Бо незразумелымі вуснамі і языком чужым будзе прамаўляць да народу гэтага
якому гаварыў: «Гэта — адпачынак, дайце супакой спрацаванаму!» Ды не хацелі яны слухаць.
Той, Які сказаў ім: «Вось супачынак! Дайце супачыць змучанаму! Вось адпачынак!» Але яны не хацелі слухаць.
І будзе для іх словам Госпада «прыказанне за прыказаннем, прыказанне за прыказаннем, правіла за правілам, правіла за правілам, крыху там, крыху там», каб ішлі, і валіліся назад, і разбіваліся, і каб трапілі ў пастку, і каб былі схоплены.
І было да іх слова ГОСПАДА: «Прыказаньне за прыказаньнем, прыказаньне за прыказаньнем, правіла за правілам, там крыху і там крыху», каб яны пайшлі і ўпалі на сьпіну, і разьбіліся, і каб ублыталіся, і каб былі схопленыя.
Дзеля таго паслухайце слова Госпада, вы, ашуканцы, якія валадарыце над Маім народам, які жыве ў Ерузаліме.
Дзеля гэтага паслухайце слова ГОСПАДА, людзі блюзьнерчыя, якія пануеце над народам гэтым, які [жыве] ў Ерусаліме.
Вы сказалі: «Заключылі мы прымірэнне са смерцю і з апраметнай учынілі дамову. Калі ж надыдзе біч навалы, ён не дойдзе да нас, бо на ашуканства ўсклалі мы спадзяванне наша, ды ў мане схаваліся мы».
Вы кажаце: «Мы заключылі запавет са сьмерцю і з адхланьню зрабілі дамову. Калі пройдзе біч навалы [ворагаў], ён ня дойдзе да нас, бо хлусьню мы зрабілі прыстанішчам нашым, і ў ашуканстве мы схаваліся».
Таму вось што кажа Госпад Бог: «Вось, Я кладу на Сіёне вуглавы камень, выбраны і дарагі, угрунтаваны; і хто ўверыць у Яго — не спатыкнецца.
Дзеля гэтага так кажа Госпад ГОСПАД: «Вось, Я кладу на Сыёне камень, камень выпрабаваны, вуглавы, каштоўны, моцна ўгрунтаваны. Хто верыць у Яго, ня будзе ўцякаць.
І ўстанаўлю закон за норму і справядлівасць за вагу, і град зруйнуе надзею ашуканства, а сховішча затопяць воды.
І Я пастаўлю суд як мерку і праведнасьць як грунтвагу, і град зьнішчыць прыстанішча хлусьні, і схоў ейны воды затопяць.
Ваша прымірэнне са смерцю будзе знішчана, ды дамова ваша з апраметнай не ўтрымаецца; калі надыдзе біч навалы, будзеце вы яму на стаптанне».
І будзе разарваны запавет ваш са сьмерцю, і дамова вашая з адхланьню не ўтрымаецца. Калі пройдзе біч навалы [ворагаў], будзеце імі стаптаныя.
Колькі раз пройдзе, будзе зносіць вас, бо будзе праходзіць кожную раніцу, і днём, і ноччу, і будзе толькі жахліва ўсвядоміць гэтую вестку.
Колькі разоў пойдзе [навала], схопіць вас, бо будзе яна праходзіць кожную раніцу, і ўдзень, і ўначы, і будзеце з жахам чуць вестку [гэтую].
Бо завузкім будзе ложак, каб мог хто выцягнуцца, і надта кароткай накідка, каб мог хто прыкрыцца.
Бо надта кароткім будзе ложак, каб [на ім] выцягнуцца, і вузкім накрыцьцё, каб [ім] накрыцца.
Бо як на гары Паразім стане Госпад, як на лагчыне, што ў Габаоне, будзе гневацца, каб здзейсніць Сваю справу, Сваю справу новую, каб здзейсніць Сваё дзеянне, Сваё таямнічае дзеянне.
Бо паўстане ГОСПАД, як на гары Перацым, як у даліне ў Гібэоне, будзе Ён гневацца, каб учыніць справу Сваю, дзіўную справу Сваю, каб выканаць работу Сваю, незвычайную работу Сваю.
А цяпер перастаньце кпіць, каб часам тужэй не зацягнуліся кандалы вашы; чуў я рашэнне Госпада, Бога Магуццяў, знішчыць усю зямлю.
І цяпер не насьміхайцеся, каб не заціснуліся кайданы вашыя; бо я чуў ад Госпада, ГОСПАДА Магуцьцяў, што прызначана зьнішчэньне для ўсёй зямлі.
Пачуйце вушамі і паслухайце голас мой, будзьце ўважнымі і паслухайце аповесць маю!
Прыхіліце вуха і паслухайце голас Мой, будзьце ўважлівыя і паслухайце словы Мае!
Ці ўвесь дзень араты арэ, каб пасеяць, барануе і праполвае сваю раллю?
Ці кожны дзень араты арэ для сяўбы, барануе і абрабляе ральлю сваю?
Ці ж, калі зраўняе яе паверхню, не сее чарнушку і не рассыпае кмен? Ці не сее пшаніцу і ячмень, а полбу — на ўзбоччы іх?
Ці ж ён, калі выраўняе аблічча ейнае, ня сее чарнуху і не рассыпае кмен? Ці ня сее ён пшаніцу і ячмень на выбраным месцы, і жыта ў межах яе?
Бо правільна настаўляюць яго, Сам Бог яго вучыць яго.
І навучае яго пра такі парадак Бог ягоны, і вучыць яго.
Бо не малоцяць чарнушкі піламі, ані па кмене не качаюць колам ад возу, але цэпам выбіваецца чарнушка, а кмен — палкаю.
Бо не малоцяць чарнухі зубцамі [жалезнымі], [колам ад возу] не качаюць па кмене, але цэпам выбіваецца чарнуха, а кмен — палкаю.
А ці ж мелецца пшаніца? Пэўна, не вечна будзе яе малаціць малацьбіт, ані будзе цягаць па ёй колам ад воза, ані капытамі [коней] сваіх будзе таптаць яе.
Ці таўкуць збожжа? Не бясконца малоціць яго малацьбіт, ён цягае па ім кола возу свайго, але коні ягоныя не таўкуць яго.
Але гэта выйшла ад Госпада, Бога Магуццяў, — даў Ён цудоўную параду, павялічыў мудрасць.
Гэта таксама выйшла ад ГОСПАДА Магуцьцяў, Ён даў цудоўную раду, і вялікая мудрасьць Ягоная.