Ісаі 55 разьдзел
Кніга прарока Ісаі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна
«Гэй! Усе сасмаглыя, прыходзьце да вады, і вы, хто не маеце срэбра, паспяшайце, купляйце і спажывайце: прыходзьце, купляйце, без срэбра і без аніякай платы віно і малако!
Гэй, усе спрагнёныя, прыходзьце да вады, і тыя, што ня маюць срэбра, прыходзьце, купляйце і спажывайце; прыходзьце і купляйце бяз срэбра і бяз платы віно і малако!
Навошта вы адважваеце срэбра на тое, што не ёсць хлебам? І працу сваю на тое, што не накорміць? Слухайце, хто слухае Мяне, і спажывайце добрае, каб адчула асалоду душа ваша ў тлустым.
Навошта вы адважваеце срэбра за тое, што ня хлеб, і працу сваю за тое, што не насыціць? Слухаючы, паслухайце Мяне і будзеце есьці [тое, што] добрае, і будзе насалоджвацца тлустым душа вашая.
Нахіліце вуха ваша і прыходзьце да Мяне; слухайце, каб жыла душа ваша, і выканаю для вас вечную дамову; святыя абяцанні Давіду».
Прыхіліце вуха сваё і прыйдзіце да Мяне, паслухайце, і будзе жыць душа вашая! І Я заключу з вамі запавет вечны дзеля нязьменнай міласэрнасьці, [абяцанай] Давіду.
Вось, яго ўстанавіў сведкам для народаў і правадыром і настаўнікам для плямёнаў.
Вось, Я паставіў яго сьведкам для народаў і правадыром, які дае загады людзям.
Вось, пазавеш народ, якога не ведаў, і вось, народы, якія цябе не ведалі, прыбягуць да цябе дзеля Госпада, Бога твайго, і дзеля Святога Ізраэлева, бо Ён уславіў цябе.
Вось, ты паклічаш народ, якога ня ведаеш, і народы, якія цябе ня ведалі, прыбягуць да цябе дзеля ГОСПАДА, Бога твайго, і дзеля Сьвятога Ізраіля, бо Ён уславіў цябе.
Шукайце Госпада, пакуль можна знайсці, прызывайце Яго, пакуль блізка!
Шукайце ГОСПАДА, пакуль можна знайсьці Яго, клічце Яго, пакуль Ён блізка!
Хай бязбожны пакіне дарогу сваю, а нягоднік — намеры свае; і хай навернецца да Госпада, і Ён злітуецца над ім, і да Бога нашага, бо Ён шчодры на прабачэнне.
Няхай бязбожнік пакіне шлях свой, а нягоднік — намеры свае, і няхай вернецца да ГОСПАДА, і Ён зьлітуецца над ім, і да Бога нашага, бо Ён шчодры на прабачэньне.
«Бо Мае намеры — не вашы намеры, і вашы дарогі — не Мае дарогі, — кажа Госпад.
Бо думкі Мае — гэта ня думкі вашыя, і шляхі вашыя — гэта не шляхі Мае, кажа ГОСПАД.
Бо як нябёсы высока над зямлёю, так высока дарогі Мае над дарогамі вашымі і намеры Мае — над намерамі вашымі.
Бо як неба высока над зямлёю, так вышэйшыя шляхі Мае ад шляхоў вашых, і думкі Мае — ад думак вашых.
І як дождж або снег спадае з неба і туды больш не вяртаецца, але поіць зямлю і корміць яе, і дае, каб яна радзіла, і дае насенне сейбіту і хлеб едаку,
Бо як дождж або сьнег зыходзіць з неба і назад не вяртаецца, аж пакуль не напоіць зямлю і ня зробіць, каб яна радзіла і давала зеляніну, і давала насеньне таму, хто сее, і хлеб таму, хто есьць,
так будзе са словам Маім, якое выходзіць з вуснаў Маіх: і не вяртаецца да Мяне пустым, але зробіць, што толькі Я захачу, і будзе мець поспех у тых, да якіх яго Я паслаў.
так і слова Маё, якое выходзіць з вуснаў Маіх. Яно не вяртаецца да Мяне пустым, але зьдзяйсьняе тое, што Я жадаю, і мае посьпех у тым, дзеля чаго Я паслаў яго.
Бо з радасцю выйдзеце і ў супакоі вас выведуць; горы і ўзгоркі перад вамі спяваць будуць песні, а ўсе дрэвы навакольныя пляскаць будуць у далоні.
Бо вы з радасьцю выйдзеце, і ў супакоі правядуць вас. Горы і ўзгоркі перад вамі будуць цешыцца са сьпяваньнем, а ўсе дрэвы палявыя будуць пляскаць у далоні.
Замест церняў вырасце кіпарыс, замест жыгучкі вырасце мірт, і будзе гэта на хвалу Госпаду, як знак вечны, які не знішчыцца».
Замест церняў вырасьце кіпарыс, замест крапівы вырасьце мірт, і будзе гэта на хвалу ГОСПАДУ, як знак вечны, які ня будзе зьнішчаны.