Ісаі 63 разьдзел
Кніга прарока Ісаі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна
Хто гэта такі, што прыбывае з Эдома, з Босры ў пурпуровых шатах? Гэты прыгожы ў Сваёй вопратцы, Які крочыць з вялікаю Сваёю магутнасцю? «Гэта Я, Які абвяшчаю справядлівасць, магутны ў збаўленні».
Хто гэта ідзе з Эдому, у шатах барвовых з Боцры? Хто такі прыгожы ў строях Сваіх крочыць з вялікай сілай Сваёй? «[Гэта] Я, Які прамаўляе ў праведнасьці, вялікі ў збаўленьні».
Дык чаму чырвонае адзенне тваё і вопратка твая, як у таго, хто топча вінаград у выціскальні?
Чаму чырвонае адзеньне Тваё, і шаты Твае — як у таго, які топча [вінаград] у тоўчні?
«Я Сам таптаў у выціскальні, і не было з народаў аніводнага чалавека; тоўк іх у злосці Сваёй, таптаў іх у гневе Сваім. І кроў іх пырснула на адзенне Маё, ды папляміў Я Сабе ўсю вопратку.
«Я Сам таптаў у тоўчні і не было з народаў нікога са Мною. Я таптаў іх у гневе Маім, таптаў іх у абурэньні Маім. Сок апырскаў шаты Мае, і папляміў Мне ўсё адзеньне Маё.
Бо дзень помсты ў сэрцы Маім, надышоў год Маёй адплаты.
Бо дзень помсты — у сэрцы Маім, і год адкупленьня Майго надыйшоў.
Азірнуўся Я, і не было памагатага, здзівіўся, і не было нікога, хто б памог; і рука Мая збавіла Мяне, ды падтрымала Мяне Мая запальчывасць.
І Я глядзеў, і не было таго, хто дапамагае, і зьдзівіўся, бо не было таго, хто падтрымаў Мяне. І дапамагло Мне рамяно Маё, і гнеў Мой падтрымаў Мяне.
І стаптаў Я народы ў гневе Сваім і сцёр іх у Сваім абурэнні, ды выліў кроў іх на зямлю».
І Я стаптаў народы ў гневе Маім, і сьцёр іх у абурэньні Маім, і выліў кроў іхнюю на зямлю».
Прыгадаю я літасці Госпада, хвалу Госпада, за ўсё, што нам Госпад аддаў, і за мноства даброццяў для дому Ізраэля, якія ім дараваў паводле міласэрнасці Сваёй і паводле мноства літасці Сваёй.
Буду ўзгадваць міласэрнасьць ГОСПАДА, праслаўляць ГОСПАДА за ўсё, што ГОСПАД для нас учыніў, і за мноства дабрадзействаў для дому Ізраіля, якія Ён учыніў для нас у ласкавасьці Сваёй і паводле вялікай ласкі Сваёй.
І сказаў Ён: «Напэўна, гэта Мой народ, сыны, якія Мяне не падмануць! І стаў Я ім Збаўцам».
І Ён сказаў: «Яны, сапраўды, — народ Мой, сыны, якія не падманваюць!» І Ён стаў для іх Збаўцам.
У кожнай іх бядзе не нейкі пасланец, ані анёл, але Сам Ён іх выбавіў. У любові Сваёй і ў ласкавасці Сваёй Сам адкупіў іх, і ўзяў іх, і насіў іх усе дні спрадвечныя.
У кожным уціску іхнім цесна [было] і Яму, і анёл аблічча Ягонага выбаўляў іх. У любові Сваёй і ў ласкавасьці Сваёй Ён Сам адкупіў іх, і ўзяў іх, і насіў іх усе дні старадаўнія.
Але яны справакавалі да гневу і засмуцілі Духа святасці Яго, дык змяніўся Ён для іх у непрыяцеля і пачаў з імі ваяваць.
Але яны сталіся непаслухмянымі і засмуцілі Духа Сьвятога Ягонага, і стаўся Ён для іх ворагам, і пачаў ваяваць з імі.
І ўспомніў Ён пра дні мінулыя, пра Майсея і народ Свой. Дзе Той, Хто вывеў іх з мора з пастырам статка Яго? Дзе ж Той, Хто змясціў унутры яго Духа святасці Сваёй?
І ўзгадаў народ Ягоны дні старадаўнія, дні Майсея. Дзе Той, Які вывеў іх з мора з пастырам авечак Сваіх? Дзе Той, Які зьмясьціў у нутро іхняе Духа Свайго Сьвятога?
Той, Хто ўзяў за правіцу Майсея рукою велічнасці Сваёй, Які раздзяліў воды перад імі, каб зрабіць Сабе імя вечнае,
[Дзе] Той, Які вёў Майсея за правую руку рамяном велічы Сваёй, Які разьдзяліў воды перад абліччам іхнім, каб зрабіць Сабе імя вечнае,
Які вывеў іх праз глыбіні, як каня праз пустэчу, і яны не спатыкаліся.
Які вёў іх праз бяздоньні, як каня ў пустыні, і яны не спатыкаліся?
Як жывёле, якая сыходзіць на лагчыну, Дух Госпада даў ім адпачываць; так вёў Ты Свой народ, каб зрабіць Сабе імя славы.
Як жывёлу, якая зыходзіць у лагчыну, так Дух ГОСПАДА вёў іх да супачынку. Так вёў Ты народ Твой, каб зрабіць Сабе імя велічнае.
Глянь з неба і пабач з жытла святога Свайго ды славы Сваёй: дзе руплівая апека Твая і Твая магутнасць? Хваляванне нутра Твайго і ласкавасць Твая затрымаліся нада мной, прашу:
Глянь з неба і пабач з Сялібы сьвятасьці Тваёй і велічы Тваёй! Дзе рэўнасьць Твая і магутнасьць Твая? Узрушанасьці нутра Твайго і ласкавасьці Тваёй да мяне ня стрымлівай.
Ты ж Айцец наш! Абрагам жа не ведае нас, і Ізраэль нас не ведае; Ты ж, Госпадзе, Айцец наш, Адкупіцель наш: імя Тваё адвечнае.
Бо Ты — Айцец наш! Бо Абрагам ня ведае нас, і Ізраіль не пазнае нас. Ты, ГОСПАДЗЕ, — Айцец наш, Адкупіцель наш — гэта імя Тваё адвечна.
Чаму, о Госпадзе, даеш нам збочваць з дарог Тваіх, знячуліў сэрца наша, каб не шанавалі мы Цябе? Адмяніся адносна слуг Сваіх, пакаленняў спадчыны Тваёй.
Дзеля чаго, ГОСПАДЗЕ, Ты дазволіў нам збочыць са шляхоў Тваіх, зрабіў цьвёрдым сэрца нашае, каб мы не баяліся Цябе? Вярніся дзеля слугаў Тваіх, дзеля племені спадчыны Тваёй.
На кароткі час успадкаемілі яны народ Твой святы, ворагі нашы патапталі святыню Тваю.
На кароткі час завалодалі прыгнятальнікі нашыя народам сьвятасьці Тваёй, патапталі сьвятыню Тваю.
Сталіся мы ад вякоў такімі, як калі Ты не валадарыў намі і калі не прызывалася імя Тваё над намі.
Мы сталіся як тыя, над якімі Ты ад вякоў не панаваў, і [як тыя], над якімі ня клікалі імя Тваё.