Біблія » Пераклады » Пераклад Антонія Бокуна

Ісаі 63 Ісаі 63 разьдзел

1 Хто гэта ідзе з Эдому, у шатах барвовых з Боцры? Хто такі прыгожы ў строях Сваіх крочыць з вялікай сілай Сваёй? «[Гэта] Я, Які прамаўляе ў праведнасьці, вялікі ў збаўленьні».
2 Чаму чырвонае адзеньне Тваё, і шаты Твае — як у таго, які топча [вінаград] у тоўчні?
3 «Я Сам таптаў у тоўчні і не было з народаў нікога са Мною. Я таптаў іх у гневе Маім, таптаў іх у абурэньні Маім. Сок апырскаў шаты Мае, і папляміў Мне ўсё адзеньне Маё.
4 Бо дзень помсты — у сэрцы Маім, і год адкупленьня Майго надыйшоў.
5 І Я глядзеў, і не было таго, хто дапамагае, і зьдзівіўся, бо не было таго, хто падтрымаў Мяне. І дапамагло Мне рамяно Маё, і гнеў Мой падтрымаў Мяне.
6 І Я стаптаў народы ў гневе Маім, і сьцёр іх у абурэньні Маім, і выліў кроў іхнюю на зямлю».
7 Буду ўзгадваць міласэрнасьць ГОСПАДА, праслаўляць ГОСПАДА за ўсё, што ГОСПАД для нас учыніў, і за мноства дабрадзействаў для дому Ізраіля, якія Ён учыніў для нас у ласкавасьці Сваёй і паводле вялікай ласкі Сваёй.
8 І Ён сказаў: «Яны, сапраўды, — народ Мой, сыны, якія не падманваюць!» І Ён стаў для іх Збаўцам.
9 У кожным уціску іхнім цесна [было] і Яму, і анёл аблічча Ягонага выбаўляў іх. У любові Сваёй і ў ласкавасьці Сваёй Ён Сам адкупіў іх, і ўзяў іх, і насіў іх усе дні старадаўнія.
10 Але яны сталіся непаслухмянымі і засмуцілі Духа Сьвятога Ягонага, і стаўся Ён для іх ворагам, і пачаў ваяваць з імі.
11 І ўзгадаў народ Ягоны дні старадаўнія, дні Майсея. Дзе Той, Які вывеў іх з мора з пастырам авечак Сваіх? Дзе Той, Які зьмясьціў у нутро іхняе Духа Свайго Сьвятога?
12 [Дзе] Той, Які вёў Майсея за правую руку рамяном велічы Сваёй, Які разьдзяліў воды перад абліччам іхнім, каб зрабіць Сабе імя вечнае,
13 Які вёў іх праз бяздоньні, як каня ў пустыні, і яны не спатыкаліся?
14 Як жывёлу, якая зыходзіць у лагчыну, так Дух ГОСПАДА вёў іх да супачынку. Так вёў Ты народ Твой, каб зрабіць Сабе імя велічнае.
15 Глянь з неба і пабач з Сялібы сьвятасьці Тваёй і велічы Тваёй! Дзе рэўнасьць Твая і магутнасьць Твая? Узрушанасьці нутра Твайго і ласкавасьці Тваёй да мяне ня стрымлівай.
16 Бо Ты — Айцец наш! Бо Абрагам ня ведае нас, і Ізраіль не пазнае нас. Ты, ГОСПАДЗЕ, — Айцец наш, Адкупіцель наш — гэта імя Тваё адвечна.
17 Дзеля чаго, ГОСПАДЗЕ, Ты дазволіў нам збочыць са шляхоў Тваіх, зрабіў цьвёрдым сэрца нашае, каб мы не баяліся Цябе? Вярніся дзеля слугаў Тваіх, дзеля племені спадчыны Тваёй.
18 На кароткі час завалодалі прыгнятальнікі нашыя народам сьвятасьці Тваёй, патапталі сьвятыню Тваю.
19 Мы сталіся як тыя, над якімі Ты ад вякоў не панаваў, і [як тыя], над якімі ня клікалі імя Тваё.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга прарока Ісаі, 63 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023