Біблія » Пераклады » Пераклад Антонія Бокуна

Ісаі 65 Ісаі 65 разьдзел

1 Я адкрыўся тым, якія не пыталіся пра Мяне, Я знойдзены тымі, якія не шукалі Мяне. Я казаў: «Вось Я, вось Я!» да народу, які ня клікаў імя Маё.
2 Увесь дзень Я выцягваў рукі Мае да народу бунтаўнічага, які ходзіць па шляху нядобрым, паводле намераў сваіх,
3 да народу, які гнявіць Мяне перад абліччам Маім заўсёды, які складае ахвяры ў гаях і паліць кадзіла на цэглах.
4 Яны сядзяць у магілах, начуюць у заканурках, ядуць сьвіное мяса, і стравы нячыстыя ў пасудзінах іхніх,
5 яны кажуць: «Адыйдзіся! Не набліжайся да мяне, бо я — сьвяты для цябе». Яны [выклікаюць] дым у ноздрах Маіх, агонь, які палае ўвесь дзень.
6 Вось, напісана перад абліччам Маім. Ня буду маўчаць, пакуль не аднагароджу, і не аднагароджу ва ўлоньне іхняе.
7 За беззаконьні вашыя і за беззаконьні бацькоў вашых, кажа ГОСПАД, што вы кадзілі на гарах і на ўзгорках зьневажалі Мяне, Я адмераю ім плату ва ўлоньне іхняе за ўчынкі старадаўнія.
8 Гэта кажа ГОСПАД: «Калі знаходзіцца сок у гронках вінаградных і кажуць: “Ня нішчыце іх, бо ў іх дабраславенства”, так і Я зраблю дзеля слугаў Маіх, каб ня нішчыць усяго.
9 І Я выведу з Якуба насеньне, а з Юды — спадкаемца гор Маіх, і выбранцы Мае ўспадкаемяць [зямлю], і слугі Мае будуць жыць там.
10 І стане Шарон пашаю для авечак, а даліна Ахор — выганам для быдла для народу Майго, які шукае Мяне.
11 А вы пакінулі ГОСПАДА і забыліся пра сьвятую гару Маю, і накрываеце стол у гонар Гада і напаўняеце [келіхі] віном мяшаным у гонар Мэні.
12 І Я прызначаю [вас] пад меч, і ўсе вы пойдзеце на зарэз, бо Я клікаў вас, а вы не адказвалі, гаварыў, а вы ня слухалі, і чынілі ліхоту на вачах Маіх, і выбралі сабе тое, што Мне не падабалася».
13 Дзеля гэтага так кажа Госпад ГОСПАД: «Вось, слугі Мае будуць есьці, а вы будзеце галадаць; слугі Мае будуць піць, а вы будзеце смагнуць; слугі Мае будуць радавацца, а вы будзеце асаромленыя.
14 Вось, слугі Мае будуць сьпяваць з радасьцю сэрца, а вы будзеце крычаць з болем сэрца, будзеце галасіць з прыгнечаным духам.
15 І вы пакінеце імя вашае выбранцам Маім на праклён, [які кажа]: “Няхай заб’е цябе Госпад ГОСПАД”, а слугі Мае будуць названыя іншым імем,
16 якім хто будзе дабраслаўляць на зямлі, будзе дабраслаўлёны Богам верным, а хто будзе прысягаць на зямлі, будзе прысягаць Богам верным, бо ўціскі даўнейшыя забудуцца і будуць закрытыя перад вачыма Маімі».
17 Бо вось, Я ствару новае неба і новую зямлю, і ня будуць узгадваць даўнейшае, і яно ня прыйдзе на сэрца.
18 А вы будзеце цешыцца і весяліцца вечна з таго, што Я ствару, бо вось, Я ствару Ерусалім дзеля вясёласьці, а народ ягоны — дзеля ўцехі.
19 І Я буду радавацца з Ерусаліму, і буду цешыцца з народу Майго, і ня будзе больш чуваць у ім голас плачу і голас нараканьня.
20 І ня будзе з таго часу ў ім малога днямі і старога, які б не дапоўніў дзён сваіх, бо юнак памрэ стогадовым, а стогадовы грэшнік будзе пракляты.
21 І пабудуюць дамы, і будуць жыць [у іх], і пасадзяць вінаграднікі, і будуць есьці плады іхнія.
22 Ня будуць будаваць, каб хто іншы [ў іх] жыў, і ня будуць садзіць, каб хто іншы еў. Бо як дні дрэва [будуць] дні народу Майго, і выбранцы Мае будуць карыстацца зробленым рукамі іхнімі.
23 Ня будуць працаваць надарма, і ня будуць нараджаць [дзяцей] на загубу, бо яны — насеньне, дабраслаўлёнае ГОСПАДАМ, і нашчадкі іхнія разам з імі.
24 І станецца, што перш, чым яны паклічуць, Я адкажу ім, і калі яшчэ будуць гаварыць, Я ўжо выслухаю [іх].
25 Воўк і ягня будуць пасьвіцца разам, і леў, як вол, будзе есьці салому, а зьмей будзе жывіцца парахном [зямлі]. І ня будуць чыніць зла, і ня будуць чыніць загубы на ўсёй гары Маёй сьвятой, кажа ГОСПАД.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга прарока Ісаі, 65 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023