Біблія » Пераклады » Пераклад Антонія Бокуна

Ісаі 29 Ісаі 29 разьдзел

1 Гора [табе], Арыэль, Арыэль, горад, у якім разлажыўся табарам Давід! Дадайце год да году, і ўрачыстасьці няхай скончаць свой кругабег.
2 І Я прыцісну Арыэля, і станецца смутак і стогн, і ён станецца для Мяне як вогнішча Божае.
3 І Я разлажу табар супраць цябе, атачу цябе валам, і пастаўлю супраць цябе вежы.
4 І ты будзеш паніжаны, з зямлі будзеш гаварыць, з пылу будуць гучаць словы твае, і будзе голас твой нібы пішчаньне з зямлі, і словы твае з пылу [будуць] як мармытаньне.
5 І будзе як дробны пыл мноства ворагаў тваіх, і мноства крыўдзіцеляў тваіх — як рассыпаная мякіна. І станецца гэта раптоўна, неспадзявана.
6 І наведае цябе ГОСПАД Магуцьцяў грымотамі, землятрусамі, гукам вялікім, бураю, віхураю і полымем агню зьнішчальнага.
7 І будзе як сон, [як] відзеж начны, мноства ўсіх народаў, якія ваююць супраць Арыэля, і ўсе, якія ваююць супраць яго і супраць цьвярдыні ягонай і якія прыгнятаюць яго.
8 І будзе так, як галодны сьніць, што ён есьць, і будзіцца, і пустая душа ягоная, і як сьніць засьмягшы, што п’е, і будзіцца, і вось, ён змучаны і засьмягшая душа ягоная. Так будзе з мноствам усіх народаў, якія ваююць супраць гары Сыён.
9 Аслупянейце і зьдзівіцеся, заляпіце сабе [вочы] і будзьце сьляпымі, ап’янейце, але не ад віна, хістайцеся, але не ад сікеры.
10 Бо выліў на вас ГОСПАД духа сну, заплюшчыў вочы вашыя, і прарокаў, і галоваў вашых, і відушчых зацемрыў.
11 І будзе для вас кожны відзеж як словы кнігі запячатанай, якую даюць таму, які ўмее чытаць, кажучы: «Чытай яе», а той кажа: «Не магу, бо яна запячатаная».
12 І даюць кнігу гэтую таму, які ня ўмее чытаць, кажучы: «Чытай яе!», а ён кажа: «Я ня ўмею чытаць».
13 І сказаў Госпад: «За тое, што народ гэты набліжаецца да Мяне [толькі] вуснамі сваімі і славіць Мяне губамі сваімі, а сэрца ягонае далёка ад Мяне, і страх іхні перада Мною — [толькі] прыказаньне чалавечае, якое вывучылі яны,
14 таму вось, Я зноў учыню дзіўнае з народам гэтым, робячы цуды і дзівосы. І загіне мудрасьць мудрацоў іхніх, і разумнасьць разумных іхніх зьнікне».
15 Гора тым, якія глыбока хаваюць намеры свае перад ГОСПАДАМ, і ўчынкі іхнія схаваныя ў цемры, і яны кажуць: «Хто бачыць нас і хто ведае пра нас?»
16 [Гэта] падступнасьць вашая! Ці можа ганчар [лічыцца] роўным з глінаю? Ці можа твор сказаць таму, хто зрабіў яго: «Ты не зрабіў мяне»? Ці можа гаршчок сказаць ганчару свайму: «Ты нічога не разумееш»?
17 Хіба ня ў хуткім часе Лібан пераменіцца ў сад, а сад будзе прызнаны за лес?
18 І ў той дзень глухія пачуюць словы кнігі, а вочы сьляпых, [звольненыя] ад туману і цемры, убачаць,
19 і пакорныя павялічаць радасьць сваю ў ГОСПАДЗЕ, а ўбогія зямлі будуць цешыцца ў Сьвятым Ізраіля.
20 Бо зьнік крыўдзіцель, і прыйшоў канец насьмешніку, і зьнішчаныя ўсе, якія ганяліся за ліхоцьцем,
21 якія словамі схілялі чалавека да грэху, якія ў браме ставілі пастку для судзьдзяў і зводзілі падманам праведнага.
22 Дзеля гэтага так кажа ГОСПАД, Які адкупіў Абрагама, да дому Якуба: «Ня будзе цяпер асаромлены Якуб, і не зьбялее цяпер аблічча ягонае,
23 бо калі ён убачыць пасярод сябе дзяцей сваіх, справу рук Маіх, ён будзе сьвяціць імя Маё, і будуць шанаваць Сьвятога Якуба, і будуць баяцца Бога Ізраіля.
24 І тыя, якія блукаюць духам, пазнаюць разуменьне, а тыя, якія наракаюць, навучацца розуму».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга прарока Ісаі, 29 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023