Біблія » Пераклады » Пераклад Антонія Бокуна

Ісаі 40 Ісаі 40 разьдзел

1 Пацяшайце, пацяшайце народ Мой, кажа Бог ваш.
2 Прамаўляйце да сэрца Ерусаліму і клічце да яго, што скончылася ліхая доля ягоная, што прабачанае беззаконьне ягонае, бо ён атрымаў з рукі ГОСПАДА падвойную [кару] за ўсе грахі свае.
3 Голас таго, хто кліча: «У пустыні рыхтуйце шлях ГОСПАДУ, прастуйце ў стэпе сьцежкі Богу нашаму.
4 Кожная даліна няхай падымецца, і кожная гара і ўзгорак няхай будуць паніжаныя; і стануцца дарогі простымі, а няроўныя [шляхі] — гладкімі.
5 І зьявіцца слава ГОСПАДА, і ўбачыць яе кожнае цела, бо вусны ГОСПАДА прамовілі [гэта]».
6 Голас кажа: «Крычы!» А я сказаў: «Што маю крычаць?» Усякае цела — трава, і ўся слава ягоная — як кветка палявая.
7 Высыхае трава, вяне кветка, бо вецер ГОСПАДА падзьмуў на яе. Сапраўды, народ — як трава.
8 Высыхае трава, вяне кветка, але слова Бога нашага трывае на вякі.
9 Узыйдзі на высокую гару, дабравесьнік Сыёну! Узьнімі з [усёй] сілы голас твой, ты, дабравесьнік Ерусаліму! Узьнімі [голас], ня бойся, кажы гарадам Юды: «Вось Бог ваш!»
10 Вось, Госпад ГОСПАД прыходзіць з моцай, рамяно Ягонае мае ўладу. Вось, нагарода Ягоная з Ім разам і плата Ягоная — перад абліччам Ягоным.
11 Як пастыр Ён пасьвіць статак Свой, і зьбірае рамяном Сваім ягнятаў, і носіць іх на грудзях Сваіх, і котных [авечак] гоніць паціху».
12 Хто зьмераў жменяй сваёй воды, і хто неба зьмераў пядзяй сваёй? Хто трацінай меркі памераў пыл зямлі? Хто ўзважыў на вагах горы, а на шалях — узгоркі?
13 Хто ўзважвае Дух ГОСПАДА? І які чалавек Яму даваў параду сваю?
14 З кім Ён раіўся і хто настаўляў Яго, і хто вучыў Яго сьцежцы суду, і вучыў Яго веданьню, і шляху розуму навучаў Яго?
15 Вось, народы — як кропля з вядра, і лічацца як пыл на шалях. Вось, астравы важаць як парушынка.
16 І Лібану ня хопіць на вогнішча, а зьвяроў ягоных ня хопіць на цэласпаленьне.
17 Усе народы перад Ім як нішто, яны ў Яго лічацца за марноту і пустку.
18 Да каго падобным зробіце Бога? Які вобраз надасьцё Яму?
19 Ідала вырабляе разьбяр, і залатар золатам пакрывае яго, і ланцужкі срэбраныя [прымацоўвае] залатар.
20 А хто бедны, бярэ дрэва, якое не гніе, шукае спраўнага майстра, каб зрабіў ідала, які не пахісьнецца.
21 Ці ж вы ня ведаеце? Ці ж вы ня чулі? Ці ж вам не было паведамлена ад пачатку? Ці ж вы не зразумелі падвалінаў зямлі?
22 Ён — Той, Які сядзіць па-над скляпеньнем зямлі, і жыхары ейныя — як саранча [перад Ім]; Ён расьцягнуў, як ветразь, нябёсы, і напяў іх як намёт, каб жыць у ім.
23 Ён — Той, Які магнатаў робіць нічым, судзьдзяў зямлі робіць марнасьцю.
24 Ледзь яны пасаджаныя, ледзь пасеяны, ледзь камель іхні закараніўся ў зямлі, як Ён дыхнуў на іх, і яны павысыхалі, і віхор панёс іх як салому.
25 «І да каго вы прыраўняеце Мяне, каб быў Я роўны [яму]?» — кажа Сьвяты.
26 Узьніміце вочы вашыя ўгору і паглядзіце. Хто стварыў [зоркі гэтыя]? Той, Які выводзіць шыхтамі войска іхняе і кліча ўсіх іх на імя. Дзеля такой вялікасьці моцы і велізарнай магутнасьці аніводная ня згубіцца.
27 Чаму ты кажаш, Якуб, і гаворыш, Ізраіль: «Схаваны шлях мой перад ГОСПАДАМ, і суд мой адыйшоў ад Бога майго»?
28 Ці ты ня ведаеш? Або ты ня чуў? Бог Вечны, ГОСПАД, Які стварыў канцы зямлі, Ён ня слабне і не стамляецца, і недасьледная мудрасьць Ягоная!
29 Ён дае змучанаму сілу, а зьнямогламу павялічвае моц.
30 Юнакі слабнуць і стамляюцца, і хлопцы спатыкаюцца і падаюць,
31 а тыя, якія спадзяюцца на ГОСПАДА, аднаўляюць сілы, узьнімаюць крылы, як у арла, будуць бегчы, і ня стомяцца, і будуць хадзіць, і не саслабеюць.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга прарока Ісаі, 40 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023