Біблія » Пераклады » Пераклад Антонія Бокуна

Ісаі 36 Ісаі 36 разьдзел

1 І сталася ў чатырнаццатым годзе валадара Эзэкіі, пайшоў Санхерыў, валадар Асірыі, на ўсе ўмацаваныя гарады Юды і здабыў іх.
2 І паслаў валадар Асірыі з Ляхішу Рабсака з войскам вялікім у Ерусалім да валадара Эзэкіі. І стаў [Рабсак] пры канале верхняй сажалкі, на дарозе Поля Валюшніка.
3 І выйшлі да яго Эліякім, сын Хількіі, які [быў] загадчык палацу, і Шэўна, пісар, і Ёах, сын Асафа, канцлер.
4 І сказаў ім Рабсак: «Скажыце Эзэкіі: “Гэта кажа валадар вялікі, валадар Асірыі. Што гэта за надзея, на якую ты спадзяешся?
5 Няўжо ты думаеш, што словы вуснаў [заменяць] раду і сілу для вайны? На каго ты спадзяешся цяпер, што збунтаваўся супраць мяне?
6 Вось, ты спадзяешся на Эгіпет, на гэтую трысьціну паламаную, якая, калі хто на яе абапрэцца, убіваецца ў далонь і прабівае яе. Такі фараон, валадар Эгіпту, для ўсіх, якія на яго спадзяюцца.
7 А калі ты скажаш мне: “На ГОСПАДА, Бога нашага, мы спадзяемся”, дык ці ж Ён ня той, якога вышыні і ахвярнікі пазносіў Эзэкія і сказаў Юдзе і Ерусаліму: “Перад гэтым [толькі] ахвярнікам будзеце пакланяцца”?
8 А цяпер заключы дамову з гаспадаром маім, валадаром Асірыі, і я дам табе дзьве тысячы коней, калі зможаш знайсьці для іх вершнікаў.
9 Як ты прагоніш хоць аднаго з найменшых слугаў гаспадара майго? А ты спадзяваўся на Эгіпет, што атрымаеш калясьніцы і коней!
10 І цяпер, ці ж не бяз [волі] ГОСПАДА я прыйшоў у зямлю гэтую, каб зьнішчыць яе. ГОСПАД сказаў мне: “Выйдзі супраць зямлі гэтай і зьнішчы яе”».
11 І сказалі Эліякім, Шэўна і Ёах Рабсаку: «Гавары да слугаў тваіх па-арамейску, бо мы разумеем, не гавары да нас па-юдэйску ў вушы людзей, якія на мурах».
12 І сказаў Рабсак: «Ці ж да гаспадара твайго і да цябе паслаў мяне гаспадар мой, каб прамовіць словы гэтыя? Ці ж не да людзей, якія сядзяць на мурах і будуць есьці лайно сваё і піць ваду ног сваіх з вамі?»
13 І стаў Рабсак, і закрычаў моцным голасам па-юдэйску, і сказаў: «Слухайце словы валадара вялікага, валадара Асірыі!
14 Гэта кажа валадар. Няхай не падманвае вас Эзэкія, бо ён ня можа выратаваць вас.
15 Няхай не абнадзейвае вас Эзэкія ГОСПАДАМ, кажучы: “Ратуючы, выратуе нас ГОСПАД, і горад гэты ня будзе аддадзены ў рукі валадара Асірыі”.
16 Ня слухайце Эзэкіі, бо так кажа валадар Асірыі: “Заключыце са мною мір і выйдзіце да мяне, і будзеце есьці кожны [плады] вінаградніку свайго і дрэва фігавага свайго, і будзеце піць ваду, кожны са студні сваёй,
17 аж пакуль я не прыйду і не вазьму вас у зямлю, [падобную] да зямлі вашай, зямлю збожжа і маладога віна, зямлю хлеба і вінаграднікаў”.
18 Толькі няхай вас не падманвае Эзэкія, кажучы: “ГОСПАД выратуе нас”. Ці ж богі народаў выратавалі кожны зямлю сваю ад рукі валадара Асірыі?
19 Дзе богі Хамату і Арпаду? Дзе богі Сэфарваіму? Ці выратавалі яны Самарыю ад рукі маёй?
20 Хто з усіх багоў гэтых земляў уратаваў зямлю сваю ад рукі маёй? Дык ці ж уратуе ГОСПАД Ерусалім ад рукі маёй?”»
21 І яны маўчалі, і не адказалі яму ані слова, бо так загадаў ім валадар і сказаў: «Не адказвайце яму!»
22 І прыйшлі Эліякім, сын Хількіі, які быў [загадчык] палацу, і Шэўна, пісар, і Ёах, сын Асафа, канцлер, да Эзэкіі, разьдзёршы шаты, і пераказалі яму словы Рабсака.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга прарока Ісаі, 36 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023