Біблія » Пераклады » Пераклад Антонія Бокуна

Ісаі 59 Ісаі 59 разьдзел

1 Вось, рука ГОСПАДА не скарацілася, каб не магла дапамагчы, і вуха Ягонае ня стала цяжкім, каб ня чуць.
2 Бо беззаконьні вашыя аддзялілі вас ад Бога вашага, і грахі вашыя схавалі аблічча Ягонае ад вас, каб Ён [вас] ня чуў.
3 Бо далоні вашыя заплямленыя крывёю, а пальцы вашыя — беззаконьнем, вусны вашыя прамаўляюць хлусьню, язык ваш мармыча ліхое.
4 Няма [нікога], хто кліча пра праведнасьць, няма [нікога], хто судзіць справядліва. Спадзяюцца на пустое і гавораць марнае, зачынаюць гора і нараджаюць злачынства.
5 Выседжваюць яйкі гадзючыя і ткуць павуціньне; хто зьесьць яйкі іхнія, памірае, а з разьбітага [яйка] вылазіць гадзіна.
6 Павуціньне іхняе не прыдасцца на адзеньне, і нельга апрануцца ў вырабы іхнія; учынкі іхнія — учынкі злачынныя, і справа гвалту ў далонях іхніх.
7 Ногі іхнія бягуць да ліхоты і сьпяшаюцца, каб праліць кроў нявінную; думкі іхнія — думкі злачынныя, спусташэньне і загуба на дарогах іхніх.
8 Ня ведаюць яны шляху супакою, няма суду на сьцежках іхніх, яны скрывілі шляхі свае; кожны, хто ходзіць па іх, ня ведае супакою.
9 Дзеля гэтага суд аддаліўся ад нас, і не даходзіць да нас праведнасьць; чакаем сьвятла, а вось, цемра, і [чакаем] яснасьці, а ходзім у змроку.
10 Як сьляпыя, мацаем сьцены, і як без вачэй, навобмацак ходзім, спатыкаемся апоўдні, быццам у поцемках, поўныя сілаў, а быццам мёртвыя.
11 Усе мы рыкаем, быццам мядзьведзі, і як галубы стогнем. Чакаем суду, а яго няма, і збаўленьня, але яно далёка ад нас.
12 Бо памножыліся правіны нашыя перад Табою, і грахі нашыя сьведчаць супраць нас; бо правіны нашыя з намі, і беззаконьні нашыя мы ведаем.
13 Мы бунтуемся і хлусім супраць ГОСПАДА, і адступіліся ад Бога нашага; гаворым пра прыгнёт і здраду, падманваем і нараджаем у сэрцы словы фальшывыя,
14 І адступіўся назад суд, і праведнасьць стаіць здалёк, спатыкнулася праўда на плошчы, і справядлівасьць ня можа ўвайсьці.
15 І сталася, што праўда зьнікла, і той, хто ўцякае ад ліхоты, абрабаваны. І ўбачыў [гэта] ГОСПАД, і ліхім [было] ў вачах Ягоных, што няма суду.
16 І бачыў Ён, што няма чалавека, і дзівіўся, што няма заступніка. І рамяно Ягонае дапамагло Яму, і праведнасьць Ягоная падтрымала Яго.
17 Ён апрануў праведнасьць, як панцыр, і шалом збаўленьня на галаве Ягонай, Ён апрануў шаты помсты, і руплівасьць, быццам плашч, накінуў.
18 Паводле ўчынкаў Ён адплоціць супраціўнікам Сваім гневам, ворагам Сваім — помстай, і адплоціць помстай астравам.
19 І будуць баяцца імя ГОСПАДА на захадзе, і славы Ягонай — на ўсходзе сонца, бо Ён прыйдзе, як рака бурлівая, якую вецер ГОСПАДА гоніць.
20 І прыйдзе Адкупіцель на Сыён і да [сыноў] Якуба, якія адвярнуліся ад злачынстваў [сваіх], кажа ГОСПАД.
21 І вось запавет Мой з імі, кажа ГОСПАД: Дух Мой, які на табе, і словы Мае, якія Я ўклаў у вусны твае, не адыйдуць ад вуснаў тваіх і ад вуснаў насеньня твайго, і ад вуснаў насеньня насеньня твайго, кажа ГОСПАД, ад цяпер і на вякі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга прарока Ісаі, 59 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023