Біблія » Пераклады » Пераклад Антонія Бокуна

Ісаі 46 Ісаі 46 разьдзел

1 Упаў Бэль, сагнуўся Нэво. Сталіся ідалы іхнія для зьвяроў і для скаціны. Тое, што насілі вы [на руках], палажылі як цяжар на змучаную [жывёлу].
2 Разам яны пазгіналіся і паваліліся, не змаглі вытрымаць цяжару, і душы іхнія пайшлі ў палон.
3 Паслухайце Мяне, дом Якуба і ўся рэшта дому Ізраіля, якіх Я ўзяў ад улоньня [маці], насіў [на руках] ад нараджэньня.
4 І да вашай старасьці Я — Той Самы, і да сівізны Я буду трымаць вас; Я зрабіў [вас], і Я буду насіць [вас], буду трымаць і збаўляць.
5 Да каго падобным і роўным вы зробіце Мяне? І з кім Мяне параўнаеце і да каго ўпадобніце?
6 Тыя, што выцягваюць золата з капшука і срэбра важаць на вагах, наймаюць залатара, каб зрабіў бога, і кленчаць перад ім, і пакланяюцца яму,
7 падымаюць яго на плечы і носяць, і стаўляюць яго на месцы ягоным; і ён стаіць, і з месца свайго ня рухаецца, а калі хто кліча яго, не адказвае і ад бяды не ратуе.
8 Памятайце пра гэта і будзьце дарослымі! Вазьміце гэта да сэрца, адступнікі!
9 Памятайце пра [падзеі] мінулыя, адвечныя, бо Я — Бог, і няма іншага Бога, няма падобнага да Мяне.
10 Я прадказваю ад пачатку тое, што мае быць, і наперад — тое, што [яшчэ] ня сталася. Я кажу: «Рада Мая зьдзейсьніцца, і Я выканаю ўсю волю Маю».
11 Я клічу з усходу птушку драпежную, і з зямлі далёкай — чалавека, [які выканае] раду Маю. Што Я прамовіў, тое і споўню, і што вырашыў, тое і зраблю.
12 Слухайце Мяне, цьвёрдыя сэрцам, далёкія ад праведнасьці!
13 Я наблізіў праведнасьць Маю, яна ўжо недалёка, і збаўленьне Маё не замарудзіць, і Я дам на Сыёне збаўленьне, і Ізраілю — славу Маю.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга прарока Ісаі, 46 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023