Біблія » Пераклады » Пераклад Антонія Бокуна

Ісаі 49 Ісаі 49 разьдзел

1 Паслухайце Мяне, астравы, зважайце, далёкія народы! ГОСПАД паклікаў Мяне з улоньня [маці], ад чэрава маці Маёй Ён узгадаў імя Маё.
2 І зрабіў Ён вусны Мае, як меч востры; у ценю рукі Сваёй схаваў Мяне. І зрабіў Ён з Мяне стралу вострую, і схаваў Мяне ў сагайдаку Сваім.
3 І сказаў Мне: «Ты — слуга Мой, Ізраіль, у Табе Я праслаўлюся».
4 А Я сказаў: «Надарма Я працаваў, на пустое і марнае выдаткаваў Я сілу Маю. Аднак суд Мой у ГОСПАДА, і ўзнагарода Мая — у Бога Майго».
5 І цяпер кажа ГОСПАД, Які ўкшталтаваў Мяне ад улоньня [маці] на слугу Сабе, каб навярнуць Якуба да Сябе і каб Ізраіль для Яго быў сабраны. І Я праслаўлены ў вачах ГОСПАДА, і Бог Мой стаўся моцай Маёй.
6 І Ён сказаў: «Замала таго, каб Ты быў для Мяне слугою, каб аднавіць калены Якуба і каб вярнуць выратаваных Ізраіля, але Я пастаўлю Цябе Сьвятлом для народаў, каб быў Ты збаўленьнем Маім аж да краю зямлі».
7 Гэта кажа ГОСПАД, Адкупіцель Ізраіля, Сьвяты ягоны, да пагарджанай душы, да Таго, Якім брыдзяцца народы, да Слугі тых, што пануюць: «Валадары ўбачаць Цябе, і паўстануць князі і паклоняцца дзеля ГОСПАДА, бо Ён верны, і [дзеля] Сьвятога Ізраіля, Які выбраў Цябе».
8 Гэта кажа ГОСПАД: «У час ласкі Я адказаў Табе, і ў дзень збаўленьня Я дапамог Табе, і Я захаваю Цябе, і пастаўлю Цябе запаветам для народу, каб аднавіць зямлю, каб разьдзяліць спадчыну спустошаную,
9 каб сказаць вязьням: “Выходзьце!”, а тым, якія ў цемры: “Зьявіцеся!” Яны будуць пасьвіцца на ўсіх дарогах, на ўсіх лысых узгорках будзе паша іхняя.
10 Ня будуць яны галадаць і ня будуць смагнуць, і ня ўдарыць іх сьпёка і сонца, бо Той, Які шкадуе іх, будзе весьці іх, і да крыніцаў водных павядзе іх.
11 Я зраблю ўсе горы Мае дарогаю, і сьцежкі Мае будуць узьнятыя.
12 Вось, тыя прыходзяць здалёк, а вось гэтыя — з поўначы і з захаду, а іншыя — з зямлі Сінім.
13 Радуйцеся, нябёсы, і весяліся, зямля! Гукаючы, гукайце, горы, ад радасьці! Бо пацешыў ГОСПАД народ Свой і зьлітаваўся над убогім Сваім.
14 А Сыён казаў: «Пакінуў мяне ГОСПАД, Госпад мой забыўся пра мяне!»
15 Ці ж забудзецца жанчына пра немаўля сваё, каб не пашкадавала сына ўлоньня свайго? Але [нават] калі яна забудзецца, Я не забудуся пра цябе!
16 Вось, Я запісаў цябе на далонях Маіх, муры твае перада Мною заўсёды.
17 Сьпяшаюцца тыя, якія будуюць цябе, а тыя, якія руйнавалі цябе і спусташалі цябе, адыйдуць ад цябе.
18 Падымі навокал вочы свае і паглядзі! Усе яны сабраліся і ідуць да цябе. Як жывы Я, кажа ГОСПАД, усіх іх ты ўзложыш [на сябе], як аздобу, і будзеш падвязаная імі як нявеста.
19 Бо руіны твае і спусташэньне тваё, і зямля зьнішчэньня твайго цяпер будзе цеснай для жыхароў, і адыйдуць далёка тыя, якія руйнавалі цябе.
20 Зноў скажуць у вушы твае сыны сіроцтва твайго: «Цеснае для мяне месца гэта, дай мне прастор, каб я мог пасяліцца».
21 І ты скажаш у сэрцы сваім: «Хто нарадзіў мне іх? Бо я была бязьдзетная і няплодная, выгнаная і заведзеная ў няволю. Дык хто выгадаваў іх? Вось, я засталася самотнай, а яны адкуль узяліся?»
22 Гэта кажа Госпад ГОСПАД: «Вось, Я падыму руку Маю да народаў, і да плямёнаў уздыму сьцяг Мой, і панясуць сыноў тваіх на руках, а дочкі твае будуць несены на плячах.
23 І будуць валадары выхавацелямі тваімі, а валадаркі іхнія — карміцелькамі тваімі. Абліччам да зямлі будуць пакланяцца табе і будуць лізаць пыл ног тваіх, і ты даведаешся, што Я — ГОСПАД, і ня будуць асаромлены тыя, якія спадзяюцца на Мяне».
24 Ці ж можна забраць у волата здабычу, або ці палоненыя пераможцам могуць быць выратаваныя?
25 Бо гэта кажа ГОСПАД: «Нават палоненыя волатам будуць забраныя [ў яго], і здабыча прыгнятальніка будзе выратаваная. Я буду змагацца з супраціўнікам тваім, і сыноў тваіх Я збаўлю.
26 І Я прымушу крыўдзіцеляў тваіх есьці цела сваё, і ўласнай крывёю яны нап’юцца, быццам маладым віном. І даведаецца кожнае цела, што Я — ГОСПАД, Збаўца твой і Адкупіцель твой, Моцны Якуба».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга прарока Ісаі, 49 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023