Біблія » Пераклады » Пераклад Антонія Бокуна

Ісаі 53 Ісаі 53 разьдзел

1 Хто паверыў вестцы нашай? І каму аб’явілася рамяно ГОСПАДА?
2 Бо Ён вырас, быццам парастак перад абліччам Ягоным, і нібы корань з зямлі сухой. Не было ў Ім ані прывабнасьці, ані прыгажосьці, і мы глядзелі на Яго, і не было выгляду ў Ім, каб нам спадабаўся.
3 Ён быў пагарджаны і адкінуты людзьмі, муж пакутаў, які паспытаў хваробы, і перад Ім закрывалі абліччы [свае]. Ён быў пагарджаны, і мы мелі Яго за нішто.
4 Але Ён узяў на Сябе немачы нашыя і панёс хваробы нашыя, а мы ўважалі Яго за асуджанага, за пакаранага Богам і прыніжанага.
5 Але Ён быў прабіты за грахі нашыя, быў катаваны за беззаконьні нашыя; пакараньне [дзеля] міру нашага [было] на Ім, і ранамі Ягонымі мы аздароўлены.
6 Усе мы як авечкі заблукалі, кожны з нас зьвярнуў на шлях свой, і ГОСПАД узлажыў на Яго беззаконьне ўсіх нас.
7 Мучылі Яго, і зьдзекваліся з Яго, і Ён не адкрыў вуснаў Сваіх. Як ягня, ведзенае на зарэз, і як авечка нямая перад абліччам тых, якія стрыгуць яе, так Ён не адкрыў вуснаў Сваіх.
8 Пасьля вязьніцы і суду Ён быў забраны, і пра паходжаньне Ягонае хто раскажа? Бо Ён быў вырваны з зямлі жывых, за правіны народу Майго быў пакараны.
9 І дадзена Яму магіла сярод бязбожнікаў, але ў багатага пахавалі Яго, хоць [нікому] не зрабіў Ён крыўды і не было падману ў вуснах Ягоных.
10 А ГОСПАД зажадаў скрышыць Яго і аддаць на пакуты. Калі Ён аддасьць душу Сваю ў ахвяру за грэх, Ён убачыць насеньне [Сваё] і будзе мець доўгія дні, і жаданьне ГОСПАДА будзе рукою Ягонай споўнена.
11 Пасьля пакутаў душы Сваёй Ён убачыць [сьвятло] і насыціцца. Праведны Слуга Мой праз пазнаньне Сваё апраўдае многіх, і беззаконьні іхнія Ён панясе.
12 Дзеля гэтага Я дам Яму [частку] сярод многіх, і з магутнымі Ён будзе дзяліць здабычу за тое, што Ён аддаў душу Сваю на сьмерць, і ў злачынцы быў залічаны. І Ён панёс на Сабе грахі многіх, і заступіўся за злачынцаў.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга прарока Ісаі, 53 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023