Біблія » Пераклады » Пераклад Антонія Бокуна

Ісаі 35 Ісаі 35 разьдзел

1 Няхай весяліцца пустыня і [зямля] сухая, няхай радуецца стэп і няхай красуе як нарцыс!
2 Няхай, квітнеючы, заквітнее і няхай радуецца з ускліканьнямі і сьпяваньнем, бо слава Лібану дадзена ёй, прыгажосьць Кармэлю і Шарону. Яны ўбачаць славу ГОСПАДА, веліч Бога нашага.
3 Умацуйце рукі зьнясіленыя і калені самлелыя зрабіце моцнымі.
4 Кажыце палахлівым сэрцам: «Будзьце моцнымі, ня бойцеся! Вось Бог ваш, помста надыходзіць, адплата Божая. Ён Сам прыйдзе і збавіць вас».
5 Тады расплюшчацца вочы сьляпых, і вушы глухіх адкрыюцца.
6 Тады кульгавы будзе скакаць як алень, і засьпявае язык нямога, бо пацякуць воды ў пустыні і струмяні ў стэпе.
7 І станецца выпаленая [зямля] возерам, а засьмягшая [зямля] — крыніцай вады, і ў логавішчах цмокаў, дзе месца супачынку іхняга, вырастуць трысьнёг і чарот.
8 І будзе там гасьцінец і шлях, і назавуць яго шляхам сьвятым, і ня будзе хадзіць па ім нячысты, і будзе ён толькі для іх, і неразумны не заблукае, калі пойдзе шляхам [гэтым].
9 Ня будзе там ільва, і драпежны зьвер ня ўзыйдзе на яго і ня знойдзецца там, але будуць хадзіць там адкупленыя.
10 І вернуцца выбаўленыя ГОСПАДАМ, і ўзыйдуць на Сыён са сьпяваньнем, і радасьць вечная будзе на галовах іхніх. Вясёласьць і радасьць будуць з імі, смутак і стагнаньне ўцякуць [ад іх].
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга прарока Ісаі, 35 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023