Біблія » Пераклады » Пераклад Антонія Бокуна

Ісаі 42 Ісаі 42 разьдзел

1 Вось, Слуга Мой, Якога Я трымаю, выбраны Мой, у Якім мае ўпадабаньне душа Мая. Я ўсклаў Дух Мой на Яго, і Ён дасьць суд народам.
2 Ён ня будзе крычаць і ня ўзьніме [голас], і ня будзе чуцён голас Ягоны на вуліцах.
3 Трысьціны надламанай ня зломіць, і лёну, які дыміцца, не патушыць. Ён прынясе суд у праўдзе.
4 Ён ня стоміцца і не зьняможацца, аж пакуль не ўстановіць на зямлі суд, і на Закон Ягоны чакаюць астравы.
5 Гэта кажа Бог, ГОСПАД, Які стварыў неба і расьцягнуў яго, Які ўмацаваў зямлю і тое, што вырастае з яе, Які даў дыханьне людзям на ёй і духа [ўсім] тым, якія ходзяць па ёй.
6 Я, ГОСПАД, паклікаў Цябе ў праведнасьці, і Я буду трымаць Цябе за руку Тваю і ахоўваць Цябе, і Я пастаўлю Цябе як запавет для народу, як сьвятло для паганаў,
7 каб адкрыць вочы сьляпым, і вывесьці з няволі вязьняў і з вязьніцы тых, якія сядзяць у цемры.
8 Я — ГОСПАД, гэта імя Маё; і славы Маёй Я не аддам іншаму, і хвалы Маёй — ідалам.
9 Вось, [прадказаныя] раней [падзеі] прыйшлі, і новыя Я паведамлю; перш, чым яны зьдзейсьняцца, Я дам пачуць вам [пра іх].
10 Сьпявайце ГОСПАДУ сьпеў новы, хвалу Ягоную — з канцоў зямлі. Няхай шуміць мора і ўсё, што ў ім, астравы і жыхары іхнія.
11 Няхай радуецца пустыня і гарады ейныя, паселішчы, у якіх жыве Кедар! Няхай гамоняць радасна жыхары Сэлі, з вяршыняў гор няхай усклікаюць.
12 Няхай аддаюць славу ГОСПАДУ і хвалу Ягоную абвяшчаюць на астравах!
13 ГОСПАД прыходзіць, як волат і як ваяр, выклікае на бой, узьнімае кліч, гукае пераможна над ворагамі Сваімі.
14 Я маўчаў ад вякоў, стрымліваўся, цярпеў; [цяпер] буду крычаць, як тая, якая нараджае, буду стагнаць і глытаць паветра.
15 Спустошу горы і ўзгоркі, і высушу ўсю зеляніну іхнюю, і перамяню рэкі ў астравы, а азёры высушу.
16 І Я павяду сьляпых па шляху, якога ня ведаюць, і па сьцежках, якіх ня ведаюць, дам ім хадзіць. І перамяню цемру перад абліччам іхнім у сьвятло, і крывыя шляхі выпрастую. Гэтыя ўсе словы Я споўню і не пакіну іх.
17 Павернуцца назад і засаромяцца сорамам тыя, якія спадзяваліся на ідалаў, якія казалі балванам: «Вы — богі нашыя».
18 Глухія, слухайце, і вы, сьляпыя, углядайцеся, каб бачыць!
19 Хто так сьляпы, як слуга Мой, і так глухі, як пасланец Мой, якога Я пасылаю? Хто сьляпы, як дасканалы [Мой]? І хто сьляпы, як слуга ГОСПАДА?
20 Ты бачыў шмат, але не зважаў; меў адкрытыя вушы, але ня чуў.
21 ГОСПАД захацеў дзеля праведнасьці Сваёй узьвялічыць Закон і праславіць [яго].
22 Але гэты народ абрабаваны і спустошаны, усе яны ў пячорах зьвязаныя і ў вязьніцах замкнёныя; сталіся здабычай, і няма каму выратаваць; яны спустошаныя, і няма каму сказаць: «Аддай!»
23 Хто з вас паслухае гэта, зьверне на гэта ўвагу і пачуе пра будучыню?
24 Хто аддаў Якуба на рабаваньне, і Ізраіль — на спусташэньне? Хіба ня ГОСПАД, супраць Якога мы грашылі, і не хацелі хадзіць шляхамі Ягонымі, і ня слухалі Закону Ягонага?
25 І Ён выліў на яго жар гневу Свайго і жахі вайны; і палала вакол яго, але ён не пазнаў [гэтага]; і паліла яго, але ён ня браў [гэтага] да сэрца.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга прарока Ісаі, 42 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023