Біблія » Пераклады » Пераклад Антонія Бокуна

Ісаі 41 Ісаі 41 разьдзел

1 Маўчыце перада Мною, астравы! Няхай народы адновяць сілы свае. Няхай наблізяцца і прамовяць: «Станем разам на суд!»
2 Хто абудзіў праведніка з усходу, паклікаў ногі ягоныя [ісьці], перад абліччам ягоным перамог народы і падпарадкаваў валадароў? Меч ягоны сьцірае іх у парахно, лук ягоны разносіць іх, як салому.
3 Ён гоніць іх, ідзе спакойна дарогаю, па якой ніколі не хадзілі ногі ягоныя.
4 Хто ўчыніў і зьдзейсьніў гэта? Той, Які кліча пакаленьні здаўна. Я, ГОСПАД, — першы, і сярод апошніх Я такі Самы.
5 Убачылі астравы і спалохаліся, і канцы зямлі затрымцелі. Яны набліжаюцца і прыходзяць.
6 Кожны дапамагае бліжняму свайму і кажа брату свайму: «Будзь моцны!»
7 І ўмацоўвае майстар залатара, той, які б’е молатам, — таго, які куе на кавадле, і кажа пра злучэньне: «Добрае яно», і ўмацоўвае цьвікамі, каб не хісталася.
8 А ты, Ізраіль, слуга Мой, Якуб, якога Я выбраў, насеньне Абрагама, сябра Майго,
9 ты, якога Я ўзяў з канцоў зямлі, і з ускраін ейных паклікаў цябе, і сказаў табе: «Ты — слуга Мой, Я выбраў цябе і не адкінуў цябе».
10 Ня бойся, бо Я з табою, не азірайся [па баках], бо Я — Бог твой! Я ўмацую цябе і дапамагу табе, і падтрымаю цябе правіцай праведнасьці Маёй.
11 Вось, асаромяцца і будуць у ганьбе ўсе, якія злуюцца на цябе, і стануцца як нішто, і загінуць усе, якія спрачаюцца з табою.
12 Будзеш шукаць іх і ня знойдзеш тых, якія варагуюць з табою, і стануцца як нішто і загінуць тыя, якія ваююць з табою.
13 Бо Я — ГОСПАД, Бог твой, Які трымае цябе за правую руку тваю і кажа табе: «Ня бойся, Я дапамагаю табе.
14 Ня бойся, чарвяк Якуб, жменька Ізраіль. Я дапамагаю табе, кажа ГОСПАД, і Адкупіцель твой — Сьвяты Ізраіля».
15 Вось, Я перамяню цябе ў малатарню новую, вострую, зубчастую, і будзеш ты малаціць і трушчыць горы, і ўзгоркі сатрэш у мякіну.
16 Ты перасееш іх, і вецер разгоніць іх, і віхура разьвее іх, а ты будзеш радавацца ў ГОСПАДЗЕ і будзеш хваліцца Сьвятым Ізраіля.
17 Бедныя і ўбогія шукаюць вады, але няма яе, і язык іхні высах ад смагі. Я, ГОСПАД, выслухаю іх, і [Я], Бог Ізраіля, не пакіну іх!
18 Я адкрыю на голых скалах рэкі і пасярод далінаў — жаролы [вады]; і перамяню пустыню ў возера водаў, а сухую зямлю — у крыніцы водныя.
19 І Я пасаджу ў пустыні кедры, акацыі, мірты і дрэвы аліўныя, і пастаўлю ў стэпе разам кіпарыс, явар і бук,
20 каб убачылі і даведаліся, разгледзелі і зразумелі, што рука ГОСПАДА зрабіла ўсё гэта, і Сьвяты Ізраіля стварыў гэта.
21 Прадстаўце судовую справу вашую, кажа ГОСПАД. Прывядзіце доказы свае, кажа Валадар Якуба.
22 Няхай наблізяцца і паведамяць Нам, што будзе. Распавядзіце пра мінуўшчыну, якая яна была, і Мы возьмем [гэта] да сэрца Нашага, і пазнаем канец ейны, альбо [распавядзіце] пра будучыню, каб Мы пачулі.
23 Распавядзіце, што мае стацца ў будучыні, і Мы зразумеем, ці вы — богі. Зрабіце добрае або зрабіце ліхое, каб Мы зьдзівіліся і ўбачылі [ўсе] разам.
24 Вось, вы — нішто, і праца вашая — нішто; гідота — той, хто вас выбірае.
25 Я пабудзіў [мужа] з поўначы, і ён прыйшоў з усходу сонца, і ён будзе клікаць імя Маё і будзе таптаць магнатаў як балота, як ганчар месіць гліну.
26 Хто паведаміў [гэта] ад пачатку, каб мы ведалі, і [паведаміў] раней, каб мы сказалі: «Слушна»? Але ніхто не паведаміў, ніхто не абвяшчаў, ніхто ня чуў словаў вашых.
27 Я ад пачатку [сказаў] Сыёну: «Вось яно», і для Ерусаліму даў дабравесьніка.
28 І Я глядзеў, і не было нікога, нікога, здатнага да рады, каб спытаць іх і атрымаць слова.
29 Вось, усе яны — падман, і ўчынкі іхнія — марнасьць, і ідалы іхнія — вецер і пустэча.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга прарока Ісаі, 41 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023