1 І сталася ў дні Ахаза, сына Ётама, сына Узіі, валадара Юды, пайшоў Рэцын, валадар Сірыі, і Пэках, сын Рэмаліі, валадар Ізраілю, ваяваць супраць Ерусаліму, але не маглі здабыць яго.
2 І паведамілі дому Давіда, кажучы: «Сірыя стала [табарам] у Эфраіме!» І задрыжэла сэрца [валадара] і сэрца народу ягонага, як хістаюцца дрэвы ў лесе ад ветру.
3 І сказаў ГОСПАД Ісаі: «Выйдзі насустрач Ахазу, ты і Шэар-Яшуб, сын твой, на канец каналу верхняй сажалкі, на дарогу Поля Валюшніка,
4 і скажаш яму: “Сьцеражыся і будзь у супакоі, ня бойся, і няхай сэрца тваё ня слабне з прычыны гэтых двух рэштак галавешак, якія дымяць, перад полымем гневу Рэцына, і Сірыі, і сына Рэмаліі,
5 бо вырашылі [ўчыніць] супраць цябе ліха Сірыя, Эфраім і сын Рэмаліі, кажучы:
6 “Пойдзем на Юду, напалохаем яго, і здабудзем яго для сябе, і паставім над ім валадаром сына Табээля!”
7 Гэта кажа Госпад ГОСПАД: Ня станецца [гэтага], і нічога ня будзе!
8 Бо галава Сірыі — Дамаск, а галава Дамаску — Рэцын. Яшчэ шэсьцьдзясят пяць гадоў, і будзе Эфраім зламаны, і ня [будзе] народам.
9 А галава Эфраіма — Самарыя, і галава Самарыі — сын Рэмаліі. Калі не паверыце, не ўтрымаецеся”».
10 І зноў прамовіў ГОСПАД да Ахаза, кажучы:
11 «Прасі сабе знак у ГОСПАДА, Бога твайго, ці ў глыбіні адхлані, ці высока ўгары».
12 І сказаў Ахаз: «Ня буду прасіць і ня буду спакушаць ГОСПАДА».
13 І сказаў [Ісая]: «Слухайце, дом Давіда! Ці ж мала вам быць цяжарам для людзей, што вы таксама абцяжарваеце Бога майго?
14 Дзеля гэтага Госпад Сам дасьць вам знак. Вось, Дзева зачне і народзіць Сына, і назаве імя Ягонае Іммануэль.
15 Масла і мёд Ён будзе есьці, пакуль не навучыцца адкідаць зло і выбіраць дабро.
16 Бо перш, чым хлопец навучыцца адкідаць зло і выбіраць дабро, будзе пакінутая зямля, якая перад абліччам двух валадароў, якіх ты баішся.
17 Прывядзе ГОСПАД на цябе, і на народ твой, і на дом бацькі твайго дні, якіх не было ад дзён, калі адлучыўся Эфраім ад Юды, [прывядзе] валадара Асірыйскага.
18 І станецца ў той дзень, засьвішча ГОСПАД да мухі, якая на канцы рэкаў Эгіпту, і да пчалы ў зямлі Асірыі.
19 І яны прыляцяць, і абсядуць усе ўзбоччы яроў і шчыліны скалаў, усе цярніны і ўсе хмызьнякі.
20 У той дзень абголіць Госпад лязом, нанятым за ракою, валадаром Асірыйскім, галаву і валасы на нагах, і таксама бараду абрэжа.
21 І станецца ў той дзень, што кожны будзе гадаваць карову і дзьве авечкі,
22 і станецца дзеля вялікага ўдою малака будзе есьці масла, бо масла і мёд будзе есьці кожны, хто застанецца ў зямлі гэтай.
23 І станецца ў той дзень, што ўсякае месца, дзе была тысяча вінаградных лозаў, вартых тысячы [сыкляў] срэбра, стане цернем і асотам.
24 Са стрэламі і лукамі будуць хадзіць там, бо ўся зямля стане цернем і асотам.
25 А на ўсе горы, якія абрабляліся матыкаю, ніхто ня пойдзе туды, баючыся церняў і асоту; і стануцца яны выганам для валоў і на таптаньне для ягнятаў».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга прарока Ісаі, 7 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023