Біблія » Пераклады » Пераклад Антонія Бокуна

Ісаі 22 Ісаі 22 разьдзел

1 Цяжар адносна даліны Відзежу. Што з табой, што ты ўвесь выйшаў на дахі?
2 Поўны галасу горад шумлівы, горад вясёлы. Забітыя твае ня ўпалі ад мяча і не пагінулі на вайне.
3 Правадыры твае ўсе разам уцяклі, зьвязаныя без [ужытку] лукаў, усе, знойдзеныя ў цябе, разам зьвязаныя, хоць далёка яны паўцякалі.
4 Дзеля таго я сказаў: «Адвярніцеся ад мяне, я буду горка плакаць. Не спрабуйце суцешыць мяне, бо зьнішчаная дачка народу майго».
5 Бо гэта дзень замяшаньня, стаптаньня і бязладзьдзя, [дзень] Госпада, ГОСПАДА Магуцьцяў у даліне Відзежу, [дзень] руйнаваньня муроў і крыку на гарах.
6 Элям узяў сагайдак, на калясьніцах людзі і на конях, Кір выцягнуў шчыт.
7 І сталася, што найпрыгажэйшыя палі твае напоўніліся калясьніцамі, і вершнікі, стаючы, сталі насупраць брамы.
8 І ўзьнялі заслону з Юды; і ты паглядзеў у той дзень на зброю ў доме кедровым.
9 І вы ўбачылі шчыліны гораду Давіда, як іх шмат, і сабралі ваду ў ніжняй сажалцы;
10 і пералічылі дамы ў Ерусаліме, і разбурылі будынкі, каб умацаваць мур,
11 і зрабілі зборнік вады між двума мурамі для вады са старой сажалкі; і не глядзелі на Таго, Хто зрабіў усё гэта, і Таго, Хто гэтае здаўна ўкшталтаваў, ня бачылі.
12 І Госпад, ГОСПАД Магуцьцяў, паклікаў вас у той дзень плакаць і галасіць, і абстрыгчы [валасы], і апрануцца ў зрэбніцу.
13 А вось, [у вас] вясёласьць і радасьць, забіваюць валоў і рэжуць бараноў, ядуць мяса і п’юць віно: «Будзем есьці і піць, бо заўтра памром».
14 І адкрыў у вушы мае ГОСПАД Магуцьцяў: «Ня будзе адпушчана вам беззаконьне гэтае аж пакуль не памраце, кажа Госпад, ГОСПАД Магуцьцяў».
15 Так сказаў Госпад, ГОСПАД Магуцьцяў: «Ідзі, увайдзі да гэтага ўрадоўца, да Шэўны, які над домам [валадара], [і скажы]:
16 “Што ты [маеш] тут, або хто ў цябе тут, што ты высек тут сабе магілу? Ты зрабіў высока магілу сабе і ў скале высьвідраваў пакой для сябе.
17 Вось, ГОСПАД кіне цябе, кідаючы моцна, і хапаючы, схопіць цябе,
18 і, скручваючы, скруціць цябе ў клубок, [кіне] цябе рукою, як кулю, у зямлю прасторную. Там ты памрэш, і там [будуць] калясьніцы славы тваёй, ты — ганьба для дому гаспадара твайго.
19 І Я выганю цябе з месца твайго, і скіну цябе з пасады тваёй.
20 І станецца ў той дзень, Я паклічу слугу Майго Эліякіма, сына Хількіі,
21 і апрану яго ў адзеньне тваё, і падперажу яго поясам тваім, і ўладу тваю перадам у рукі ягоныя, і будзе ён бацькам для жыхароў Ерусаліму і для дому Юды.
22 І Я палажу ключ дому Давіда на рамёны ягоныя, і калі ён адчыніць, ніхто не замкне, а калі замкне, ніхто не адчыніць.
23 І Я ўваб’ю яго, як калок, у месцы вызначаным; і будзе ён пасадам славы для дому бацькі свайго.
24 І будзе вісець на ім уся слава дому бацькі ягонага, парасткі і атожылкі, усё начыньне дробнае ад талерак да ўсялякіх збаноў.
25 У той дзень, кажа ГОСПАД Магуцьцяў, калок, убіты ў месцы вызначаным, пахісьнецца, і зломіцца, і ўпадзе, і ўвесь цяжар, які на ім вісеў, прападзе, бо ГОСПАД прамовіў [гэта]”».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга прарока Ісаі, 22 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023