Біблія » Пераклады » Пераклад Антонія Бокуна

Ісаі 45 Ісаі 45 разьдзел

1 Гэта кажа ГОСПАД да памазанца Свайго Кіра: «Я моцна трымаю цябе за правую руку тваю, каб скарыць перад абліччам тваім народы і зьняць паясы са сьцёгнаў валадароў, каб адчыніць перад абліччам тваім дзьверы і каб брамы не былі зачынены.
2 Я пайду перад абліччам тваім, і зраўняю ўзвышанае, і дзьверы мядзяныя разаб’ю, і засаўкі жалезныя паламаю.
3 І дам табе скарбы, якія ў цемры, і багацьці схаваныя, каб ты ведаў, што Я — ГОСПАД, Які паклікаў цябе імем тваім, Бог Ізраіля.
4 Дзеля слугі Майго Якуба і дзеля Ізраіля, выбранца Майго, Я назваў цябе імем тваім, вызначыў цябе, хоць ты ня ведаеш Мяне.
5 Я — ГОСПАД, і няма іншага. Акрамя Мяне няма Бога. Я падперазаў цябе, хоць ты ня ведаеш Мяне,
6 каб ведалі ад усходу сонца аж да захаду, што акрамя Мяне няма нічога. Я — ГОСПАД, і няма іншага.
7 Я ўкшталтаваў сьвятло і стварыў цемру, раблю мір і ствараю ліхоту. Я — ГОСПАД, Які робіць усё гэта».
8 Крапіце, нябёсы, з гары, і з хмараў няхай ліецца праведнасьць, няхай раскрыецца зямля і вырасьціць збаўленьне; і няхай праведнасьць вырасьце разам [з ім]. Я, ГОСПАД, стварыў гэта.
9 Гора таму, хто спрачаецца з Творцам сваім, чарапок паміж чарапкоў зямных! Ці кажа гліна ганчару: «Што ты робіш?», або ці кажа выраб [майстру]: «Ты ня маеш рук»?
10 Гора таму, хто кажа бацьку: «Навошта ты нарадзіў [мяне]?», або маці: «Навошта ты нарадзіла [мяне]?»
11 Гэта кажа ГОСПАД, Сьвяты Ізраіля і Творца ягоны: «Вы пытаеце Мяне пра будучыню сыноў Маіх і загадваеце Мне пра творы рук Маіх?
12 Я зрабіў зямлю, і чалавека на ёй Я стварыў, рукі Мае расьцягнулі неба, і Я загадваў усяму войску ягонаму.
13 Я падняў яго ў праведнасьці і ўсе шляхі ягоныя раўняю. Ён адбудуе горад Мой і вызваліць палонных Маіх, бяз выкупу і без аднагараджэньня, кажа ГОСПАД Магуцьцяў.
14 Гэта кажа ГОСПАД: «Праца Эгіпту і прыбытак Кушу, і Савейцы, людзі высокія, пяройдуць да цябе і будуць тваімі; яны пойдуць за табой, пойдуць у кайданах, будуць пакланяцца табе і ўмольваць цябе: “Толькі ў цябе ёсьць Бог, і няма іншага”».
15 Сапраўды, Ты — Бог таямнічы, Бог Ізраіля, Збаўца!
16 Зьніякавеюць і асаромяцца ўсе разам, і пойдуць у ганьбе тыя, якія робяць выявы [ідалаў].
17 Ізраіль будзе збаўлены ГОСПАДАМ збаўленьнем вечным. Ня будзеце вы асаромленыя і ня будзеце зьняважаныя на вякі вечныя.
18 Бо гэта кажа ГОСПАД, Творца неба, Ён — Бог, Які ўкшталтаваў зямлю і зрабіў яе, Ён умацаваў яе, Ён стварыў яе, каб не была пустэчай, але ўкшталтаваў яе для пражываньня: «Я — ГОСПАД, і няма іншага».
19 Не прамаўляў Я патаемна ў цёмным закутку зямлі, не казаў Я насеньню Якуба: «Дарэмна вы шукаеце Мяне». Я — ГОСПАД, Які гаворыць пра праведнасьць, абвяшчае справядлівасьць.
20 Зьбярыцеся і прыходзьце, наблізьцеся разам, выратаваныя з народаў. Ня ведаюць [нічога] тыя, якія носяць драўлянага ідала свайго і моляцца да бога, які ня можа збавіць.
21 Распавядзіце і наблізьцеся, і будзем радзіцца разам. Хто расказаў пра гэта здаўна, і хто распавёў пра гэта раней? Ці ж ня Я, ГОСПАД? Бо няма іншага Бога акрамя Мяне, Бога праведнага і Таго, Хто збаўляе. Няма іншага апрача Мяне.
22 Павярніцеся да Мяне і будзеце збаўленыя, усе канцы зямлі, бо Я — Бог, і няма іншага.
23 Я прысягнуў на Самога Сябе, з вуснаў Маіх выйшла праведнасьць, слова, якое не вяртаецца, бо перада Мною схіліцца кожнае калена і [Мною] будзе прысягаць кожны язык.
24 «Толькі ў ГОСПАДЗЕ, — скажуць пра Мяне, — праведнасьць і сіла! Да Яго прыйдуць і будуць асаромлены ўсе, якія працівяцца Яму».
25 У ГОСПАДЗЕ будзе апраўдана і ўслаўлена ўсё насеньне Ізраіля.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга прарока Ісаі, 45 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023