Ісаі 36 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

І было на чатырнаццатым годзе цара Эзэкіі, пайшоў Сэнахірым, цар Асірыйскі супроць усіх умацаваных гарадоў Юдэі і ўзяў іх.
 
І сталася ў чатырнаццатым годзе валадара Эзэкіі, пайшоў Санхерыў, валадар Асірыі, на ўсе ўмацаваныя гарады Юды і здабыў іх.

І паслаў цар Асірыйскі з Лахіса ў Ерусалім да цара Эзэкіі Рабсака зь вялікім войскам; і ён спыніўся каля канала Верхняй сажалкі на дарозе поля бялільнага.
 
І паслаў валадар Асірыі з Ляхішу Рабсака з войскам вялікім у Ерусалім да валадара Эзэкіі. І стаў [Рабсак] пры канале верхняй сажалкі, на дарозе Поля Валюшніка.

І выйшаў да яго Эліякім, сын Хэлкіінаў, начальнік палаца, і Сэўна пісар, і Ёах, сын Асафаў, дзеяпісальнік.
 
І выйшлі да яго Эліякім, сын Хількіі, які [быў] загадчык палацу, і Шэўна, пісар, і Ёах, сын Асафа, канцлер.

І сказаў ім Рабсак: скажэце Эзэкію: так кажа цар вялікі, цар Асірыйскі: што гэта за надзея, на якую ты спадзяешся?
 
І сказаў ім Рабсак: «Скажыце Эзэкіі: “Гэта кажа валадар вялікі, валадар Асірыі. Што гэта за надзея, на якую ты спадзяешся?

Я думаю, што гэта — адны пустыя словы, а вайне патрэбныя рада і сіла: дык вось, на каго ты спадзяешся, і чаго адпаў ад мяне?
 
Няўжо ты думаеш, што словы вуснаў [заменяць] раду і сілу для вайны? На каго ты спадзяешся цяпер, што збунтаваўся супраць мяне?

Вось, ты думаеш абаперціся на Егіпет, на гэтую трысьціну надламаную, якая, калі хто на яе абапрэцца, увойдзе таму ў руку і пратне яе? Такі фараон, цар Егіпецкі, для ўсіх, хто на яго спадзяецца.
 
Вось, ты спадзяешся на Эгіпет, на гэтую трысьціну паламаную, якая, калі хто на яе абапрэцца, убіваецца ў далонь і прабівае яе. Такі фараон, валадар Эгіпту, для ўсіх, якія на яго спадзяюцца.

А калі скажаш мне: на Госпада Бога нашага мы спадзяёмся, — дык ці на таго, чые вышыні і ахвярнікі скасаваў Эзэкія і сказаў Юду і Ерусаліму: «перад гэтым толькі ахвярнікам пакланяйцеся».
 
А калі ты скажаш мне: “На ГОСПАДА, Бога нашага, мы спадзяемся”, дык ці ж Ён ня той, якога вышыні і ахвярнікі пазносіў Эзэкія і сказаў Юдзе і Ерусаліму: “Перад гэтым [толькі] ахвярнікам будзеце пакланяцца”?

Дык вось, уступі ў супольства з гаспадаром маім, царом Асірыйскім; — я дам табе дзьве тысячы коней, ці можаш ты дастаць сабе верхаўцоў на іх?
 
А цяпер заключы дамову з гаспадаром маім, валадаром Асірыі, і я дам табе дзьве тысячы коней, калі зможаш знайсьці для іх вершнікаў.

І як ты хочаш змусіць адступіць правадыра, аднаго з самых малых рабоў гаспадара майго, спадзяючыся на Егіпет, дзеля калясьніц і коней.
 
Як ты прагоніш хоць аднаго з найменшых слугаў гаспадара майго? А ты спадзяваўся на Эгіпет, што атрымаеш калясьніцы і коней!

Ды хіба я бяз волі Гасподняй пайшоў на зямлю гэтую, каб зруйнаваць яе? Гасподзь сказаў мне: «ідзі на зямлю гэтую і зруйнуй яе».
 
І цяпер, ці ж не бяз [волі] ГОСПАДА я прыйшоў у зямлю гэтую, каб зьнішчыць яе. ГОСПАД сказаў мне: “Выйдзі супраць зямлі гэтай і зьнішчы яе”».

І сказаў Эліякім і Сэўна і Ёах Рабсаку: гавары рабам тваім па-Арамейску, бо мы разумеем, а не гавары па-Юдэйску, у вушы люду, які на сьцяне.
 
І сказалі Эліякім, Шэўна і Ёах Рабсаку: «Гавары да слугаў тваіх па-арамейску, бо мы разумеем, не гавары да нас па-юдэйску ў вушы людзей, якія на мурах».

І сказаў Рабсак: хіба толькі да гаспадара твайго і да цябе паслаў мяне гаспадар мой сказаць словы гэтыя? Не, таксама і да людзей, якія сядзяць на сьцяне, каб есьці нечысьць сваю і піць мачу сваю з вамі.
 
І сказаў Рабсак: «Ці ж да гаспадара твайго і да цябе паслаў мяне гаспадар мой, каб прамовіць словы гэтыя? Ці ж не да людзей, якія сядзяць на мурах і будуць есьці лайно сваё і піць ваду ног сваіх з вамі?»

І ўстаў Рабсак і абвясьціў моцным голасам па-Юдэйску, і сказаў: слухайце слова, цара вялікага, цара Асірыйскага!
 
І стаў Рабсак, і закрычаў моцным голасам па-юдэйску, і сказаў: «Слухайце словы валадара вялікага, валадара Асірыі!

Так кажа цар: хай ня зводзіць вас Эзэкія, бо ён ня можа выратаваць вас;
 
Гэта кажа валадар. Няхай не падманвае вас Эзэкія, бо ён ня можа выратаваць вас.

І хай не абнадзейвае вас Эзэкія Госпадам, кажучы; «збавіць нас Гасподзь; ня будзе горад гэты аддадзены ў рукі цара Асірыйскага».
 
Няхай не абнадзейвае вас Эзэкія ГОСПАДАМ, кажучы: “Ратуючы, выратуе нас ГОСПАД, і горад гэты ня будзе аддадзены ў рукі валадара Асірыі”.

Ня слухайце Эзэкіі, бо так кажа цар Асірыйскі: замірэцеся са мною і выйдзіце да мяне, і хай кожны есьць плады вінаграднай лазы сваёй і смакоўніцы сваёй, і хай кожны п’е ваду з свайго калодзежа,
 
Ня слухайце Эзэкіі, бо так кажа валадар Асірыі: “Заключыце са мною мір і выйдзіце да мяне, і будзеце есьці кожны [плады] вінаградніку свайго і дрэва фігавага свайго, і будзеце піць ваду, кожны са студні сваёй,

пакуль я ня прыйду і не вазьму вас у зямлю такую самую, як і ваша зямля, у зямлю хлеба і віна, у зямлю пладоў і вінаграднікаў.
 
аж пакуль я не прыйду і не вазьму вас у зямлю, [падобную] да зямлі вашай, зямлю збожжа і маладога віна, зямлю хлеба і вінаграднікаў”.

Дык вось, хай жа ня зводзіць вас Эзэкія, кажучы: «Гасподзь збавіць нас». Ці ж уратавалі багі народаў, кожны сваю зямлю, ад рукі цара Асірыйскага?
 
Толькі няхай вас не падманвае Эзэкія, кажучы: “ГОСПАД выратуе нас”. Ці ж богі народаў выратавалі кожны зямлю сваю ад рукі валадара Асірыі?

Дзе багі Эмата і Арпада? дзе багі Сэпарваіма? ці ж уратавалі яны Самарыю ад рукі маёй?
 
Дзе богі Хамату і Арпаду? Дзе богі Сэфарваіму? Ці выратавалі яны Самарыю ад рукі маёй?

Каторы з усіх багоў земляў гэтых убараніў зямлю сваю ад рукі маёй? Дык няўжо ўбароніць Гасподзь Ерусалім ад рукі маёй?
 
Хто з усіх багоў гэтых земляў уратаваў зямлю сваю ад рукі маёй? Дык ці ж уратуе ГОСПАД Ерусалім ад рукі маёй?”»

Але яны маўчалі і не адказвалі яму ні слова, бо ад цара быў загад: не адказвайце яму.
 
І яны маўчалі, і не адказалі яму ані слова, бо так загадаў ім валадар і сказаў: «Не адказвайце яму!»

І прыйшоў Эліякім, сын Халкіінаў, начальнік палаца і Сэўна пісар, і Ёах, і сын Асафаў, дзеяпісальнік, да Эзэкіі, у падранай адзежы, і пераказалі яму слова Рабсака.
 
І прыйшлі Эліякім, сын Хількіі, які быў [загадчык] палацу, і Шэўна, пісар, і Ёах, сын Асафа, канцлер, да Эзэкіі, разьдзёршы шаты, і пераказалі яму словы Рабсака.