Ісаі 36 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

І сталася: у чатырнаццатым годзе валадарання цара Эзэкіі, наехаў Санхэрыб, цар асірыйцаў, на ўсе ўмацаваныя гарады юдэйскія і захапіў іх.
 
І сталася ў чатырнаццатым годзе валадара Эзэкіі, пайшоў Санхерыў, валадар Асірыі, на ўсе ўмацаваныя гарады Юды і здабыў іх.

І паслаў цар асірыйскі Рабсака з вялікім войскам у Ерузалім супраць цара Эзэкіі, і спыніўся ён пры канале Верхняй крыніцы, на дарозе Поля Валюшніка.
 
І паслаў валадар Асірыі з Ляхішу Рабсака з войскам вялікім у Ерусалім да валадара Эзэкіі. І стаў [Рабсак] пры канале верхняй сажалкі, на дарозе Поля Валюшніка.

І выйшлі да яго Эліякім, сын Хэлькіі, загадчык палаца, Собна, пісар, і Ёах, сын Асафа, дзееапісальнік.
 
І выйшлі да яго Эліякім, сын Хількіі, які [быў] загадчык палацу, і Шэўна, пісар, і Ёах, сын Асафа, канцлер.

Рабсак пачаў гаварыць: «Скажыце Эзэкіі: так кажа вялікі цар, цар асірыйцаў: “Што ж гэта за надзея, на якую ты спадзяешся?
 
І сказаў ім Рабсак: «Скажыце Эзэкіі: “Гэта кажа валадар вялікі, валадар Асірыі. Што гэта за надзея, на якую ты спадзяешся?

Ты казаў пустыя словы: да бою патрэбны рада і сіла. На каго цяпер ты спадзяешся, бо ўзбунтаваўся ты супраць мяне?
 
Няўжо ты думаеш, што словы вуснаў [заменяць] раду і сілу для вайны? На каго ты спадзяешся цяпер, што збунтаваўся супраць мяне?

Вось, ты спадзяешся на гэтую надламаную палку трысняговую, на Егіпет; калі абапрэцца на яе чалавек, яна ўваб’ецца ў руку яго і праб’е яе: гэткі фараон, цар Егіпта, да ўсіх, хто на яго спадзяецца.
 
Вось, ты спадзяешся на Эгіпет, на гэтую трысьціну паламаную, якая, калі хто на яе абапрэцца, убіваецца ў далонь і прабівае яе. Такі фараон, валадар Эгіпту, для ўсіх, якія на яго спадзяюцца.

А калі мне адкажаш: “У Госпадзе, Богу нашым, паклалі надзею”, — то ці ж Ён не ёсць Той, Якога вышыні і ахвярнікі пазносіў Эзэкія ды сказаў Юдзе і Ерузаліму: “Перад гэтым ахвярнікам будзеце пакланяцца”?
 
А калі ты скажаш мне: “На ГОСПАДА, Бога нашага, мы спадзяемся”, дык ці ж Ён ня той, якога вышыні і ахвярнікі пазносіў Эзэкія і сказаў Юдзе і Ерусаліму: “Перад гэтым [толькі] ахвярнікам будзеце пакланяцца”?

А цяпер прысягні гаспадару майму, цару асірыйцаў, і я дам табе дзве тысячы коней, калі зможаш падабраць для іх вершнікаў з ліку тваіх.
 
А цяпер заключы дамову з гаспадаром маім, валадаром Асірыі, і я дам табе дзьве тысячы коней, калі зможаш знайсьці для іх вершнікаў.

А якім чынам ты адвернеш аблічча хоць аднаго з найменшых слуг гаспадара майго? Але ты спадзяешся на Егіпет, на калясніцы і конніцу!
 
Як ты прагоніш хоць аднаго з найменшых слугаў гаспадара майго? А ты спадзяваўся на Эгіпет, што атрымаеш калясьніцы і коней!

Дык вось, ці ж не без волі Госпада пайшоў я на зямлю гэтую, каб спустошыць яе? Госпад сказаў мне: “Узыдзі на зямлю гэтую і спустош яе”».
 
І цяпер, ці ж не бяз [волі] ГОСПАДА я прыйшоў у зямлю гэтую, каб зьнішчыць яе. ГОСПАД сказаў мне: “Выйдзі супраць зямлі гэтай і зьнішчы яе”».

І сказалі Рабсаку Эліякім, Собна і Ёах: «Гавары слугам тваім па-арамейску, бо разумеем, не гавары да нас па-гебрайску ў прысутнасці людзей, якія ёсць на мурах».
 
І сказалі Эліякім, Шэўна і Ёах Рабсаку: «Гавары да слугаў тваіх па-арамейску, бо мы разумеем, не гавары да нас па-юдэйску ў вушы людзей, якія на мурах».

Але Рабсак адказаў: «Ці ж да гаспадара твайго і да цябе паслаў мяне гаспадар мой, каб мне сказаць усе гэтыя словы? Ці ж найперш не да людзей, якія сядзяць на мурах, каб есці свой кал і піць сваю мачу разам з вамі?»
 
І сказаў Рабсак: «Ці ж да гаспадара твайго і да цябе паслаў мяне гаспадар мой, каб прамовіць словы гэтыя? Ці ж не да людзей, якія сядзяць на мурах і будуць есьці лайно сваё і піць ваду ног сваіх з вамі?»

І ўзняўся Рабсак, і закрычаў моцным голасам па-гебрайску, і сказаў: «Слухайце словы вялікага цара, цара асірыйцаў!
 
І стаў Рабсак, і закрычаў моцным голасам па-юдэйску, і сказаў: «Слухайце словы валадара вялікага, валадара Асірыі!

Гэта кажа цар: “Хай вас не зводзіць Эзэкія, бо ён не зможа вас уратаваць.
 
Гэта кажа валадар. Няхай не падманвае вас Эзэкія, бо ён ня можа выратаваць вас.

Хай не надае вам Эзэкія надзею на Госпада, завяраючы: “Ратуючы, Госпад вызваліць нас; не будзе выдадзены гэты горад у рукі цара асірыйцаў!”
 
Няхай не абнадзейвае вас Эзэкія ГОСПАДАМ, кажучы: “Ратуючы, выратуе нас ГОСПАД, і горад гэты ня будзе аддадзены ў рукі валадара Асірыі”.

Не слухайце Эзэкію, бо так кажа цар асірыйцаў: “Заключыце са мною пагадненне і выйдзіце да мяне; і будзеце есці кожны з свайго вінаградніку і кожны з свайго дрэва фігавага, ды будзеце піць ваду кожны з сваёй студні,
 
Ня слухайце Эзэкіі, бо так кажа валадар Асірыі: “Заключыце са мною мір і выйдзіце да мяне, і будзеце есьці кожны [плады] вінаградніку свайго і дрэва фігавага свайго, і будзеце піць ваду, кожны са студні сваёй,

пакуль не прыйду і не забяру вас у зямлю такую ж, як і ваша зямля, зямлю збожжа і віна, зямлю хлеба і вінаграднікаў”.
 
аж пакуль я не прыйду і не вазьму вас у зямлю, [падобную] да зямлі вашай, зямлю збожжа і маладога віна, зямлю хлеба і вінаграднікаў”.

Толькі Эзэкія хай вас не падманвае, кажучы: “Госпад нас выратуе”. Ці ж багі народаў выратавалі кожны сваю зямлю ад рукі цара асірыйцаў?
 
Толькі няхай вас не падманвае Эзэкія, кажучы: “ГОСПАД выратуе нас”. Ці ж богі народаў выратавалі кожны зямлю сваю ад рукі валадара Асірыі?

Дзе ж багі Эмата і Арпада? Дзе ж багі Сэпарваіма? Ці ж уратавалі Самарыю з рукі маёй?
 
Дзе богі Хамату і Арпаду? Дзе богі Сэфарваіму? Ці выратавалі яны Самарыю ад рукі маёй?

Якія ж з усіх багоў гэтых земляў уратавалі зямлю сваю ад рукі маёй? Ці ж і Ерузалім уратуе Госпад ад рукі маёй?»
 
Хто з усіх багоў гэтых земляў уратаваў зямлю сваю ад рукі маёй? Дык ці ж уратуе ГОСПАД Ерусалім ад рукі маёй?”»

І маўчалі яны, і не адказалі яму ані слова; бо загадаў ім цар, кажучы: «Не адказвайце яму!»
 
І яны маўчалі, і не адказалі яму ані слова, бо так загадаў ім валадар і сказаў: «Не адказвайце яму!»

Дык прыйшлі Эліякім, сын Хэлькіі, які быў загадчыкам палаца, і Собна, пісар, і сын Асафа, Ёах, з ліку ўпаўнаважаных, — да Эзэкіі, раздзёршы адзенне і перадалі яму словы Рабсака.
 
І прыйшлі Эліякім, сын Хількіі, які быў [загадчык] палацу, і Шэўна, пісар, і Ёах, сын Асафа, канцлер, да Эзэкіі, разьдзёршы шаты, і пераказалі яму словы Рабсака.