Ісаі 25 разьдзел
Кніга прарока Ісаі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна
«Госпадзе, Ты — Бог мой! Славіць Цябе буду і хваліць імя Тваё, бо ўчыніў Ты цудоўныя справы, задумы даўнія, надзейныя, праўдзівыя.
ГОСПАДЗЕ, Ты — Бог мой! Я буду ўзьвялічваць Цябе і хваліць імя Тваё, бо Ты ўчыніў цуды, выканаў намеры даўнейшыя, праўдзівыя.
Бо ператварыў Ты месца ў разваліны, умацаваны горад у руіны, крэпасць пыхліўцаў, каб не была больш горадам, і не будзе адбудаваная вечна.
Ты ператварыў горад у купу [друзу], горад умацаваны — у руіны; палацу чужынцаў няма больш у горадзе, і ня будзе ён адбудаваны на вякі.
Таму народ моцны славіць Цябе будзе, горад народаў моцных баяцца Цябе будзе.
Дзеля гэтага будзе славіць Цябе народ моцны, горад народаў гвалтоўных будзе баяцца Цябе.
Бо стаўся Ты абаронай для беднага, абаронай убогаму ў бядзе яго: аховай ад буры, засенню ад спякоты, бо дух дужых — як зімовы дождж.
Бо Ты стаўся цьвярдыняй для беднага, цьвярдыняй для ўбогага ў бядзе ягонай, прыстанішчам ад буры, ценем ад сьпёкі, бо подых моцных — як бура супраць сьцяны.
Як спякоту на пустэчы, гармідар пыхліўцаў упакорыш; як спёку засенню хмары, песню моцных спыніш».
Як сьпёку ў пустыні, гэтак чужынцаў Ты супакоіў; як сьпёку [спыняе] цень хмары, Ты спыніў песьню моцных.
І ўчыніць Госпад Магуццяў на гэтай гары для ўсіх народаў тлусты пачастунак, банкет з віном ачышчаным, з тлустасцю касцей.
І зробіць ГОСПАД Магуцьцяў на гары гэтай для ўсіх народаў гасьціну [са страваў] тлустых, гасьціну з вінаў адборных, з тлустым шпікам і адборнымі вінамі найвыдатнейшымі.
І знішчыць Ён на гары той путы, што сцягнулі ўсе народы, ды покрыва, што распрасцёрта над усімі плямёнамі.
І Ён зьнішчыць на гары гэтай заслону, якая закрывае ўсе плямёны, і пакрыцьцё, якое ляжыць на ўсіх народах.
«Паглынецца смерць перамогаю навечна, ды асушыць Госпад Бог слязу з усякага твару, і ганьбу Свайго народа здыме Ён з усяе зямлі, бо Госпад сказаў гэта.
Будзе зьнішчана сьмерць назаўсёды, і вытра Госпад ГОСПАД сьлязу з кожнага аблічча, і ганьбу народу Свайго здыме Ён з усёй зямлі, бо ГОСПАД прамовіў [гэта].
І скажуць у той дзень: “Вось Ён, Той Самы Бог наш, мы чакалі Яго, каб Ён збавіў нас; Той Самы Госпад, мы трымаліся Яго: будзем цешыцца і радавацца са збаўлення Яго”».
І скажуць у той дзень: «Вось, Бог наш, Той, на Якога мы спадзяваліся, і Ён збавіў нас! Гэта ГОСПАД, на Якога мы спадзяваліся, будзем цешыцца і радавацца ў збаўленьні Ягоным!»
Бо супачыне рука Госпадава на той гары. Мааб жа будзе стаптаны на сваім месцы, як топчуць абмалоткі на салому,
Бо супачыне рука ГОСПАДА на гары гэтай, а Мааў будзе стаптаны на месцы сваім, як топчуць салому ў гной.
і выцягне пасярод яго Свае рукі, як выцягвае плывец дзеля плавання; так будзе ўпакорана яго пыха разам з намаганнямі рук яго.
І выцягне ён пасярод [сябе] рукі свае, як выцягвае іх той, хто плыве, каб плысьці; і [Госпад] упакорыць пыху ягоную разам з намаганьнямі рук ягоных.
І моцную крэпасць муроў тваіх Ён пераверне, зруйнуе і скіне на зямлю ў самы пыл.
І магутныя ўмацаваньні муроў тваіх Ён разваліць, пераверне і скіне на зямлю, аж у пыл.