Ісаі 50 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Гэта кажа Госпад: «Дзе ёсць пасведчанне разводу вашай маці, сілай якога Я яе адпусціў? Або хто ёсць Маім крэдыторам, каму Я вас прадаў? Вось жа, за свае правіны былі вы прададзены, ды за вашы злачынствы адпушчана ваша маці.
 
Гэта кажа ГОСПАД: «Дзе ліст разводны маці вашай, з якім Я адаслаў яе? Або хто пазыкадавец Мой, якому Я прадаў вас? Вось, за правіны вашыя былі вы прададзеныя, і за злачынствы вашыя адасланая маці вашая.

Чаму прыйшоў Я, і не было нікога? Клікаў, і не было каму адказаць? Ці ж бы закароткай была рука Мая, каб не мог Я адкупіць? Або няма ў Мяне сілы, каб збаўляць? Вось жа, на знак папроку Свайго высушу мора, змяню рэкі ў пустыню, згніюць рыбы без вады і здохнуць са смагі.
 
Чаму, калі Я прыйшоў, не было нікога? Я клікаў, і ніхто не адказваў? Ці ж кароткай стала рука Мая, каб вызваляць? Ці ж ня маю Я сілы, каб выратоўваць? Вось, пагрозай Маёй Я высушваю мора, перамяняю рэкі ў пустыню, і гніюць рыбы іхнія без вады, і дохнуць ад смагі.

Апрану ў жалобу нябёсы і зраблю мешкавіну іх покрывам».
 
Я апранаю ў цемру неба і зрэбніцу раблю пакрыцьцём ягоным».

Госпад Бог надзяліў мяне языком вымоўным, каб здолеў я падтрымаць таго, хто знямогся ў слове; кожную раніцу Ён абуджае, абуджае вуха маё, каб слухаў я Яго, як вучань.
 
Госпад ГОСПАД даў Мне язык вучня, каб Я ведаў, як падтрымаць зьняможанага словам бадзёрым. Кожную раніцу Ён абуджае вуха Маё, каб Я слухаў Яго, як вучань.

Госпад Бог адкрыў мне вуха. Я ж не праціўлюся, не адступаюся.
 
Госпад ГОСПАД адкрыў Мне вуха, і Я не супрацівіўся, не адступіўся назад.

Спіну сваю падставіў я бічуючым і шчокі свае трэплючым. Твару свайго не адвярнуў ад абразаў і плявання.
 
Сьпіну Маю Я падставіў тым, якія б’юць, і шчокі Мае — тым, якія ўдараюць. Аблічча Маё Я не схаваў ад ганьбы і пляваньня.

Госпад Бог — Успаможца мой, таму не сумеўся я, таму выставіў аблічча маё, як найцвярдзейшую скалу, і ведаю, што не пасаромлюся.
 
Але Госпад ГОСПАД дапаможа Мне, таму Я не саромеюся, таму Я зрабіў аблічча Маё як крэмень, і ведаю, што ня буду ў ганьбе.

Побач ёсць Той, Які мяне апраўдае, і хто запярэчыць мне? Станьма разам! Хто супраць мяне? Хай падыдзе да мяне!
 
Блізка Той, Які апраўдвае мяне. Хто будзе спрачацца са Мною? Станьма [насупраць] разам! Хто абвінаваўца ў судзе Маім? Няхай падыйдзе да Мяне.

Вось жа, Госпад Бог — Успаможца мой, ці ёсць такі, хто б асудзіў мяне? Усе, вось, яны сатруцца, быццам адзенне, моль сточыць іх.
 
Вось, Госпад ГОСПАД дапаможа Мне. Хто будзе вінаваціць Мяне? Вось, усе яны спарахнеюць, як адзеньне, і моль зьесьць іх.

Хто з вас баіцца Госпада, слухаючы голас паслугача Яго, хто ходзіць у цемры і няма яму святла — хай спадзяецца на імя Госпада і хай абапіраецца на Бога свайго.
 
Хто з вас баіцца ГОСПАДА, няхай слухае голас Слугі Ягонага! Хто ходзіць у цемры і няма яму сьвятла, няхай спадзяецца на імя ГОСПАДА і няхай абапіраецца на Бога свайго.

«Вось жа, вы ўсе, што распальваеце агонь, узброены стрэламі, ходзіце ў святле агню свайго і са стрэламі, якія запальваеце. З рукі Маёй зрабілася гэта вам, будзеце качацца ў болях.
 
Вось, вы ўсе, якія распальваеце агонь, узбройваецеся стрэламі вогненнымі, ідзіце ў полымя агню вашага, сярод стрэлаў вогненных, якія вы распалілі. Гэта рука Мая зрабіла вам, і вы будзеце качацца ў пакутах.