Ісаі 14 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Але пашкадуе Госпад Якуба і зноў абярэ Сабе з Ізраэля, ды ўчыніць, каб яны спачывалі на зямлі сваёй; далучыцца да іх чужынец ды прыстане да дому Якуба.
 
І блізкі ўжо час ягоны, і дні ягоныя ня будуць цягнуцца. Бо зьлітуецца ГОСПАД над Якубам, і зноў выбярэ Сабе Ізраіля, і зьмесьціць іх у зямлі іхнія; і далучыцца да іх прыхадзень, і будзе належаць да дому Якуба.

І прымуць іх народы, і завядуць іх на месца іх; і атрымае іх ва ўласнасць дом Ізраэля на зямлі Госпада як слуг і служанак; і будуць яны паднявольваць тых, хто іх паднявольвалі, і падначаляць прыгнятальнікаў сваіх.
 
І возьмуць іх народы, і завядуць іх да месца іхняга, і атрымае іх дом Ізраіля ў зямлі ГОСПАДА як слугаў і служак. І яны палоняць тых, якія іх паланілі, і будуць мець уладу над крыўдзіцелямі сваімі.

І будзе гэта ў той дзень, калі Госпад дасць табе супакой па служэнні тваім, па прыгнёце тваім ды па няволі цяжкай, у якой ты раней служыў,
 
І станецца ў дзень, калі ГОСПАД дасьць табе супачынак ад пакутаў тваіх, ад гароты тваёй і ад працы цяжкай, якую ты мусіў рабіць,

прамовіш ты гэтую прыпавесць супраць цара Бабілона і скажаш: «Як жа гэта знік прыгнятальнік, скончыўся ўціск?»
 
што ўзьнясеш ты гэтую прыповесьць пра валадара Бабілонскага, і скажаш: «Як надыйшоў канец крыўдзіцелю, спыніліся зьдзекі ягоныя!

Паламаў Госпад палку бязбожнікаў, жазло валадароў,
 
Паламаў ГОСПАД кій бязбожнікаў, дубец тых, што пануюць,

што калаціла людзей ударамі несупынна, [жазло,] што ў шаленстве падначальвала народы ў бясконцых пераследах.
 
які біў народы ў лютасьці, б’ючы няспынна, які ў гневе меў уладу над народамі, перасьледуючы іх без шкадаваньня.

Супакоілася і маўчыць уся зямля, цешыцца і скача.
 
Супачыла, супакоілася ўся зямля, сьпявае радасна.

Нават елкі цешацца дзеля цябе і кедры лібанскія: «З таго часу, як заснуў ты, ніхто не прыходзіць секчы нас».
 
Нават кіпарысы і кедры лібанскія радуюцца дзеля цябе, [кажучы]: “Калі ты зьлёг, ніхто не прыходзіць сьсякаць нас”.

Апраметная ўстрывожылася з нізоў, сустракаючы прыход твой; абуджае дзеля цябе цені памерлых, усім князям зямным загадала ўзняцца з іх пасадаў, усім валадарам народаў.
 
Апраметная, што ўнізе, затрэслася дзеля цябе, каб [выйсьці] насустрач прыходу твайму, абудзіць дзеля цябе памёршых, усіх правадыроў зямлі, і падняць з пасадаў іхніх усіх валадароў народаў.

Усе разам адгукнуцца яны і скажуць табе: «І ты скалечаны, як і мы, падобным стаўся ты да нас».
 
Усе яны адкажуць і скажуць табе: “Таксама ты саслабеў, як і мы, стаўся падобным да нас”.

Укінута ў пекла пыха твая, і гукі арфаў тваіх. Чарвяк сцелецца пад табою, і покрыва тваё — чэрві.
 
Укінута ў апраметную пыха твая і гукі гусьляў тваіх. Паслана пад табою чарвямі, і чарвяк — накрыцьцё тваё.

Як жа гэта зваліўся ты з неба, святланосны, сыне заранкі? Зрынуты на зямлю ты, які скідваў народы,
 
Як ты зваліўся з неба, дзяньніца, сын зараніцы? Разьбіўся аб зямлю той, які перамагаў народы.

ты, які казаў у сваім сэрцы: «Узнясуся на неба, вышэй за зоры Божыя ўзвышу пасад мой, сядзець буду на гары сходу, на схіле поўначы.
 
Ты казаў у сэрцы тваім: “Узыйду на неба і вышэй зорак Божых пастаўлю пасад мой, і сяду на гары зграмаджэньня, на скраю поўначы,

Узыду на вышыню воблакаў, падобны буду да Найвышэйшага».
 
падымуся па-над вяршыні аблокаў, буду падобны да Найвышэйшага”.

Ды аднак жа скінуты ты ў пекла, на самае дно ямы!
 
Але ты скінуты ў пекла, на самае дно!

Тыя, хто ўбачаць цябе, звернуць на цябе ўвагу і пачнуць прыглядацца да цябе: «Ці не той гэта чалавек, які ўстрывожыў зямлю, які страсянуў царствы,
 
Тыя, што ўбачаць цябе, будуць прыглядацца да цябе і разважаць: “Ці ж гэта ня той муж, які ўстрасаў зямлю, хістаў валадарствы,

які ўвесь свет зрабіў пустыняю, а гарады яго зруйнаваў, не адкрыў турму для вязняў яго?»
 
які ўвесь сусьвет зрабіў пустыняю, а гарады ягоныя руйнаваў, які палонных сваіх не адпускаў дадому?”

Усе валадары народаў, усе адпачываюць у славе, кожны ў сваёй грабніцы.
 
Усе валадары народаў, усе яны ляжаць у славе, кожны ў доме сваім,

А ты выкінуты з сваёй магілы, як абрыдлы парастак, загорнуты разам з тымі, якія забіты мечам і сышлі да каменняў магілы, [ты] — быццам труп патаптаны!
 
а ты выкінуты з магілы тваёй як парасьць абрыдлая, ты аточаны забітымі, прабітымі мячом, якіх кладуць на камянях ямы [магільнай], як труп растаптаны.

Ты не будзеш мець удзелу з імі ў пахаванні, бо ты спустошыў сваю зямлю, ты загубіў свой народ; не азавецца ў вяках семя ліхадзеяў.
 
Ты ня будзеш далучаны да іх у магіле, бо ты загубіў зямлю тваю, пазабіваў народ твой. Ня будзе ўзгадвацца на вякі насеньне злачынцаў.

«Падрыхтуйце сыноў яго на зарэзанне праз злачыннасць іх бацькоў; хай не падымуцца, каб не ўспадкаемілі зямлю ды не напоўнілі сусвету людскога».
 
Падрыхтуйце разьню для сыноў ягоных за беззаконьне бацькоў іхніх, каб яны не паўсталі, і ня ўзялі ў спадчыну зямлю, і не напоўнілі аблічча сусьвету гарадамі [сваімі]».

«І паўстану Я супраць іх, — кажа Госпад Магуццяў, — і выгублю імя Бабілона і рэшту, а таксама род і нашчадкаў, — кажа Госпад, —
 
І Я паўстану супраць іх, кажа ГОСПАД Магуцьцяў, і выгублю імя Бабілону, і рэшту, і нашчадка, і ўнука, кажа ГОСПАД.

і аддам яго ва ўласнасць вожыкаў і на дрыгву, ды вымету яго венікам знішчэння», — кажа Госпад Магуццяў.
 
І Я зраблю яго паселішчам вожыкаў і возерам водным, і вымяту яго мятлою зьнішчэньня, кажа ГОСПАД Магуцьцяў.

Прысягнуў Госпад Магуццяў, кажучы: «Сапраўды, як задумаў, так станецца, ды як вырашыў, так здзейсніцца.
 
Прысягнуў ГОСПАД Магуцьцяў, кажучы: «Сапраўды, як Я задумаў, так і станецца, і што Я вырашыў, тое споўніцца.

Сатру Асірыю на Маёй зямлі і стапчу яе на Маіх гарах. Тады будзе скінута з іх ярмо яе ды цяжар яе будзе зняты з іх спіны».
 
Я скрышу Асірыю на зямлі Маёй і на гарах Маіх стапчу яе. І здымецца з іх ярмо ейнае, і цяжар ейны зваліцца з плячэй іхніх.

Вось рашэнне, якое было прынята адносна ўсёй зямлі, і вось рука, выцягнутая над усімі народамі.
 
Гэта рада, якая раджаная адносна ўсёй зямлі, і гэта рука, якая выцягнутая над усімі народамі.

Бо Госпад Магуццяў так вырашыў, дык хто ж зможа адмяніць? І рука Яго выцягнута, — дык хто ж яе адверне?
 
Бо ГОСПАД Магуцьцяў вырашыў, і хто перашкодзіць? І рука Ягоная выцягнутая, і хто адверне яе?»

У годзе, у якім памёр цар Ахаз, было зроблена такое прадказанне:
 
У год сьмерці валадара Ахаза быў такі цяжар [ад Госпада]:

«Не цешся ты, уся Філістэя, што зламанае жазло карніка твайго, бо з зародка змяі выйдзе васіліск, і семя яго — лятучы дракон.
 
«Ня радуйся, уся [зямля] Філістынская, што зламаны дубец, які біў цябе, бо з кораня зьмяінага выйдзе гадзюка, і плодам яе [будзе] гадзіна крылатая.

І будуць пасвіцца першародныя ўбогіх, і бедныя здаверана адпачнуць; і ўчыню Я, што корань твой памрэ ад голаду, і рэшткі твае павынішчу.
 
І будуць пасьвіцца першародныя бедных, і ўбогія адпачнуць бясьпечна, а корань твой Я вымару голадам і выб’ю рэшту тваю.

Галасі, брама! Крычы, горад! Дрыжы, уся Філістэя! Бо з поўначы нахлынае дым; няма ўцекачоў у дружынах яго.
 
Галасі, брама! Крычы, горад! Дрыжы, уся [зямля] Філістынская! Бо з поўначы прыходзіць дым, і ніхто не адстае ад дружынаў ягоных.

І што адкажуць пасланцам паганаў? Гэта Госпад заснаваў Сіён, і ў яго ўцяклі бедныя з Яго народа».
 
І што адкажуць пасланцам народаў? Тое, што ГОСПАД заснаваў Сыён і ў ім маюць надзею прыгнечаныя з народу Ягонага».