Ісаі 32 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

І, вось жа, валадар будзе валадарыць па законе, а князі кіраваць будуць па законе.
 
Вось, валадар будзе панаваць у праведнасьці, і князі кіраваць будуць у правасудзьдзі.

І будзе чалавек, як сховішча ад ветру ды прыпынак перад бурай, як ручаі водаў на засохлай зямлі або засень вялікай скалы на сухой зямлі.
 
І будзе кожны з іх як сховішча ад ветру і як заслона ад буры, як струмяні вады ў пустыні, як цень цяжкай скалы на зямлі спрагнёнай.

Вочы тых, хто глядзяць, не будуць прыслеплены, а вушы тых, хто слухаюць, будуць пільна прыслухоўвацца.
 
І ня будуць заплюшчаныя вочы тых, якія бачаць, а вушы тых, якія слухаюць, будуць чуць.

І сэрца неразумных спасцігне мудрасць, а язык шапялявых скора будзе гаварыць і выразна.
 
І сэрца лёгкадумных зразумее веданьне, а язык невымоўных будзе гаварыць выразна.

Не будзе больш той, хто безразважны, называцца высакародным, ані ашуканец не будзе званы вяльможным.
 
Дурань ня будзе ўжо называны шляхетным, і пра ашуканца ня будуць казаць як пра дастойнага.

Бо неразумны гаворыць недарэчнасці, сэрца ж яго плануе ліхоту, каб дапусціцца бязбожнасці ды гаварыць блюзнерствы супраць Бога, ды каб душу таго, хто прагне, пакінуць пустой і адабраць пітво ў сасмаглага.
 
Бо дурань прамаўляе недарэчнасьці, а сэрца ягонае ўчыняе беззаконьне, каб рабіць нягоднае і гаварыць блюзьнерства супраць ГОСПАДА, каб душу галоднага пазбавіць [хлеба] і ня даць пітва спрагнёнаму.

У ашуканца ашуканствы — найгоршыя: ён бо перадумвае спосабы, каб загубіць пакорлівых словамі хлусні, хоць нават калі бедны дакажа справядлівасць.
 
Ашуканствы ашуканца ліхія, ён задумляе падступнае, каб загубіць бедных словамі хлусьлівымі, калі ўбогі будзе прамаўляць пра суд.

Высакародны ж дасць парады высакародныя, ды сам да высакародных рэчаў імкнецца.
 
А шляхетны [чалавек] думае шляхетна і сам трымаецца [рэчаў] шляхетных.

Жанчыны пустыя, устаньце, паслухайце голасу Майго. Даверлівыя дочкі, вазьміце ў вушы слова Маё!
 
Жанчыны бестурботныя, устаньце, паслухайце голас Мой. Дочкі самаўпэўненыя, прыхіліце вуха да слова Майго.

За год і некалькі дзён задрыжыце, здавераныя ў сабе! Скончыўся ўжо збор віна, другі збор не прыйдзе.
 
Праз год і некалькі дзён вы будзеце дрыжаць, самаўпэўненыя, бо скончыўся збор вінаграду, і [другі] збор пладоў ня прыйдзе.

Аслупянейце, пустыя; бойцеся, здавераныя ў сабе! Распраніцеся і станьце голымі, аперазайце клубы вашы.
 
Турбуйцеся, бестурботныя, дрыжыце, самаўпэўненыя! Распраніцеся і станьце голымі, падперажыце сьцёгны вашыя [лахманамі].

Біце сябе ў грудзі дзеля пажаданай краіны, дзеля пладаноснага вінаградніку.
 
Біце сябе ў грудзі з прычыны поля прывабнага, з прычыны вінаградніку ўрадлівага,

На зямлі народа Майго ўзыходзяць церні і калючкі, над усімі дамамі радасці, над вясёлым горадам:
 
з прычыны зямлі народу Майго, на якую зыходзяць церні і асот, з прычыны ўсіх дамоў радасьці, з прычыны гораду вясёлага.

дом бо пакінуты, мнагалюдны горад абязлюдзеў; Афэл і Баган сталіся пячорамі навек: радасцю для дзікіх аслоў, выганам для статкаў,
 
Бо палац будзе пакінуты, гоман гораду спыніцца; Афэль і вежа стануцца пячорамі на вякі, радасьцю для дзікіх аслоў і выганам для чародаў,

аж пакуль не будзе выліты на нас Дух з вышыні. І пустыня станецца садам, а сад за лес будзе лічыцца.
 
аж пакуль будзе выліты на нас Дух з вышыні. І станецца пустыня садам, а сад будзе лічыцца лесам.

Тады на пустыні зажыве законнасць, а справядлівасць асядзе ў садзе.
 
І будзе жыць у пустыні суд, а праведнасьць паселіцца ў садзе.

Вынікам справядлівасці будзе супакой, а плодам закону — цішыня, ды бяспека — у спакон вякоў.
 
І будзе працаю праведнасьці мір, а плодам праведнасьці — спакой і бясьпека на вякі.

Ды жыць будзе народ Мой жыццём спакойным, і ў палатках надзейнасці, і ў месцах бяспекі.
 
І будзе жыць народ Мой у сядзібе супакою і ў сялібах бясьпечных, і ў месцах супачыну зацішных,

І лес увесь паваліцца, а горад будзе моцна прыгнечаны.
 
хоць будзе падаць град і паваліць лес, а горад зыйдзе ў нізіну.

Шчасныя, што сееце над усімі водамі, прыводзячы [туды] вала і асла.
 
Шчасьлівыя вы, якія сееце пры ўсіх водах, адпускаючы [на волю] ногі валоў і аслоў.