Ісаі 11 разьдзел
Кніга прарока Ісаі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна
І праб’ецца парастак з пня Ясэя, і квецень з яго кораня з’явіцца.
І выйдзе Парасьць з пня Есэя, і Парастак вырасьце з кораня ягонага,
І супачыне на Ім Дух Госпадаў: дух мудрасці і розуму, дух рады і мужнасці, дух ведання і страху Госпада;
І супачыне на Ім Дух ГОСПАДА, дух мудрасьці і розуму, дух рады і магутнасьці, дух веданьня і страху перад ГОСПАДАМ.
і ўпадабанне Яго ў страху Госпада. Судзіць Ён будзе не па поглядзе вачэй і не па чуткасці вушэй выносіць рашэнні,
І ўпадабаньне Ягонае — у страху перад ГОСПАДАМ, і Ён будзе судзіць не паводле погляду вачэй Сваіх, і не паводле слыху вушэй Сваіх будзе даваць прысуд,
але судзіць будзе бедных па справядлівасці і будзе прымаць рашэнне па справядлівасці адносна ўпакораных на зямлі; і ўдарыць Ён зямлю дубцом вуснаў Сваіх, і заб’е духам вуснаў Сваіх бязбожніка.
але Ён будзе судзіць бедных паводле праведнасьці і пакорным зямлі будзе даваць суд паводле справядлівасьці. І Ён ударыць зямлю кіем вуснаў Сваіх, і подыхам вуснаў Сваіх заб’е бязбожніка.
І стане справядлівасць поясам на клубах Яго, а вера — перапаяскай сцёгнаў Яго.
І станецца праведнасьць поясам на сьцёгнах Ягоных, а вернасьць — поясам на паясьніцы Ягонай.
Воўк будзе жыць сумесна з ягняткам, а пантэра з казлянём разам ляжаць будуць; цяля і леў разам пражываць будуць, а малы хлапчук паганяць іх будзе.
І будзе жыць воўк з ягнём, а леапард з казьлянём будуць ляжаць, цяля і леў, і кормнае цяля [будуць] разам, і малы хлопчык паганяць іх будзе.
Карова і мядзведзіца разам пасвіцца будуць, а іх маладняк сумесна спачываць будзе; і леў і вол салому будуць есці.
Карова і мядзьведзіца будуць пасьвіцца разам, а іх дзіцяняты будуць ляжаць [побач], і леў будзе есьці салому, як вол.
Немаўлятка гуляць будзе па-над ямаю гадзіны, і ўсуне руку сваю ў нару гадзіны дзіця, якое будзе аднята ад грудзей.
І немаўля будзе гуляць каля нары гадзюкі, і дзіцятка выцягне руку сваю да гнязда зьмяі.
На ўсёй Маёй гары святой не будзе крыўды і забойстваў, бо зямля будзе перапоўнена веданнем Госпада, як воды перапаўняюць мора.
Ня будуць рабіць зла і ня будзе зьнішчэньня на ўсёй гары Маёй сьвятой, бо зямля будзе напоўнена веданьнем ГОСПАДА, як воды напаўняюць мора.
У той дзень корань Ясэя стане знакам для народаў; народы будуць імкнуцца да Яго, і Яго месцазнаходжанне будзе слаўным.
І станецца ў той дзень, што корань Есэя будзе стаяць як знак для народаў. Яго будуць шукаць народы, і будзе слаўным месца супачынку Ягонага.
І будзе ў той дзень: ізноў выцягне Госпад руку Сваю, каб завалодаць рэштаю народа Свайго, якая застанецца з Асірыі і Егіпта, з Патроса і Куша, з Элама і з Сэнаара, з Эмата ды з астравоў на моры.
І станецца ў той дзень, што ГОСПАД зноў другі раз [выцягне] руку сваю, каб выкупіць рэшту народу Свайго, якая застанецца ў Асірыі і Эгіпце, у Патросе і Кушы, у Эляме і Шынэары, у Хамаце і на астравах марскіх.
І падыме знак для паганаў, і збярэ выгнаннікаў Ізраэля ды пазбірае расцярушаных з Юды з чатырох бакоў свету.
І Ён падыме знак для народаў, і зьбярэ выгнанцаў Ізраіля, і пазьбірае расьцярушаньне Юды з чатырох канцоў зямлі.
Тады спыніцца зайздрасць Эфраіма ды праціўнікі Юды будуць выгублены. Эфраім не будзе больш зайздросціць Юдзе, а Юда не будзе больш ваяваць супраць Эфраіма.
І спыніцца зайздрасьць Эфраіма, і будуць выгубленыя ненавісьнікі Юды. Эфраім ня будзе зайздросьціць Юдзе, а Юда ня будзе ваяваць супраць Эфраіма.
І паляцяць ззаду на філістынцаў, каля мора, і разам абрабуюць жыхароў на ўсходзе: на Эдом і Мааб расцягнуць рукі свае ды сыны Амона будуць ім падуладнымі.
І яны паляцяць на плечы Філістынцаў да мора, і разам абрабуюць сыноў Усходу; на Эдом і на Мааў накладуць рукі свае, і сыны Амона будуць ім падуладнымі.
А Госпад асушыць заліў мора Егіпецкага ды падыме руку Сваю супраць ракі ў магутнасці подыху Свайго, і разаб’е яе на сем рукавоў так, што можна перайсці іх у сандалях.
І ГОСПАД паложыць закляцьце на затоку мора Эгіпецкага, і патрасе рукою Сваёй над ракою ў моцы ветру Свайго, і разьдзеліць яе на сем ручаінаў, і можна будзе перайсьці яе ў сандалах.
І будзе дарога для рэшты народа Майго, якая застанецца ад Асірыі, як было ў той дзень для Ізраэля, калі ён выходзіў з зямлі Егіпецкай.
І будзе шырокая дарога для рэшты народу Ягонага, якія застануцца з [выгнаньня] ў Асірыю, як гэта было ў той дзень для Ізраіля, калі ён выходзіў з зямлі Эгіпецкай.