Ісаі 11 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

І праб’ецца парастак з пня Ясэя, і квецень з яго кораня з’явіцца.
 
І ўвыйдзе Атожыла з пня Есэвага, і Голь з карэньня ягонага будзе пладовая;

І супачыне на Ім Дух Госпадаў: дух мудрасці і розуму, дух рады і мужнасці, дух ведання і страху Госпада;
 
І супачыне на Ім Дух СПАДАРОЎ, дух мудрасьці а розуму, дух рады а моцы, дух веды а боязьні Божае;

і ўпадабанне Яго ў страху Госпада. Судзіць Ён будзе не па поглядзе вачэй і не па чуткасці вушэй выносіць рашэнні,
 
І любата Ягоная ў боязьні СПАДАРА, і не на пагляд аччу Сваіх будзе судзіць, і ня подле чутасьці вушшу Сваіх будзе ганіць;

але судзіць будзе бедных па справядлівасці і будзе прымаць рашэнне па справядлівасці адносна ўпакораных на зямлі; і ўдарыць Ён зямлю дубцом вуснаў Сваіх, і заб’е духам вуснаў Сваіх бязбожніка.
 
Але будзе судзіць галечаў подле справядлівасьці, і подле пасьцівасьці ганіць лагодных зямлі; і зразе зямлю дубцом вуснаў Сваіх, духам вуснаў Сваіх зробе сьмерць нягоднаму.

І стане справядлівасць поясам на клубах Яго, а вера — перапаяскай сцёгнаў Яго.
 
І будзе справядлівасьць поясам на сьцёгнах Ягоных, і вернасьць — поясам на лядзьвях Ягоных.

Воўк будзе жыць сумесна з ягняткам, а пантэра з казлянём разам ляжаць будуць; цяля і леў разам пражываць будуць, а малы хлапчук паганяць іх будзе.
 
І будзе жыць воўк ізь ягнём, і леопард із казянём будзе ляжаць; і цялё, і левянё, і ўпашчаны будуць разам, і малы хлопчык павядзець іх.

Карова і мядзведзіца разам пасвіцца будуць, а іх маладняк сумесна спачываць будзе; і леў і вол салому будуць есці.
 
І карова, і мядзьведзь будуць пасьціцца разам, і дзецяняты іхныя будуць ляжаць разам, і леў, як статак, будзе есьці салому.

Немаўлятка гуляць будзе па-над ямаю гадзіны, і ўсуне руку сваю ў нару гадзіны дзіця, якое будзе аднята ад грудзей.
 
І будзе гуляць ссучае дзецянё над нарою гада, і на гняздо базылішка адвучанае ад пелькаў выцягне руку сваю.

На ўсёй Маёй гары святой не будзе крыўды і забойстваў, бо зямля будзе перапоўнена веданнем Госпада, як воды перапаўняюць мора.
 
Ня будуць дзеяць ліха ані бураць на ўсёй сьвятой гары Маёй, бо напоўніцца зямля веданьням СПАДАРА, як морскае дно пакрыта вадою.

У той дзень корань Ясэя стане знакам для народаў; народы будуць імкнуцца да Яго, і Яго месцазнаходжанне будзе слаўным.
 
І будзе таго дня, што карэнь Есэў будзе стаяць за харугаў людзём, яго будуць шукаць народы, і супачынак ягоны — слава.

І будзе ў той дзень: ізноў выцягне Госпад руку Сваю, каб завалодаць рэштаю народа Свайго, якая застанецца з Асірыі і Егіпта, з Патроса і Куша, з Элама і з Сэнаара, з Эмата ды з астравоў на моры.
 
І станецца таго дня: Спадар другі раз падыйме руку Сваю, каб прыдбаць Сабе астачу люду Свайго, што застаўся ад Асыры а ад Ягіпту а ад Пафросу а ад Ефіопы а ад Еламу а ад Шынару а ад Гамафу а ад абтокаў морскіх;

І падыме знак для паганаў, і збярэ выгнаннікаў Ізраэля ды пазбірае расцярушаных з Юды з чатырох бакоў свету.
 
І падыйме харугаў народам, і зьбярэць выгнаных Ізраялян, і злуча расьцярушаных Юдэяў з чатырох канцоў зямлі.

Тады спыніцца зайздрасць Эфраіма ды праціўнікі Юды будуць выгублены. Эфраім не будзе больш зайздросціць Юдзе, а Юда не будзе больш ваяваць супраць Эфраіма.
 
І адвернецца завіднасьць Яхрэмава, і праціўнікі Юды адцяты будуць: Яхрэм ня будзе завідаваць Юдзе, і Юда ня будзе ўціскаць Яхрэма;

І паляцяць ззаду на філістынцаў, каля мора, і разам абрабуюць жыхароў на ўсходзе: на Эдом і Мааб расцягнуць рукі свае ды сыны Амона будуць ім падуладнымі.
 
Але палятуць на плячо Пілішчан да мора, разам аглабаюць сыноў усходу, накладуць руку сваю на Едома а Моава, і сынове Амонавы будуць слухаць іх.

А Госпад асушыць заліў мора Егіпецкага ды падыме руку Сваю супраць ракі ў магутнасці подыху Свайго, і разаб’е яе на сем рукавоў так, што можна перайсці іх у сандалях.
 
І высуша СПАДАР затоку Ягіпецкага мора, і падыйме рукў Сваю на Раку ў вялікім Сваім ветру, і падзеле яе на сем цур’ёў, і можна будзе перайсьці іх у чаравіках.

І будзе дарога для рэшты народа Майго, якая застанецца ад Асірыі, як было ў той дзень для Ізраэля, калі ён выходзіў з зямлі Егіпецкай.
 
І будзе гасьцінец астачы люду Ягонага, што застаўся ад Асыры, падобна да тога, як было з Ізраелям, як ён узышоў ізь зямлі Ягіпецкае.