Ісаі 56 разьдзел
Кніга прарока Ісаі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча
Гэта кажа Госпад: «Захавайце закон і чыніце справядлівасць, бо Маё збаўленне хутка надыдзе і Мая справядлівасць хутка аб’явіцца».
Гэтак кажа СПАДАР: «Заховуйце суд і чыніце справядлівасьць, бо блізка спасеньне Мае, каб прыйсьці, і справядлівасьць Мая, каб аб’явіцца.
Шчасны чалавек, які так робіць, і сын чалавечы, які гэтага трымаецца, пільнуючы шабат, каб не спаганіць яго, пільнуючы руку сваю, каб не ўчыніць аніякага ліха.
Шчасьлівы муж, што робе гэта, і сын людзкі, што дзяржыць гэта, каторы заховуе сыботу ад будзененьня і ўзьдзержуе руку сваю ад чыненьня якога ліха».
Хай жа сын чужаземца, які прытуліўся да Госпада, не гаворыць, кажучы: «Аддзеліць мяне Госпад ад народа Свайго». Ды хай не кажа абрэзаны: «Вось, я — дрэва сухое».
І хай ня кажа сын чужаземцаў, што прылучыўся да СПАДАРА, кажучы: «Аддзяліў, аддзяліў мяне СПАДАР ад люду Свайго»; і легчанец хай ня кажа: «Вось, я сухое дзерва»;
Бо вось што кажа Госпад абрэзаным: «Хто пільнуе шабаты Мае і выбірае, што Я хачу, і трымаецца прымірэння Майго,
Бо гэтак кажа СПАДАР празь легчанцоў: «Тым, што заховуюць сыботы Мае і абіраюць волю Маю, моцна дзяржаць Змову Маю,
дам ім у доме Маім ды ў мурах Маіх месца і імя лепшае ад сыноў і дачок: дам ім імя вечнае і незнішчальнае.
Дам ім Я ў доме Сваім і ў сьцянах Сваіх месца а імя лепшае, чымся сыном а дачкам: імя вечнае дам яму, што ня будзе адцята.
І сыноў чужаземца, якія туляцца да Госпада, каб Яго хваліць і каб любіць імя Госпада і быць Яго слугамі, ды ўсіх, хто пільнуе шабат, каб не спаганіць яго, і якія трымаюцца прымірэння Майго,
А сыноў чужаземцаў, што прылучыліся да СПАДАРА, каб служыць Яму і любіць імя СПАДАРОВА, быць слугамі Ягонымі, кажнага, што заховуе сыботу ад будзененьня яе, дзяржыць моцна змову Маю,
завяду іх на гару Маю святую ды пацешу іх у доме малітвы Маёй: цэласпаленні іх і ахвяры іх будуць мілымі на Маім ахвярніку, бо дом Мой домам малітвы будзе названы для ўсіх народаў, —
Я прывяду іх на сьвятую гару Сваю, пацешу іх у Сваім доме малітвы; усепаленьні іхныя і аброкі іхныя прыемныя будуць на аброчніку Маім; бо дом Мой домам малітвы будзе названы ўсім людам».
кажа Госпад Бог, Які збірае раскіданых ізраэльцаў. — Яшчэ іншых збяру, апрача тых, якія ўжо сабраны».
Прагалашае Спадар СПАДАР, што зьбірае разагнаных Ізраялян: «Да зьбертых у яго Я зьбяру яшчэ іншых».
Усе звяры палявыя прыходзьце, каб наесціся, усе звяры лясныя.
Усі зьвяры палявыя, прыйдзіце есьці, усі зьвяры лесавыя.
Вартаўнікі яго — усе сляпыя, нічога не ведаюць. Усе яны нямыя сабакі, што не могуць брахаць, звар’яцелыя, вылежваюцца, любяць падрамаць;
Вартаўнікі ягоныя нявісныя ўсі, яны ня ведаюць; усі яны немыя сабакі, яны ня могуць брахаць, лятуцяць ляжаць, любяць дрымаць;
і сабакі ненажэрныя, не ведаюць сытасці, самі пастыры не маюць разумення: усе яны на сваю дарогу схіляюцца, кожны да сваёй карысці, ад найвышэйшага аж да найніжэйшага:
І жэрлівыя сабакі, ім ніколі не даволі; і яны пастухі, што ня могуць уцяміць; кажны зьвярнуўся на дарогу сваю, кажны із свайго боку шукае карысьці свае.
«Хадземце, і я вазьму віна, нап’ёмся да ап’янення, заўтра будзе падобна, як сёння, ды яшчэ больш».
«Прыйдзіце, я вазьму віна, і нап’емся хмельнага напітку; і заўтра будзе, як сядні, адно шмат болей».