Ісаі 41 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

«Хай маўчаць астравы перада Мною, няхай народы адновяць сілы; хай прыходзяць і тады гавораць, паспяшым разам да суда!»
 
«Маўчыце перад Імною, абтокі, а люды няхай адновяць сілу, няхай дабліжацца, тады няхай скажуць: "Станьма разам на суд".

Хто падняў з усходу таго, за крокамі якога ідзе справядлівасць? Дасць перад абліччам яго народы і падпарадкуе яму валадароў, меч яго зробіць іх, быццам парахно, лук яго — як салому, падхопленую ветрам.
 
Хто пабудзіў з усходу справядлівага, гукнуў яго да нагі свае, даў народы яму і ўладу над каралямі? Ён даў іх, як пыл, пад меч ягоны, як разьвеяную салому, пад лук ягоны.

Ён будзе пераследаваць іх і ісці будзе ў супакоі; сцяжыны не будзе бачна пад яго нагамі.
 
Ён перасьледаваў іх, прайшоў у супакою па дарозе, па каторай ногі ягоныя не хадзілі.

«Хто дзейнічаў і здзейсніў, паклікаючы пакаленні спакон вякоў? Я, Госпад, першы, і з апошнімі таксама Я.
 
Хто дзеяў і зрабіў, прыгукаўшы спачатна пакаленьні? Я, СПАДАР, першы і з апошнімі Я Тый.

Убачылі астравы і спалохаліся, канцы свету аслупянелі, наблізіліся і адышлі.
 
Абтокі бачылі й баяліся; канцы зямлі дрыжэлі, бліжыліся а прыходзілі.

Кожны будзе дапамагаць блізкаму свайму і скажа брату свайму: “Мацуйся!”
 
Кажны памагаў прыяцелю свайму й казаў брату свайму: "Мацуйся".

Узмацуе майстар залатара, а малатабоец таго, які куе, кажучы пра склейку: “Яна добрая”; і ўмацоўвае яе цвікамі, каб не рухалася.
 
Умелы майстра мацуе літоўніка, тый, што выгладжуе кляўцом, таго, што куе на кавале, кажучы: "Гэта добра!" і мацуе гэта гваздамі, каб ня хісталася.

Ты вось, Ізраэлю, слуга Мой, Якубе, якога Я выбраў, патомства Абрагама, сябра Майго,
 
Але ты, Ізраелю, слуга Мой, Якаве, абраны мой, насеньне Абрагамова, любовага Майго,

якога спахваціў Я з канца зямлі, і з далёкіх ускрайкаў яе паклікаў цябе і сказаў табе: “Ты мой паслугач: Я выбраў цябе і не адкінуў цябе.
 
Каторага Я няў з канцоў зямлі, і з найдальшых кутоў яе прыгукаў, і сказаў табе: "Ты слуга Мой, Я абраў цябе і не адхінуў цябе",

Не бойся, бо Я з табою: не збочвай, бо Я — Бог твой! Прыдам табе сілы і дапамагу табе, ды буду трымаць цябе Маёй правіцай справядлівай”.
 
Ня бойся, бо Я — з табою, не палохайся, бо Я Бог твой; Я ўмацую цябе, нават Я памагу табе, нават Я паддзяржу цябе правіцаю справядлівасьці Свае.

Вось жа, засаромеюцца і пачырванеюць усе, якія злуюцца на цябе; будуць, як бы іх не было, і папрападаюць усе, хто гавораць насуперак табе.
 
Вось, будуць засарамочаны а паганбены ўсі, што былі ўзлаваўшыся на цябе, будуць як нішто; і загінуць тыя, што правуюцца з табою.

Будзеш шукаць іх, і не знойдзеш людзей, якія спрачаюцца з табой; будуць, як бы іх не было, і быццам яны нішто, — людзі, якія ваююць супраць цябе.
 
Будзеш шукаць іх, і ня знойдзеш іх, тых, што сьперачаліся з табою; будуць як нішто, і як чыстае нішто тыя, што ваююць із табою;

Бо Я — Госпад, Бог твой, Які трымае цябе за руку і кажа табе: “Не бойся, чарвяк Якубе, Я дапамагу табе.
 
Бо Я СПАДАР, Бог твой, што дзяржыць правіцу тваю, кажучы табе: "Ня бойся, Я памагу табе".

Не бойся, чарвяк Якубе, — людзі з Ізраэля, — Я дапамагу табе”, — кажа Госпад і Збаўца твой, Святы Ізраэлеў.
 
Ня бойся, чарвяча Якаве, нячысьлены Ізраелю, Я памагу табе, — агалашае СПАДАР а Адкупіцель твой, Сьвяты Ізраеляў. —

Я перамяню цябе, як бы малацільную цялежку новую, якая мае падвоеныя рады зубоў. Будзеш малаціць горы — і сатрэш іх, і ўзгоркі зробіш, быццам парахно.
 
Вось, я зраблю цябе новаю войстраю малатарняю, войстраю з абодвых бакоў; Ты будзеш малаціць горы і пакрышыш, і ўзгоркі зробіш, як ўмецьце.

Правееш іх, і вецер разгоніць іх, і бура рассыпле іх: а ты будзеш радавацца ў Госпадзе і цешыцца ў Святым Ізраэлевым.
 
Ты будзеш веяць іх, і вецер разьнясець іх, і віхор расьцяруша іх; але ты будзеш цешыцца ў СПАДАРУ, у Сьвятым Ізраелявым будзеш хваліцца.

Бедныя і ўбогія шукаюць вады — і няма! Язык іх высах ад смагі. Я, Госпад, выслухаю іх, не пакіну іх, — Бог Ізраэля!
 
Убогія а бедныя шукаюць вады, але няма; язык іхны сохне ад смагі: Я, СПАДАР, адкажу ім, Бог Ізраеляў не пакіне іх.

Адрыю з голых скал рэкі, а на сярэдзіне лугоў — крыніцы; замяню пустыню на азёры, а сухую зямлю — на вадзяныя ручаі.
 
Я адчыню рэкі на высокіх месцах і жаролы сярод далінаў; Я абярну пустыню ў копань і сухую зямлю ў вытокі вады.

Пасаджу ў пустыні кедр, касію, мірт і аліўкавае дрэва; развяду на пустыні елку, вяз і разам кіпарысы,
 
Я пасаджу на пустыні кедру, акацу а мірту а аліўку; Я пастанаўлю ў сьцепе кіпрыс, явар а бук разам,

каб бачылі і ведалі, разважалі і адначасна разумелі, што рука Госпадава зрабіла гэта ды Святы Ізраэлеў стварыў гэта».
 
Каб абачылі а пазналі, пераканаліся а ўсі ўцямілі, што рука СПАДАРОВА зрабіла гэта, і Сьвяты Ізраеляў стварыў гэта.

«Прадстаўце справу вашу», — кажа Госпад, — і «Прывядзіце, калі маеце, доказы», — сказаў Валадар Якуба.
 
Дабліжча справу вашу, — кажа СПАДАР; — дабліжча блізюсенька моцныя довады вашы», кажа Кароль Якаваў.

Хай прыйдуць і паведамяць нам, якая будучыня; паведаміце, што было раней, каб прыклалі мы сэрца наша і каб ведалі, што цяпер, ды, што будзе, выявіце нам.
 
Няхай яны блізюсенька дабліжацца й скажуць нам тое, што будзе; зьясьніце нам, што значаць пачаткі здарэньняў, каб мы абярнулі сэрцы нашы і даведаліся канец іх; альбо азнайміце нам прыйдучыя.

Абвясціце, што мае стацца ў будучыні, каб пазналі мы, што вы багі. Зрабіце хоць што добрага або ліхога, каб разгледзелі мы і ўбачылі разам.
 
Азнайміце нам здарэньні пасьлейшыя, і будзем ведаць, што багове вы; ці будзеце рабіць добрае ці благое, мы будзем дзівавацца і абачым з вамі разам.

Вось жа вы — нішто, і праца ваша нічога не значыць, абрыда — той, хто вас выбірае.
 
Але вось, вы нішто, і справа вашая чыстае нішто; агіда тый, хто абірае вас.

«Узбудзіў Я з поўначы, і ён прыйшоў з усходу сонца; пазваў яго па імені; і ён стопча магнатаў, як балота, падобна, як ганчар топча гліну».
 
«Я ўзьняў, пабудзіў аднаго з поўначы, і ён прыйдзе; ад усходу сонца ён будзе гукаць імя Мае; ён прыйдзе на князёў, як на гліну, і патопча, як ганчар ліпкую гліну».

Хто абвясціў ад пачатку, каб мы ведалі, і намнога раней, каб сказалі мы: «Справядліва». Ніхто не аб’яўляў, ніхто не абвяшчаў, ніхто таксама не чуў слоў вашых.
 
Хто сказаў гэта ўперад, каб мы даведаліся, і здаўна, каб мы сказалі: «Ён справядлівы»? Але нават ніхто не сказаў, нават ніхто не абясьціў, і ніхто ня чуў словаў вашых.

«Першы [абвяшчаю] Сіёну: “Вось, прысутныя; і для Ерузаліма даю вестуна радасці”.
 
«Адно першы на Сыёне: вось, вось яны, і Я Ерузаліму дам прыносіць добрыя ведамкі.

І глядзеў Я, і не было нікога, нікога з іх, здатнага да рады, каб адказалі слова, калі іх запытаю.
 
І Я глянуў, і ня было нікога, і меж іх няма парадніка, каб Я мог папытацца ў іх, і каб яны адказалі.

Вось, усе яны — брыдота, марныя справы іх; вецер і нішчымнасць — статуі іх.
 
Вось, яны ўсі ашука, справы іхныя нішто, вецер а нярад літыя балваны іхныя.