Ісаі 53 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Хто ўверыў пачутаму ад нас, ды рука Госпада каму была аб’яўлена?
 
Хто паверыў чутаму ад нас, і плячо СПАДАРОВА каму аб’явілася?

І вырас Ён, быццам парастак перад Ім, і як бы корань з сухой зямлі. Не было ў Ім віду ані красы, каб мы падзівіліся на Яго, і не было выгляду ў Ім, каб нам падабаўся.
 
Ён узышоў перад відам Ягоным, як малады пагон, і як карэнь із сухое зямлі; няма ў Ім ані ўдобы, ані вялічча; і мы бачылі Яго, але ня было выгляду, каб мы Яго пажадалі.

Пагарджаны быў Ён, апошні з людзей, чалавек пакутаў, які спазнаў немач, і быццам мы закрывалі твар перад Ім; пагарджаны так, што мелі мы Яго за нішто.
 
Пагрэбаваны а адхінены людзьмі, муж болю, дазналы хваробы, і быццам хавалі віды ад Яго; пагрэбавалі, і мы не паважалі Яго.

Сапраўды, Ён узяў на Сябе немачы нашы, Ён Сам перанёс хваробы нашы; а мы думалі, што Ён пабіты, пакараны Богам і прыніжаны.
 
Запраўды хваробы нашы Ён нёс і немарасьці нашы цягнуў; мы, адылі, мелі яго за зражонага а бітага Богам а мучанага.

Дык Ён быў пакалечаны за грахі нашы, пабіты за нашы злачынствы; кара супакою нашага была на Ім, і ранамі Яго мы аздароўлены.
 
Але Ён зранены быў за выступы нашыя і зьмяжджулены за бяспраўі нашы; кара супакою нашага на Ім, болькамі Ягонымі мы ачунялі.

Усе мы, як авечкі, заблукалі, кожны з нас павярнуўся на дарогу сваю, а Госпад усклаў на Яго ўсю нашу несправядлівасць.
 
Усі мы, як авечкі, блудзілі, кажны на дарогу сваю зьвярнуў; і СПАДАР узлажыў на Яго бяспраўі ўсіх нас.

Здзекаваліся з Яго, але Ён Сам паддаўся і не адкрыў вуснаў Сваіх; як ягня, на зарэз ведзенае, ды як авечка маўчыць перад стрыгалямі, — не адкрыў Ён вуснаў Сваіх!
 
Уцісьнены Ён быў а мучаны, і не адчыняў вуснаў Сваіх; як агнё, на зарэз ведзенае, і як авечка перад стрыгучымі яе немая, і не адчыняў вуснаў Сваіх.

На прыніжэнне і суд Ён быў аддадзены. І паходжаннем Яго хто пацікавіцца? Бо з зямлі ўзята жыццё Яго, за грахі Майго народа забіты быў насмерць.
 
Зь вязьніцы а суду быў узяты; і праз род Ягоны хто паведае? бо адцяты ад зямлі жывых; за выступ люду Майго быў зражаны.

І прызначылі Яму паграбенне разам з бязбожнікамі, ды разам з багатымі магіла Яго, бо нікому не зрабіў крыўды і не было падману на вуснах Яго.
 
І далі зь ліхадзеямі гроб Яму, а ў багатага па сьмерці Сваёй; бо не рабіў усілства, і ня было хітрыні ў вуснах Ягоных.

І захацеў Госпад сцерці Яго немаччу. Калі складзе Ён Сваю душу ў ахвяру, убачыць Ён даўгавечнае патомства, і воля Госпада рукою Яго споўніцца.
 
Але СПАДАР захацеў зьмяжджуліць Яго, прычыніць Яму болі. Як акануе душу Сваю на аброк, то абача насеньне, прадоўжа дні свае, і хаценьне СПАДАРОВА ў руццэ Ягонай будзе дасьпешным.

На подзвіг душы Сваёй Ён будзе глядзець з задавальненнем, насыціцца веданнем Сваім. «Слуга Мой справядлівы апраўдае многіх, і несправядлівасці іх Сам Ён будзе несці.
 
З трудненьня душы Свае абача, насыціцца. Пераз тое, што Яго пазнаюць, аправе Справядлівы Слуга Мой шмат каго, і бяспраўі іхныя пацягне.

Таму аддам Яму многіх, і з моцным падзеліць Ён здабытак, за тое, што душу Сваю выдаў на смерць і ў злачынцы быў залічаны; а Ён узяў на Сябе грэх многіх, таму заступаецца за праступных».
 
Затым надзялю Яму памеж вялікіх, і з дужымі падзеле здабытак, бо Ён агаліў душу Сваю на сьмерць, і да выступнікаў залічаны, і панёс грахі шмат каго, і за выступнікаў прычыняўся.