Ісаі 59 разьдзел
Кніга прарока Ісаі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча
Вось жа, рука Госпада не скарацілася, каб не магла зберагаць, ані вуха Яго не пагоршылася, каб не чула.
Вось, не пакарацела рука СПАДАРОВА, каб магла спасаць, і не пацяжэла вуха Ягонае, каб магло чуць.
Але правіннасці вашы аддзялілі вас ад Бога вашага і грахі вашы засланілі аблічча Яго ад вас, каб вас не чуў.
Адно бяспраўі вашы зрабілі падзел меж вас і Бога вашага, і грахі вашыя закрылі від Ягоны ад вас, каб Ён ня чуў;
Рукі бо вашы сплямлены крывёю, а пальцы вашы — злачынствам, вусны вашы кажуць няпраўду, а язык ваш дапускаецца злачынства.
Бо рукі вашыя ўпаганены крывёй і палацы вашы — бяспраўям; вусны вашы гукаюць ману; язык ваш мармоча несправядлівасьць.
Няма нікога, хто б заклікаў да справядлівасці, няма нікога, хто б судзіў праўдзіва. Ні на што не абапіраюцца і гавораць марна, і нараджаюць злачынства, і плодзяць ліхоту.
Ніхто ня гукае да справядлівасьці ані прычыняецца за праўду; спадзяюцца на марнасьць і гукаюць ману, пачынаюць бяду і родзяць бяспраўе,
Выседжваюць яйкі змеяў ды ткуць павуцінне; хто з’есць іх яйкі, памрэ, а з разбітага [яйка] праб’ецца васіліск.
Выседжуюць яйцы базылішка і ткуць павучыньне. Хто пад’есьць гэтых яец — памрэць, а калі разаб’ець якое, — вылупіцца гадзіна.
Тканіны іх не прыдадуцца на адзенне, і не апрануцца яны ў вырабы свае; учынкі іх — гэта ўчынкі збродныя, і злачынствы гвалту — на іх руках.
Павучыньне іхнае ня годзіцца на адзецьце, і яны не накрыюцца вырабамі сваімі; справы іхныя — справы бяспраўя, і ўчынкі ўсілства ў руках іхных,
Ногі іх бягуць да ліхоты і скорыя да праліцця бязвіннай крыві; намеры іх — намеры збродныя, знішчэнне ды няшчасце на іх шляхах.
Ногі іхныя бягуць да ліха й барзьдзяць разьліваць нявінную кроў; думкі іхныя — думкі бяспраўя; спустошаньне а згуба на дарозе іхнай.
Не спазналі яны шляху супакою, і няма законнасці на іх шляхах; сцежкі іх скрывіліся для іх; кожны, хто ходзіць па іх, не знойдзе супакою.
Дарогі супакою яны ня знаюць, і нямаш суду на сьценках іхных; сьцежкі свае скрывілі сабе; ніхто, што ходзе па іх, ня знае супакою.
Таму аддалілася ад нас законнасць і не даходзіць да нас правасуддзе; чакаем святла, і, вось, цемра, яснасці, а ходзім у тумане.
Затым суд далёка ад нас, ані даганяе нас справядлівасьць; жджэм сьвятліні, але во цемра, — зьзяньня, але ходзім у цемрадзі.
Як сляпыя, вобмацкам шукаем сцяну і, як бы без вачэй, ідзём усляпую; спатыкаемся апоўдні, быццам на змярканні, сярод здаровых — быццам мёртвыя.
Шчупаем, як нявісныя, сьцяну, і, як бязочныя, вошчупкам ходзім; спатыкаемся паўднём, як у сумараку, у цямноце, як мерцьвякі.
Усе рыкаем, быццам мядзведзі, і, як галубы, гуркочам. Чакаем законнасці, а яе няма, збаўлення, але яно ад нас далёка.
Мы ўсі равем, як медзьвядзі, і, як галубы, стогнем, стогнем; жджэм суду, але няма, — спасеньня — яно далёка ад нас;
Размножыліся, вось, беззаконні нашы перад Табою, і грахі нашы адкажуць за нас; бо злачынствы нашы — з намі ды пазнаём мы сваю заганнасць.
Бо памножыліся выступы нашы супроці Цябе, і грахі нашыя сьветчаць супроці нас; выступы нашы з намі, і мы знаем бяспраўе свае.
Грашым і хлусім супраць Госпада, і адступаемся ад Бога нашага; нараджаем і мармычам з сэрца словы хлусні.
Чынілі выступы й адракаліся СПАДАРА, адвярнуліся, каб ня йсьці за Богам нашым, гукаючы ўціск а бунт, пачынаючы а вымаўляючы із сэрца словы маны.
Перавярнулі дагары нагамі закон, а дзе там справядлівасць; захісталася праўда на плошчы, і законнасць увайсці туды не можа.
Адступіў назад суд, і справядлівасьць далёка; бо спаткнулася на вуліцы праўда, пасьцівасьць не магла ўвыйсьці.
І так праўда пайшла ў забыццё, мала хто сцеражэцца ліхоцця. І бачыць Госпад — зло паказалася Яму на вочы: няма закону.
І зьгінула праўда, і тый, што адыходзе ад ліха, робіцца здабыткам. І СПАДАР бачыў, было ліха ў ваччу Ягоным, бо няма суду.
І бачыць Госпад — няма чалавека, і засумняваўся, што няма каму прыйсці на дапамогу. Тады рука Яго прынесла Яму перамогу, а справядлівасць сама дапамагла Яму.
І Ён бачыў, што ня было людзіны, і дзіваваўся, што ня было прычынцы; і плячо Яго памагло Яму, і справядлівасьць Ягоная падперла Яго.
Адзеўся ў справядлівасць, як у панцыр, і шалом збаўлення на галаве яго, адзеўся ў вопратку помсты. Ды ўбраўся ў руплівасць, быццам у плашч.
Бо Ён адзеў справядлівасьць на сябе, як панцыр, і шолам спасеньня на галаву сваю, і ўбраўся ў тоґу помсты замест адзецьця, і ахінуўся, як ахілімам, рупатлівасьцяй,
Паводле заслуг адплаціць кожнаму: ворагам Сваім — гневам, астравам — узаемнай адплатай.
Подле ўчынкаў Ён адплаце: гневам Сваім непрыяцелям, заплатаю Сваім праціўнікам, абтокам дасьць адплату.
Якія ад захаду — будуць баяцца імя Госпада, а тыя, што ад усходу сонца, — славы Яго, калі прыйдзе, як ручай у разліве, гнаны духам Госпада.
І будуць баяцца ад захаду імені СПАДАРОВАГА і ад усходу сонца славы Ягонае; бо прыйдзе, як рака, непрыяцель, Дух СПАДАРОЎ спудзе яго.
І прыйдзе з Сіёна Збаўца, і да тых, якія вярнуліся назад ад правіннасці ў Якубе, звернецца Госпад.
«І прыйдзе Адкупіцель да Сыёну а да тых, што адвярнуліся ад выступу ў Якаву», — агалашае СПАДАР.
«І гэта ім ад Мяне запавет, — кажа Госпад: — Дух Мой, Які на табе, і словы Мае, якія ўклаў Я ў вусны твае, не сыдуць з вуснаў тваіх ды з вуснаў патомства твайго, — кажа Госпад, — адсюль і навечна».
«А што да Мяне — вось, змова Мая зь імі, — кажа СПАДАР: — Дух Мой, каторы на табе, і словы Мае, каторыя Я ўлажыў у вусны твае, не адыйдуць ад вуснаў тваіх ані ад вуснаў насеньня твайго, ані ад вуснаў насеньня насеньня твайго, — кажа СПАДАР, адгэтуль і на векі».