Ісаі 20 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

У год, у які ўвайшоў Тартан у Азот, калі паслаў яго Саргон, цар асірыйцаў, і ваяваў ён супраць Азота, і здабыў яго,
 
Таго году, калі Тартон прышоў да Ашдоду, як паслаў яго Сарґон, кароль Асырскі, і ваяваў з Ашдодам, і перамог яго,

а ў гэты самы час прамовіў Госпад да Ісаі, сына Амоса, кажучы: «Ідзі, развяжы зрэбніцу са сцёгнаў тваіх, здымі таксама сандалі з ног тваіх!» І зрабіў ён так, ходзячы голы і босы.
 
У тым самым часе казаў СПАДАР Ісаям Амасёнкам, кажучы: «Ідзі й здыймі зрэбніну ізь сьцёгнаў сваіх, і разуй вобуй з ног сваіх». І ён зрабіў так, ходзячы голы а босы.

І сказаў Госпад: «Як слуга Мой, Ісая, хадзіў голы і босы тры гады на знак і дзіўны сімвал адносна Егіпта і Этыёпіі,
 
І сказаў СПАДАР: «Як слуга Мой Ісая хадзіў голы а босы тры гады на знак а чуда ўзглядам Ягіпту а Ефіопы,

так цар асірыйцаў павядзе палонных з Егіпта і бежанцаў з Этыёпіі: маладых і старых, голых і босых, і з голымі сцёгнамі — на ганьбу Егіпта.
 
Так кароль Асырскі павядзець вязьняў Ягіпцян і палоненікаў Ефіоплян, дзяцюкоў і старых, голых а босых, нават із аголенымі сьцёгнамі, на сорам Ягіпту.

І спалохаюцца і засаромеюцца дзеля Этыёпіі, надзеі сваёй, ды дзеля Егіпта, славы сваёй.
 
І будуць баяцца а сароміцца за Ефіопу, спадзеву сваю, і за Ягіпет, славу сваю.

І скажа ў той дзень жыхар гэтага марскога ўзбярэжжа: “Вось, гэта была надзея наша, да якой мы звярталіся па дапамогу, каб вызваліцца ад цара асірыйцаў! Як жа зможам мы ўратавацца?”»
 
І таго дня скажуць жыхары таго ўзьбярэжжа: "Гля, такая наша спадзева, куды ўцякалі помачы на вывальненьне ад караля Асырскага; і як мы ўцячэм?"»