Ісаі 13 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Прадказанне Бабілону, якое бачыў Ісая, сын Амоса.
 
Цяжар узглядам Бабілёну, што відзеў Ісая Амасёнак.

На лысай гары ўзнясіце знак, падыміце гоман; падыміце руку, каб увайшлі ў брамы князёў.
 
На гары высокай падыміце харугаў; пусьціце голас да іх; кіўніце рукою, і прыйдуць у брамы дабрародных.

«Я загадаў Маім пасвячоным; у гневе Сваім пазваў ваяроў Сваіх, якія радуюцца ў славе Маёй».
 
Я расказаў пасьвячаным Сваім, Я таксама гукаў дужых Сваіх да гневу Свайго, тых, што цешацца з узвышаньня Майго.

Гоман натоўпу ў гарах быццам вялікіх грамадаў. Гоман гучны дзяржаў сабраных разам народаў. Госпад Магуццяў аглядае войска перад бітвай;
 
Шум множасьці на горах, падобна, як вялікага люду; галасьлівы шум каралеўства зьбертых народаў. СПАДАР войскаў робе перагляд баявога войска.

прыходзяць з далёкіх краін, ад небасхілу, Госпад і сродкі Яго гневу, каб спустошыць усю зямлю.
 
Прыходзяць із далёкага краю, ад канца нябёсаў, СПАДАР і зброя абурэньня Ягонага, зьнішчыць усю зямлю.

Гаманіце! Бо блізкі дзень Госпадаў, быццам спусташэнне прыйдзе ад Госпада.
 
Галасіце, бо блізкі дзень СПАДАРОЎ, прыйдзе, як зьнішчэньне ад Усемагучага.

Таму ва ўсіх рукі апусцяцца ды сэрца кожнага чалавека самлее.
 
Затым усі рукі скволеюць, і сэрца кажнае людзіны замлее.

Трупянеюць. Хапаюць іх пакуты і боль, будуць яны пакутаваць, як тая, што нараджае; кожны ў аслупяненні глядзець будзе на блізкага свайго, выразы твараў іх распаленыя.
 
Яны жахаюцца; сударгі а болі схопяць іх; яны чуюць болі, як жонка родзячы; із зуменьням глядзяць адзін на аднаго; як выгляд поламя віды іхныя.

Вось жа, дзень Госпадаў надыходзіць, жудасны і поўны ўзбурэння, гневу і лютавання, каб зямля зрабілася пустыняй ды каб сцёр Ён грэшнікаў з яе.
 
Вось, прыходзе дзень СПАДАРОЎ, неміласьціўны а гнеўны, з палкім гневам, каб абярнуць зямлю ў пустыню і грэшнікаў ейных выгубіць ізь яе;

Бо зоркі нябесныя і свяцілы яго не разальюць святла свайго; сонца зацемрыцца пры ўзыходзе сваім, і месяц не дасць святла свайго.
 
Бо нябёсныя зоры а сузор’і не дадуць свае сьвятліні; сонца пацямнела ўсходам сваім, і месяц ня будзе зьзяць сьвятлінёю сваёй.

І наведаю Я свет дзеля ліха ды бязбожнікаў дзеля злачынстваў іх; і спыню Я пыху ганарыстых ды задзірыстасць моцных упакору.
 
І Я пакараю сьвет за ліха і нягодных за бяспраўе іхнае; зраблю, каб перастала пыхатасьць гордых і вяльмуваньне гвалтоўнікаў паніжу;

Муж будзе радчэйшым за золата, і чалавек — за самае чыстае золата.
 
Я ацаную людзіну даражэй за чыстае золата, чалавека за золата Офірскае.

Таму страсяну нябёсы, і зямля зрушыцца з месца свайго ў абурэнні Госпада Магуццяў ды ў дзень лютавання гневу Яго.
 
І затым Я захістаю нябёсы, і зямля затрасецца на сваім месцу ў вабурэньню СПАДАРА войскаў, у дзень палкага гневу Ягонага.

І будзе [кожны], як газэль, якая ўцякае, і як авечка, і не будзе каму сабраць, — і кожны вернецца да свайго народа ды кожны ўцячэ да свайго краю.
 
І будзе, як алень, за каторым гоняцца, і як авечкі, безь зьбіраючага, кажны паверне да люду свайго, і ўцячэць кажны да краю свайго;

Кожны, хто будзе злоўлены, — будзе забіты, і кожны, хто будзе схоплены, — падзе ад меча.
 
Кажны знойдзены будзе прабіты, і кажны, што прылучыцца да іх, падзець ад мяча;

Дзеці іх на іх вачах будуць пабітыя, дамы іх будуць абрабаваныя, а жонкі — згвалтаваныя.
 
І дзецяняты іхныя будуць разьбіты перад ачыма іхнымі; дамы іхныя будуць аглабаны, і жонкі іхныя будуць паганбены.

А Я падбуру супраць іх мідзян, якія не сквапяцца на срэбра ды золата не хочуць,
 
Вось, Я падыйму на іх Мідзян, што ня важаць срэбра й ня любуюць золата.

але лукі пасцінаюць юнакоў, і не пашкадуюць яны плода ўлоння.
 
І лукі іхныя зломяць дзяцюкоў, і ня зьмілуюцца над плодам жывата; вока іхнае не пажалее дзяцей.

Тады будзе Бабілон, перл валадарстваў, высокі гонар халдэяў, такім, як калі перавярнуў Госпад Садом і Гамору.
 
І Бабілён, слава каралеўстваў, харашыня вялічча Хальдэяў, станецца як разбураныя Богам Содома а Ґомора.

Не будзе ніколі больш абжытая, ані заселена з патомства ў патомства, не паставіць там араб палаткі, ані пастухі не зробяць там лежбішча.
 
Ён ніколі ня будзе населены, і ня будуць у ім жыць ад пакаленьня аж да пакаленьня. Арабаве не пастановяць там буданоў сваіх, і пастухі ня будуць ляжаць там;

Але там будуць вылежвацца дзікія звяры і напоўняць дом іх совы, а абжывуцца там страусы ды казлы гарцаваць там будуць.
 
І будуць ляжаць там дзікія зьвяры, і напоўняцца дамы іхныя пугачамі, і будуць жыць там стравусы, і касматыя скакаць там будуць,

І будуць перагуквацца ў яго палацах гіены, і ў раскошных пакоях — шакалы. Блізкі ўжо час яго, і дні яго не прадоўжацца.
 
І шакалы будуць выць там у багатых дамох, і смокі ў прыемных палацах. І блізкі час прыходу ягонага, і дні ягоныя не працягнуцца.