Ісаі 10 разьдзел
Кніга прарока Ісаі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча
Гора тым, хто ўслаўляе законы ліхія і хто піша пастановы несправядлівыя,
Бяда тым, што робяць несправядлівыя пастановы, і пісарам, уціск пішучым,
каб на судзе прыціскаць убогіх ды каб сілу прымяняць у справах простых з народа Майго, каб удовы сталіся здабычай іх і каб сірот абрабоўваць!
Каб адхінуць бедных ад рассудку і каб адабраць суд у ўбогіх люду Майго, каб ўдовы сталі іх здабыткам і каб аглабаць сіроты.
А што будзеце рабіць у дзень наведвання і няшчасця, якое прыйдзе здалёк? Да каго пабяжыце па дапамогу ды дзе пакінеце вашу славу?
Але што будзеце рабіць у дзень даведаньня а загубы, што йдзець здалеку? Да каго ўцячыце помачы? І йдзе пакінеце славу сваю?
Або скурчыцеся паміж палонных, або пападаеце паміж забітых. Па гэтым усім не спыніўся гнеў Яго, але рука Яго аж дагэтуль выцягнута.
Безь Мяне ўклякнуць меж палоненікаў і паваляцца меж забітых. У вусім гэтым гнеў Ягоны ня суймецца, і рука Ягоная яшчэ выцягненая.
«Гора — асірыец, дубец гневу Майго ды палка ў руцэ Маёй, абурэнне Маё!
Бяда Асыры, дубцу гневу Майго, кій у руках іхных — абурэньне Мае.
Да народа бязбожнага пасылаю яго, прызначаю яго супраць народа гневу Майго, каб забраў ён даніну і вырваў здабычу і каб выставіў яго на патаптанне, быццам бруд на плошчах.
Я пашлю яго на народ двудушны і на люд гневу Майго, дам яму расказаньне ўзяць здабытак, глабаньне і патаптаць яго, як балота на вуліцы.
Але ён не так думае ды сэрца яго не так разумее; але ў сэрцы яго намер: вымардаванне і вынішчэнне многіх народаў.
Але ён ня так разумее, і сэрца ягонае ня так думае, бо ў сэрцу ягоным — выгубіць а зьнішчыць ня мала народаў;
Скажа вось: “Ці ж і мае князі ўсе не цары?
Бо кажа: «Ці ж князі мае ня ё таксама каралямі?
Ці ж і Каркаміс не такі, як Халан, а Арпад ці ж не такі, як Эмат? Ці ж і Дамаск не такі, як Самарыя?
Ці Кально не як Кархеміш? Ці Гамаф не як Арпад? Самара ня тое, што Дамашк?
Як рука мая захапіла паганскія царствы, у якіх ідалаў больш, чым у Ерузаліме і ў Самарыі, —
Як рука мая дасягла каралеўствы балваноў, і выразаных балваноў у іх болей, чымся ў Ерузаліме а Самары;
ці ж не так зрабіў я Самарыі і ідалам яе, ці ж не так зраблю і Ерузаліму і яго ідалам?”»
Дык ці ня так, як я зрабіў із Самараю а балванамі яе, зраблю зь Ерузалімам а абразамі яго?»
І будзе: калі Госпад споўніць усе справы Свае на гары Сіён і ў Ерузаліме, тады прыйду Я паглядзець на плод пыхі сэрца цара Асірыі і на ганарыстасць узнёсласці вачэй яго.
І будзе як Спадар справе ўсю справу Сваю над гарою Сыёнам а Ерузалімам, Ён скажа: Я даведаюся да плоду пыхатага сэрца караля Асырскага і да славы высокага пагляду ягонага;
Сказаў бо: «Дзейнічаў сілай маёй рукі ды мудрасцю маёй, бо я — разумны, і перанёс я межы народаў, і абрабаваў скрыні іх, і, быццам волат, сцягнуў тых, хто сядзеў высока;
Бо ён сказаў: «Сілаю рукі свае зрабіў я гэта і мудрасьцю сваёю, бо я разумны; аддаляю граніцы людаў і глабаю скарбы іхныя, я ськінуў, як дужасіл, жыхараў;
і схапіла рука мая, як гняздо, багацце народаў: і як збіраюць пакінутыя яйкі, так я сабраў усю зямлю; ды не было, хто б трапянуў крылом, ніхто не адчыніў дзюбы, ніхто не піскнуў».
І рука мая знайшла, як гнезды, багацьці люду; і як зьбіраньнік пакіненых яец, я зьбер усю зямлю; і ніхто не крануў крылом, не адчыніў роту, ня піснуў».
Ці ж будзе выхваляцца сякера перад дрывасекам? Або ці ўзносіцца піла над тым, хто цягае яе? Як быццам бы бізун пачне панукаць таго, хто падымае яго, ды палка пачне ўздымацца на таго, хто не дрэва!
Ці можа сякіра хваліцца перад тым, хто сячэць ёю? Ці можа піла гардзіцца перад тым, хто пілуе ёю? Як бы пруток пачаў махаць над тым, хто падыймае яго! як бы кій падыймае сябе, бы ня будучы дзервам!
Дзеля гэтага і Валадар, Госпад Магуццяў, пашле схудненне на тлустых яго; а пад славай яго разгарыцца полымя, быццам пажар.
І затым пашлець Спадар, СПАДАР войскаў, сухарлявасьць на сытых ягоных, і пад славаю ягонаю ўзгарыцца полымя, як полымя цяпла.
Святло Ізраэля станецца агнём, а Святы яго — полымем: Ён загарыцца і паглыне церні яго і калючкі за адзін дзень.
І будзе Сьвятліня Ізраеля цяплом, і Сьвяты яго полымям, і спале, і пажарэць цернь ягоны а бадзючае кустоўе ягонае за адзін дзень.
І велічнасць лесу яго і саду яго вынішчыць ад душы аж да цела, і будзе марнець, быццам хворы;
І слава лесу ягонага і плоднага поля ягонага, ад душы аж да цела, будзе зьнішчана; і станецца, як высілены сьцяганоша.
і апошнія дрэвы ў яго лесе будуць настолькі нешматлікія, што дзіця іх зможа перапісаць.
Астача лесавога дзярэўя ягонага будзе нячысьленая, і малец яго запіша.
І будзе ў той дзень: не будзе больш астатак Ізраэля і тыя з дому Якуба, якія ўцяклі, абапірацца на таго, хто іх б’е, але абапірацца будуць на Госпада, Святога Ізраэлева, у праўдзе.
І станецца таго дня: і ня будуць болей астача Ізраеля і ўцеклыя з дому Якававага апірацца на б’ючага іх, але запраўды абапруцца на СПАДАРА, Сьвятога Ізраелявага.
Рэшткі вернуцца, рэшткі, кажу, Якуба да Бога Магутнага.
Засталыя навернуцца, засталыя ад Якава да БОГА Моцнага;
Бо хоць бы народ твой, Ізраэль, быў, як пясок марскі, рэшткі з яго вернуцца. Вынішчэнне вызначана, каб здейснілася справядлівасць,
Бо хоць бы люд твой, Ізраелю, быў, як пясок морскі, астача яго навернецца. Наканаванае зьнішчэньне — паводка справядлівасьці;
бо Госпад, Бог Магуццяў, здзейсніць вынішчэнне, якое пастаноўлена, на ўсёй зямлі.
Бо Спадар, СПАДАР войскаў, учыне наканаванае выгубленьне сярод усяе зямлі.
Дзеля таго вось што кажа Госпад, Бог Магуццяў: «Народзе Мой, што жывеш на Сіёне, не бойся Асірыі: дубцом будзе біць яна цябе і палку сваю падыме, як Егіпет.
Затым гэтак кажа Спадар, СПАДАР войскаў: «Ня бойся, людзе Мой, на Сыёне жывучы, Асура. Ён б’ець цябе дубцом і падыймае кій свой на цябе подле звычаю Ягіпту;
Яшчэ хвілінка малая, і спыніцца абурэнне Маё і гнеў Мой [павернецца] на іх загубу».
Бо яшчэ вельма мала, і гнеў суймецца, і гнеў Мой на згубу ім».
І ўзбудзіць Бог Магуццяў бічаванне, як тады, калі пакараў мадыянцаў каля скалы Гарэб, або калі ўзнёс палку Сваю над морам ды падняў яе на дарогу егіпцян.
І СПАДАР войскаў узруша на іх розку, як зразіў Мідзянян ля скалы Орывы, і як прут Ягоны на мору, і падыйме яго, як на Ягіпет.
І будзе ў той дзень: здымецца бярэмя яго са спіны тваёй ды ярмо яго з шыі тваёй. Вораг з’яўляецца з боку Рэмона.
І таго дня цяжар ягоны адыймецца з плеч тваіх, і йго ягонае — із шыі твае, і йго зьнішчыцца ад сыціні.
Прыйдзе ён у Аят, пройдзе праз Магрон, пры Міхмасе пакідае свае пажыткі;
Ён прыходзе да Аяфу, пераходзе да Міґрону, у Міхмасе ён станове снасьці свае,
пераходзіць брод хутка: у Габе мы пераначуем, дрыжыць Рама, Габа Саўлава ўцякае.
Пераходзе праход Ґева — начулішча наша; Рама дрыжэла, і Ґівеа Саўлава ўцякла.
Бэт-Галім, крычы на ўвесь голас! Лаіс, паслухай! Анатот, адкажы ёй!
Узьнімі голас свой, дачка Ґаліма; ўважай Лаіша, бедны Анафоф!
Медемена ўцякае, жыхары Габіма ўцякаюць.
Мадмена бадзяецца, жыхары Ґевіма закалянелі.
Сёння стане ў Нобе: патрасе рукою сваёй на гару дачкі Сіёна, на ўзгорак Ерузалім.
Яшчэ дзень застанецца ён у Нове; падыйме руку сваю на гару дачкі Сыёну, на ўзгорак Ерузаліму.
Вось жа, Валадар, Госпад Магуццяў, са страшэннай моцай абразае вярхі дрэў: найвышэйшыя вяршкі абразаюцца, высокія — згінаюцца.
Вось, Спадар, СПАДАР войскаў, ломе голі із страшнаю сілаю; тыя, што высака падняліся, будуць адцяты, і пыхатыя будуць паніжаны;
Гушчары лясныя ссякаюцца сякераю. Валіцца Лібан са сваёю пышнасцю.
І Ён адатнець лесавыя гушчары зялезам, і Лібан паваліцца ад Моцнага.