2 да Карынфянаў 1 разьдзел
Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча
Паўла, з волі Божай Апостал Ісуса Хрыста, і Цімафей, брат, Царкве Божай, што ў Карынце, з усімі святымі, што ва ўсёй Ахаі:
Паўла, з волі Божае апостал Ісуса Хрыста, а Цімох брат, царкве Божай, што ў Карынце, з усімі сьвятымі, што ў вусёй Ахаі:
ласка вам і супакой ад Бога, Айца нашага, і Госпада Ісуса Хрыста.
ласка вам а супакой ад Бога Айца а Спадара Ісуса Хрыста.
Дабраславёны Бог і Айцец Госпада нашага Ісуса Хрыста, Айцец міласэрнасці і Бог усякага суцяшэння,
Дабраславёны Бог а Ацец Спадара нашага Ісуса Хрыста, Ацец міласэрдзя і Бог усялякага пацяшэньня,
Які суцяшае нас у кожным нашым горы, каб мы самі маглі суцяшаць тых, што ў якой-колечы бядзе, суцяшэннем, якім самі суцяшаемся ад Бога.
Каторы цеша нас у кажнай атузе нашай, каб і мы маглі цешыць тых, што былі б у якой-лень атузе, тым пацяшэньням, каторым Бог цеша нас самых!
Бо як у нас памнажаюцца цярпенні Хрыстовы, так і праз Хрыста павялічваецца суцяшэнне наша.
Бо як збыткуюць у нас цярпеньні Хрыстовы, так пераз Хрыста збыткуюць таксама пацяшэньні нашы.
І, калі мы смуткуем, дык для суцяшэння вашага і для збаўлення; а калі мы суцяшаемся, дык для вашага суцяшэння і збаўлення, каб вы цярпліва пераносілі гэтыя самыя пакуты, якія і мы церпім.
Калі мы ў ватузе, дык дзеля вашага пацяшэньня а спасеньня, каторае дзеецца ператрываньням тых самых цярпеньняў, каторыя й мы церпім;
І надзея наша на вас цвёрдая, бо ведаем, што вы ёсць супольнікі як пакут, так і суцяшэння.
І надзея наша на вас пэўная. Калі ж цешымся, дык із вашага пацяшэньня а спасеньня, ведаючы, што як вы ўчасьнікі цярпеньня, так і пацяшэньня.
Не хочам, браты, каб вы не ведалі пра наша гора, якое сталася ў Азіі, бо нас страшна прыціснула звыш сілы, так што не спадзяваліся жыць.
Бо мы ня зычым, каб вы ня ведалі, браты, праз атугу, каторая сталася нам ув Азі, што мы ацяжараны былі звыш меры а сілы, ажно былі ў безнадзеяньню ўзглядам жыцьця.
Але мы самі ў сабе мелі прысуд смерці, каб не пакладаліся на саміх сябе, але на Бога, Які ўваскрашае мёртвых.
Але самы ў сабе мелі рассудак сьмерці, каб не спадзявацца на самых сябе, але на Бога, Каторы ўскрышае мертвых,
Ён і выбавіў нас ад такой смерці, і выбаўляе, і мы маем у Ім надзею, што і далей будзе выбаўляць,
Каторы выбавіў нас ад так блізкое сьмерці і выбаўляе, і на Каторага спадзяемся, што й яшчэ выбаве.
за дапамогай вашых малітваў за нас, каб за той дар, што мы маем ад многіх людзей, многія падзяку складалі за нас.
І вы супрацаваць будзеце малітвамі за нас, каб за дары нам, за прычынаю шмат каго, дзякаваньне было за нас.
Бо пахвала наша — гэта сведчанне сумлення нашага, што ў прастаце ды ў шчырасці Божай, і не ў цялеснай мудрасці, але ў ласцы Божай жылі мы на свеце, асабліва ў вас.
Бо пахвала нашая гэта, сьветчаньне сумленьня нашага, што ў прасьціні а шчырасьці перад Богам. ня ў мудрасьці цялеснай, але ў ласцы Божай, мы паступалі на сьвеце, асабліва ж із вамі.
Не пішам вам нічога, як толькі тое, што вы чытаеце і што разумееце. Спадзяюся, што і да канца будзеце разумець.
Бо мы ня пішам вам нічога іншага, але што вы чытаеце й разумееце, і спадзяюся, што будзеце разумець аж да канца;
Вы ўжо часткова зразумелі нас, што мы ёсць пахвала ваша, а вы — наша ў дзень Госпада нашага Ісуса.
Бо вы часткава й даведаліся ўжо, што мы будзем вашай пахвалаю, аднолькава й вы нашай, у дзень Спадара нашага Ісуса.
І з такой пэўнасцю я ўжо раней хацеў прыбыць да вас, каб атрымалі вы паўторную ласку,
гэтай пэўнасьцю я маніўся прыйсьці да вас уперад, каб вы ўдругава ласку мелі,
і ад вас прайсці ў Мацэдонію, а з Мацэдоніі зноў прыйсці да вас, каб вы правялі мяне ў Юдэю.
І пераз вас прайсьці да Макядоні, з Макядоні ж ізноў прыйсьці да вас, а вы праводзілі б мяне да Юдэі.
Калі я меў гэткі намер, ці рабіў гэта легкадумна? Ці тое, што я задумваю, паводле цела задумваю, каб было ў мяне: «так — так» і «не — не»?
Ці ўлегцы я зрабіў, маючы такі замер? Ці што я замяраю, подле цела замяраю, так што ў мяне «Але, але» і «Не, не»?
Верны Бог, што слова наша, якое было ў вас, — не было «так» і «не»!
Вось жа, верны Бог, што слова наша да вас ня ёсьць «Але» й «Не».
Бо Сын Божы Ісус Хрыстос, Якога мы вам прапаведавалі, — я, і Сіліван, і Цімафей, — не быў: «так» і «не», але ў Ім было «так».
Бо Сын Божы, Ісус Хрыстос, абяшчаны памеж вас намі, імною а Сіланом а Цімохам, ня быў «Але» й «Не»; але ў Ім было «Але»,
Бо колькі абяцанняў Бога, у Ім — «так». Таму таксама праз Яго і «амін», на хвалу Богу праз нас.
Бо ўсі абяцаньні Божыя ў Ім «Але» і ў Ім «Амін», — на славу Божую пераз нас.
А Той, Хто нас умацоўвае разам з вамі ў Хрысце ды Хто нас намасціў, ёсць Бог,
А тый, што зацьвярджае нас із вамі ў Хрысту і памазаў нас, ё Бог,
Які запячатаў нас ды пакінуў заруку Духа ў сэрцах нашых.
Каторы таксама запячатаваў нас і даў задатку Духа ў сэрцы нашы.
Дык прызываю ў сведку Бога і душу маю, што, шкадуючы вас, я дасюль не прыходзіў у Карынт
Бо гукаю Бога за сьветку на душу сваю, што, шчаджаючы вас, я дагэтуль ня прыходзіў да Карынту,
не з-за таго, што мы валадарым над верай вашай, але мы памочнікі вашае радасці, бо ў веры вы трывалыя.
Не затым, быццам мы бярэм уладу над вераю вашаю; але мы супрацаўні радасьці вашае: бо вераю вы стаіце.