2 да Карынфянаў 2 разьдзел
Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча
Я пастанавіў сам у сабе, каб не ісці да вас зноў у смутку,
Я разважыў гэта сабе ня прыйсьці да вас ізноў із смуткам.
бо, калі я вас засмучаю, хто мяне парадуе, калі не той, хто быў мною засмучаны?
Бо, калі я засмучу вас, хто разьвяселе мяне, калі ня тый, хто засмучаны імною.
І пісаў я вам пра гэта, каб, прыбыўшы, не мець смутку ад тых, ад якіх належала радавацца, бо я перакананы адносна ўсіх вас, што мая радасць для ўсіх вас.
І гэта самае я пісаў вам, каб, прышоўшы, ня мець смутку ад тых, з каторых меў бы цешыцца, маючы пэўнасьць праз усіх вас, што радасьць мая ёсьць усіх вас.
Бо з вялікім жалем і тугою сэрца ды са слязамі пісаў я вам не дзеля таго, каб засмуціць вас, але каб вы адчулі, якую вялікую любоў маю я, асабліва ж да вас.
Бо зь вялікае атугі а неўпакою сэрца я пісаў вам із шмат сьлязьмі, не каб засмуціць вас, але каб вы пазналі любосьць, каторую я із збыткам маю да вас.
Калі хто засмуціў, то не мяне засмуціў, але, каб лішне не сказаць, часткова і ўсіх вас.
Калі ж хто засмуціў, ён не мяне засмуціў, але часткава ўсіх вас, каб я ня быў перацяжараны.
Такому хопіць кары, вызначанай большасцю,
Такому досыць гэтае кары ад бальшыні.
але лепш, каб вы такому даравалі ды суцешылі, каб празмерная згрызота яго не ахапіла.
Так што вы наадварот валей і даруйце й пацешча, каб можа надзвычайны смутак не пажэр яго.
Таму прашу вас, каб выказалі такому любоў.
Затым малю вас змацніць да яго міласьць.
З гэтаю мэтаю я пісаў, каб спазнаць вашу выпрабаванасць, ці ва ўсім вы паслухмяныя.
Бо я дзеля таго й пісаў, каб даведацца довады праз вас, ці ў вусім вы паслухменыя.
Каму вы даруеце, таму і я; бо і я, калі каму што дараваў, дык дараваў дзеля вас перад абліччам Хрыста,
Каму ж вы што даруеце, то й я; бо й я што дараваў, калі дараваў што, дзеля вас перад відам Хрыстовым,
каб не звёў нас шатан, бо думкі яго добра нам вядомы.
Каб нас шайтан не перайшоў, бо нам не няведамныя задумы ягоныя.
Калі я прыбыў у Трааду дзеля дабравесця Хрыстова і брама была мне адкрыта ў Госпадзе,
Як жа я прышоў да Троады дзеля Дабравесьці Хрыстовае, хоць дзьверы былі адчыненыя імне Спадаром,
я не меў супакою духу майму, бо не спаткаў Ціта, брата майго. Таму я развітаўся з імі і падаўся ў Мацэдонію.
Я ня меў супакою духу свайму, не знайшоўшы Ціта, брата свайго; але, разьвітаўшыся зь імі, я пайшоў да Макядоні.
Хай будзе Богу падзяка за тое, што дае нам перамагаць у Хрысце заўсёды ды праз нас ва ўсякім месцы выяўляе водар пазнання Свайго.
Але дзякуй Богу, Каторы заўсёды вядзець нас да перамогі ў Хрысту і пах знацьця Сябе выяўляе намі на кажным месцу.
Мы, вось, мілы Богу водар Хрыстоў сярод тых, што дасягаюць збаўлення, і сярод тых, што гінуць:
Бо вы пах Хрыстоў Богу у спасаных і ў гінулых:
для адных — водар смерці на смерць, а для другіх — водар жыцця на жыццё. І хто здатны на гэта?
Адным пах сьмяротны на сьмерць, другім пах жыцьця на жыцьцё. І хто здольны на гэта?
Бо мы не фальшуем Слова Божага, як многія, але прамаўляем шчыра, як ад Бога на віду Бога ў Хрысце.
Бо мы, не як іншыя, каторыя багацеюць хвальшаваньням слова Божага, але як із шчырасьці, але як ад Бога, перад Богам гукаем у Хрысту.