2 да Карынфянаў 2 разьдзел

Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

Я пастанавіў сам у сабе, каб не ісці да вас зноў у смутку,
 
Я вырашыў не прыходзіць да вас ізноў у смутку.

бо, калі я вас засмучаю, хто мяне парадуе, калі не той, хто быў мною засмучаны?
 
Бо калі я засмучаю вас, то хто суцешыць мяне, як не той, хто засмучаны мною?

І пісаў я вам пра гэта, каб, прыбыўшы, не мець смутку ад тых, ад якіх належала радавацца, бо я перакананы адносна ўсіх вас, што мая радасць для ўсіх вас.
 
Тое самае я напісаў вам, каб, прыйшоўшы, не мець суму ад тых, ад якіх мне трэба мець радасць, маючы перакананне аб усіх вас, што мая радасць таксама вашая.

Бо з вялікім жалем і тугою сэрца ды са слязамі пісаў я вам не дзеля таго, каб засмуціць вас, але каб вы адчулі, якую вялікую любоў маю я, асабліва ж да вас.
 
У вялікім уціску і тузе сэрца пісаў я вам са слязьмі не для таго, каб засмуціць вас, але каб вы пазналі маю вялікую любоў да вас.

Калі хто засмуціў, то не мяне засмуціў, але, каб лішне не сказаць, часткова і ўсіх вас.
 
Калі ж хто засмуціў, то не мяне засмуціў, але ў нейкай ступені, — каб не перабольшваць, — і ўсіх вас.

Такому хопіць кары, вызначанай большасцю,
 
Даволі такому пакарання ад многіх;

але лепш, каб вы такому даравалі ды суцешылі, каб празмерная згрызота яго не ахапіла.
 
таму наадварот, лепш даруйце яму і суцешце яго, каб не быў ён ахоплены празмерным сумам.

Таму прашу вас, каб выказалі такому любоў.
 
Дзеля гэтага прашу вас паказаць яму любоў.

З гэтаю мэтаю я пісаў, каб спазнаць вашу выпрабаванасць, ці ва ўсім вы паслухмяныя.
 
Бо для таго я і напісаў, каб выпрабаваць вас, ці ва ўсім вы паслухмяныя.

Каму вы даруеце, таму і я; бо і я, калі каму што дараваў, дык дараваў дзеля вас перад абліччам Хрыста,
 
А каму вы што даруеце, таму і я дарую. Бо і я, калі што дараваў, дараваў дзеля вас перад Хрыстом,

каб не звёў нас шатан, бо думкі яго добра нам вядомы.
 
каб не трапілі мы ў пастку сатаны, бо нам вядомыя ягоныя думкі.

Калі я прыбыў у Трааду дзеля дабравесця Хрыстова і брама была мне адкрыта ў Госпадзе,
 
Прыйшоўшы ў Трааду дзеля абвяшчэння Хрыста, хоць мне былі адчынены дзверы ў Пану,

я не меў супакою духу майму, бо не спаткаў Ціта, брата майго. Таму я развітаўся з імі і падаўся ў Мацэдонію.
 
я не меў спакою духа, бо не знайшоў там майго брата Ціта. Таму, развітаўшыся з імі, я пайшоў у Македонію.

Хай будзе Богу падзяка за тое, што дае нам перамагаць у Хрысце заўсёды ды праз нас ва ўсякім месцы выяўляе водар пазнання Свайго.
 
Дзякуем Богу, што заўсёды дае нам перамогу ў Хрысце і водар Яго пазнання выяўляе праз нас у кожным месцы.

Мы, вось, мілы Богу водар Хрыстоў сярод тых, што дасягаюць збаўлення, і сярод тых, што гінуць:
 
Бо мы — Хрыстовы водар для Бога сярод тых, хто збаўляецца, і тых, хто гіне.

для адных — водар смерці на смерць, а для другіх — водар жыцця на жыццё. І хто здатны на гэта?
 
Для адных мы пах смерці дзеля смерці, а для другіх — водар жыцця дзеля жыцця. І хто здатны на гэтае?

Бо мы не фальшуем Слова Божага, як многія, але прамаўляем шчыра, як ад Бога на віду Бога ў Хрысце.
 
Мы не гандлюем словам Божым, як многія, але як ад Бога апавядаем шчыра перад Богам у Хрысце.