2 да Карынфянаў 2 разьдзел

Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

Дык я ўнутрана вырашыў гэтае, каб ізноў ня прыйсьці да вас з засмучэньнем.
 
Я вырашыў не прыходзіць да вас ізноў у смутку.

Бо калі я засмучаю вас, дык хто мяне пара́дуе, як ня той, хто засмучаны мной?
 
Бо калі я засмучаю вас, то хто суцешыць мяне, як не той, хто засмучаны мною?

І напісаў я вам гэта самае, каб, прыйшоўшы, ня мець смутку ад тых, ад якіх належала мне радавацца: я ўпэўнены ва ўсіх вас, што мая радасьць зьяўляецца (радасьцяй) для ўсіх вас.
 
Тое самае я напісаў вам, каб, прыйшоўшы, не мець суму ад тых, ад якіх мне трэба мець радасць, маючы перакананне аб усіх вас, што мая радасць таксама вашая.

Ад вялікай скрухі і болю сэрца напісаў я вам са многімі сьлязьмі ня (для таго), каб вы былі засму́чаны, але каб (вы) пазналі любоў, якую (я) зь лішкам маю да вас.
 
У вялікім уціску і тузе сэрца пісаў я вам са слязьмі не для таго, каб засмуціць вас, але каб вы пазналі маю вялікую любоў да вас.

Калі хто засмуціў, (дык) ня мяне засмуціў, але (скажу), ня перабольшваючы, часткова ўсіх вас.
 
Калі ж хто засмуціў, то не мяне засмуціў, але ў нейкай ступені, — каб не перабольшваць, — і ўсіх вас.

Такому дастаткова гэткага пакараньня ад большасьці.
 
Даволі такому пакарання ад многіх;

Дык вам ужо ле́пей дарава́ць яму і суцешыць, каб ён ня быў праглынены церазмерным смуткам.
 
таму наадварот, лепш даруйце яму і суцешце яго, каб не быў ён ахоплены празмерным сумам.

Таму прашу вас выявіць да яго любоў.
 
Дзеля гэтага прашу вас паказаць яму любоў.

Бо таму я і напісаў (да вас), каб даведацца (і) праверыць вас, ці ва ўсім вы паслухмяныя.
 
Бо для таго я і напісаў, каб выпрабаваць вас, ці ва ўсім вы паслухмяныя.

Каму ж што (вы) даруеце, (тое дарую) і я; бо і я калі што дараваў каму, (то) дараваў дзеля вас перад Абліччам Хрыста,
 
А каму вы што даруеце, таму і я дарую. Бо і я, калі што дараваў, дараваў дзеля вас перад Хрыстом,

каб ня былі мы абма́нутымі шатанам, бо задумкі ягоныя мы ведаем.
 
каб не трапілі мы ў пастку сатаны, бо нам вядомыя ягоныя думкі.

Калі я прыйшоў у Троаду дзеля Дабравесьця Хрыста, і дзьверы мне былі адчынены Госпадам,
 
Прыйшоўшы ў Трааду дзеля абвяшчэння Хрыста, хоць мне былі адчынены дзверы ў Пану,

(але) я ня меў супакою духу майму, бо ня знайшоў (там) брата майго Ціта; дык разьвітаўшыся зь імі, (я) пайшоў у Македонію.
 
я не меў спакою духа, бо не знайшоў там майго брата Ціта. Таму, развітаўшыся з імі, я пайшоў у Македонію.

Дзякуй Богу (нашаму), Які заўсёды дае нам перамогу ў Хрысьце, і водар пазнаньня Сябе выяўляе цераз нас на ўсякім мейсцы.
 
Дзякуем Богу, што заўсёды дае нам перамогу ў Хрысце і водар Яго пазнання выяўляе праз нас у кожным месцы.

Таму што мы зьяўляемся водарам Хрыста для Бога ў збаўляемых і ў гíнучых:
 
Бо мы — Хрыстовы водар для Бога сярод тых, хто збаўляецца, і тых, хто гіне.

для адных пах сьмерці на сьмерць, для другіх жа пах жыцьця на жыцьцё. І хто здатны на гэта?
 
Для адных мы пах смерці дзеля смерці, а для другіх — водар жыцця дзеля жыцця. І хто здатны на гэтае?

Бо мы ня так, як многія, якія перакручваюць Слова Бога, але гаворым шчыра, як ад Бога, перад Богам, у Хрысьце.
 
Мы не гандлюем словам Божым, як многія, але як ад Бога апавядаем шчыра перад Богам у Хрысце.