2 да Карынфянаў 9 разьдзел

Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

Бо што тычыць служэньня сьвятым для мяне лішне пісаць вам;
 
Для мяне ж лішне пісаць да вас аб служэнні святым,

бо ведаю вашую руплівасьць, дзеля якой хвалю вас перад македонцамі, што Ахайя прыгатавана зь леташняга году, і вашая рупнасьць падахвоціла многіх.
 
бо я ведаю вашую адданасць, якой хвалюся перад македонцамі, кажучы, што Ахая падрыхтавана яшчэ з мінулага года. А руплівасць вашая заахвоціла многіх.

Братоў паслаў я, каб пахвала нашая аб вас ня аказалася марнай у гэтым выпадку, каб, як я казаў, вы былí падрыхтаванымі;
 
Я паслаў братоў, каб нашае хваленне вамі не аказалася дарэмным у гэтай справе, але каб вы, як казаў я, былі падрыхтаваныя.

каб, калі прыйдуць са мной македонцы і знойдуць вас ня падрыхтаванымі, мы ня былí асаромленымі, — каб нам ня сказаць «вы», — пахваліўшыся (вамі) з гэткай упэўненасьцю.
 
І калі прыйдуць са мною македонцы, і знойдуць вас непадрыхтаванымі, каб мы — не кажу вы — не асароміліся з прычыны такой упэўненасці.

Таму я палічыў ніабходным упрасіць братоў, каб яны пайшлі да вас раней і загадзя падрыхтавалі ране́й аб’яўленае вашае ахвяраваньне, каб яно было гатова так, як багаславеньне, а ня як вымагальніцтва.
 
Таму я палічыў неабходным папрасіць братоў, каб яны раней прыйшлі да вас і загадзя паклапаціліся пра абяцаны вам дар, каб ён быў падрыхтаваны так, як дар, а не як вымаганне.

Скажу да гэтага: хто сее скупа, скупа і пажне; а хто сее шчодра, шчодра і пажне:
 
Хто сее скупа, той скупа і пажне, а хто сее шчодра, той шчодра і пажне.

Кожны як нахіляе сэрца (ягонае ахвяраваць) ня з шкадаваньнем альбо прынукаю; бо Бог любіць тых, хто ахвяруе з радасьцю.
 
Няхай кожны дае, як вырашыць у сваім сэрцы, а не са шкадаваннем ці з прымусу, бо радаснага даўцу любіць Бог.

А Бог ду́жы ўзбагаціць вас усякай Багадацьцю, каб вы ва ўсім заўсёды, маючы ўсякі дастатак, былі багатыя на ўсякі добры ўчынак,
 
Бог мае моц узбагаціць вас усякаю ласкаю, каб вы, заўсёды і ва ўсім маючы ўсялякі дастатак, былі багатыя на ўсялякія добрыя справы,

як напісана: «рассыпаў, раздаў убогім; Праведнасьць Ягоная трывае на векі».
 
як напісана: «Раскідаў, раздаў бедным;справядлівасць ягоная трывае навекі».

А Той, Хто дае насеньне сейбіту і хлеб для яды, дасьць і прымножыць вашае насеньне, і павялічыць плады вашай праведнасьці,
 
А той, хто дае сейбіту насенне і хлеб на спажытак, дасць і памножыць вашае насенне, і ўзрасціць плён вашай справядлівасці.

каб ва ўсім вы былі ўзбага́чаны на ўсякую шчодрасьць, якая праз нас творыць падзяку Богу.
 
Каб ва ўсім вы былі ўзбагачаныя дзеля ўсялякай шчырасці, якая прычыняецца праз нас да ўзнясення падзякі Богу, —

Таму што дабрачыннасьць гэтага служэньня зьяўляецца ня толькі задавальненьнем патрэбаў сьвятых, але і творыць ад многіх удзячнасьці Богу,
 
бо гэтае публічнае служэнне не толькі дапаўняе тое, у чым маюць недахоп святыя, але і дазваляе за многае шчодра дзякаваць Богу.

празь сьведчаньне гэтага служэньня (яны) славяць Бога за пакорнасьць вашага вызнаваньня Эвангельлю Хрыста і за шчырасьць лучнасьці зь імі і з усімі;
 
Праз выпрабаванне гэтага служэння яны праслаўляюць Бога за паслухмянасць, якую выяўляеце да Евангелля Хрыста, і за шчырую супольнасць з імі і з усімі.

і іхная малітва за вас па прыхільнасьці да вас з-за бязьмернай Багадаці Бога на вас.
 
Яны моляцца за вас, бо хочуць лучыцца з вамі з прычыны вялікай ласкі Божай у вас.

Падзяка Богу за Ягоны нявымоўны дар!
 
Падзяка няхай будзе Богу за Яго невымоўны дар.