2 да Карынфянаў 9 разьдзел
Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Для мяне́-ж лішне пісаць да вас аб служэньні сьвятым,
Для мяне ж лішне пісаць да вас аб служэнні святым,
бо я ве́даю вашу ахвоту, якой пахваляюся вамі перад Македонянамі, што Ахайя прыгатавана яшчэ з ле́ташняга году; і рупнасьць ваша заахвоціла многіх.
бо я ведаю вашую адданасць, якой хвалюся перад македонцамі, кажучы, што Ахая падрыхтавана яшчэ з мінулага года. А руплівасць вашая заахвоціла многіх.
Братоў жа я паслаў, каб маё хвале́ньне вас не аказалася дарэмным у гэтым выпадку, але каб вы, як я гаварыў, былі прыгатаваны,
Я паслаў братоў, каб нашае хваленне вамі не аказалася дарэмным у гэтай справе, але каб вы, як казаў я, былі падрыхтаваныя.
каб, як прыдуць са мною Македоняне і зно́йдуць вас негатовымі, не асароміліся мы, — каб не сказаць: вы, — пахваліўшыся з гэткаю пэўнасьцяй.
І калі прыйдуць са мною македонцы, і знойдуць вас непадрыхтаванымі, каб мы — не кажу вы — не асароміліся з прычыны такой упэўненасці.
Дык я палічыў патрэбным папрасіць братоў, каб яны напе́рад пайшлі да вас і загадзя паклапаціліся, каб абве́шчаны напе́рад дар ваш быў прыгатаваны так, як дар, а не як прымус.
Таму я палічыў неабходным папрасіць братоў, каб яны раней прыйшлі да вас і загадзя паклапаціліся пра абяцаны вам дар, каб ён быў падрыхтаваны так, як дар, а не як вымаганне.
Вось жа: хто се́е скупа, той скупа і пажне́; а хто се́е шчодра, той шчодра і пажне́.
Хто сее скупа, той скупа і пажне, а хто сее шчодра, той шчодра і пажне.
Кожны (давай) па голасу сэрца, ня з жалю або з прымусу, бо Бог любіць таго, хто ра́ды дае́.
Няхай кожны дае, як вырашыць у сваім сэрцы, а не са шкадаваннем ці з прымусу, бо радаснага даўцу любіць Бог.
Бог-жа дуж узбагаціць вас усякаю ласкаю, каб, заўседы і ў-ва ўсім маючы ўсякі дастатак, былі багаты на ўсякае добрае дзе́ла,
Бог мае моц узбагаціць вас усякаю ласкаю, каб вы, заўсёды і ва ўсім маючы ўсялякі дастатак, былі багатыя на ўсялякія добрыя справы,
(як напісана: Рассыпаў, раздаў убогім; праведнасьць яго астае́цца навекі (Псальм 111:9).
як напісана: «Раскідаў, раздаў бедным;справядлівасць ягоная трывае навекі».
А хто дае́ насе́ньне се́ючаму, дасьць і хле́б дзеля е́жы, і памножыць пасе́ў ваш, і павялічыць плады праведнасьці вашае),
А той, хто дае сейбіту насенне і хлеб на спажытак, дасць і памножыць вашае насенне, і ўзрасціць плён вашай справядлівасці.
каб вы ўсім багатыя былі на ўсякую шчодрасьць, якая праз нас робіць падзяку Богу,
Каб ва ўсім вы былі ўзбагачаныя дзеля ўсялякай шчырасці, якая прычыняецца праз нас да ўзнясення падзякі Богу, —
Бо ўпарадкаваньне служэньня гэтага ня толькі папаўняе тое, ў чым маюць недастатак сьвятыя, але і многімі дзякаваньнямі Богу багатае.
бо гэтае публічнае служэнне не толькі дапаўняе тое, у чым маюць недахоп святыя, але і дазваляе за многае шчодра дзякаваць Богу.
Бо праз вы́прабаваньне служэньня гэтага яны славяць Бога за пакорнасьць вызнаванаму вамі Эвангельлю Хрыстоваму і за шчырую лучнасьць з імі і з усімі
Праз выпрабаванне гэтага служэння яны праслаўляюць Бога за паслухмянасць, якую выяўляеце да Евангелля Хрыста, і за шчырую супольнасць з імі і з усімі.
і моляцца за вас, прыхіляючыся да вас праз вялікую ласку Божую ў вас.
Яны моляцца за вас, бо хочуць лучыцца з вамі з прычыны вялікай ласкі Божай у вас.
Падзяка Богу за дар Яго нявымоўны.
Падзяка няхай будзе Богу за Яго невымоўны дар.