2 да Карынфянаў 5 разьдзел

Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

Бо мы ве́даем, што, калі зямны наш дом, хаціна, разваліцца, дык мы маем ад Бога будоўлю на нябёсах, дом нерукатворны, ве́чны.
 
Мы ведаем, што калі зямны дом нашага жылля разваліцца, то ад Бога маем жыллё — нерукатворны вечны дом у нябёсах.

Ад гэтага-ж мы і ўздыхаем, жадаючы апрануцца ў нашу будоўлю, што з нябёсаў.
 
Таму мы ўздыхаем, жадаючы апрануцца ў нябесны дом.

Толькі-б нам, і апрануўшыся, не аказацца нагімі.
 
Каб толькі нам, апранутым, не аказацца голымі.

Бо мы, знаходзячыся ў гэтай хаціне, уздыхаем пад цяжырам, з якога ня хочам распрануцца, але адзе́цца, каб сьмяротнае жыцьцём было праглынена.
 
Бо мы, знаходзячыся ў гэтым шатры, уздыхаем пад цяжарам, бо не хочам распрануцца, але апрануцца, каб тое, што смяротнае, было паглынута жыццём.

На гэтае самае і стварыў нас Бог і даў нам задатак Духа.
 
А Бог, які стварыў нас для гэтага, даў нам задатак Духа.

Дык мы заўсёды добрае мысьлі, ве́даючы, што, жывучы ў це́ле, жывем па-за Госпадам, —
 
Маючы ўпэўненасць у кожнай хвіліне, ведаем, што

(бо ходзім ве́раю, а ня бачаньнем), —
 
калі прысутнічаем у целе, мы далёка ад Пана, бо жывём вераю, а не бачаннем.

дык будзьма добрае мысьлі і жадайма ле́пей жыць па-за це́лам, ды жыць у Госпадзе.
 
Аднак, маючы ўпэўненасць, мы больш хочам пакінуць цела і пасяліцца ў Пану.

Дзеля гэтага рупна стараемся, ці жывучы ў ім, ці па-за ім, быць Яму любымі;
 
Таму стараемся падабацца Яму, ці то будучы з Ім, ці то далёка ад Яго.

бо ўсім нам трэба зьявіцца перад суд Хрыстовы, каб кожны атрымаў за тое, што ён рабіў це́лам, добрае, ці благое.
 
Бо ўсе мы павінны з’явіцца перад тронам Хрыста, каб кожны атрымаў згодна з тым, што ён рабіў, жывучы ў целе: добрае ці дрэннае.

Дык, ве́даючы страх Гасподні, мы пераконываем людзе́й, для Бога-ж мы адкрытыя; і спадзяюся, што адкрытыя і для вашых сумле́ньняў.
 
Таму, ведаючы боязь Пана, мы пераконваем людзей, а для Бога мы адкрытыя. Спадзяюся, што адкрытыя і для вашых сумленняў.

Бо мы не нанова прадстаўляем сябе́ вам, але дае́м спосаб хваліцца намі, каб ме́лі вы для тых, якія пахваляюцца абліччам, а ня сэрцам.
 
Мы не імкнемся нанова паказаць вам сябе, але даем нагоду хваліцца намі, каб вы маглі супрацьстаяць тым, хто хваліцца знешнімі рэчамі, а не тым, што ў сэрцы.

Калі-ж мы выходзім з сябе́, дык дзеля Бога; калі-ж пры розуме, дык дзеля вас.
 
Калі ж мы гублялі розум, то дзеля Бога; калі ж былі пры розуме, дык дзеля вас.

Бо любоў Хрыстова абыймае нас, што гэтак разважаем: калі адзін паме́р за ўсіх, то ўсе́ паме́рлі.
 
Любоў Хрыста ахапіла нас, якія думаюць, што калі адзін памёр за ўсіх, то ўсе памерлі.

Ён-жа памер за ўсіх, каб жывыя ўжо не дзеля сябе́ жылі, але дзеля Таго, Хто паме́р за іх і ўскрос.
 
Ён памёр за ўсіх, каб тыя, хто жыве, ужо не дзеля сябе жылі, а дзеля памерлага за іх і ўваскрослага.

Гэтак мы адгэтуль нікога ня ве́даем у це́ле; калі-ж і ве́далі ў це́ле Хрыста, дык цяпе́р ужо ня ве́даем.
 
Таму адгэтуль мы нікога не ведаем паводле цела. Калі ж і ведалі Хрыста паводле цела, то сёння ўжо не ведаем.

Дык хто ў Хрысьце́, той новае стварэньне; старое мінула, вось настала ўсё новае.
 
Таму, калі хто ў Хрысце, той новае стварэнне; даўняе мінула, вось сталася новае.

Усё-ж ад Бога, Які праз Ісуса Хрыста пагадзіў нас з Сабою і даў нам служэньне прымірэньня,
 
Усё ад Бога, які праз Хрыста паяднаў нас з сабою і даў нам служэнне паяднання,

бо Бог быў у Хрысьце́, го́дзячы з Сабою сьве́т, не залічаючы ім праступкаў іхніх і кладучы ў нас слова прымірэньня.
 
таму што Бог у Хрысце паяднаў з сабою свет, не зважаючы на правіны людзей, і даў нам слова паяднання.

Дык мы — пасланцы за Хрыста, як бы Сам Бог просіць праз нас; за Хрыста просім: пагадзіцеся з Богам.
 
Таму ад імя Хрыста мы з’яўляемся як бы пасланцамі Бога, які заклікае праз нас. Ад імя Хрыста просім: паяднайцеся з Богам.

Бо Таго, Хто грэху ня ве́даў, Ён зрабіў за нас грэхам, каб мы ў Ім сталіся праве́днасьцяй Божай.
 
Бо таго, хто не ведаў граху, Ён учыніў грахом замест нас, каб мы ў Ім сталіся справядлівасцю Божай.