2 да Карынфянаў 5 разьдзел

Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

Бо мы ведаем, што калі зямны наш дом, хаціна, зруйнуецца, мы маем пабудову ад Бога, дом, які не рукамі зроблены, вечны ў небе.
 
Мы ведаем, што калі зямны дом нашага жылля разваліцца, то ад Бога маем жыллё — нерукатворны вечны дом у нябёсах.

Бо дзеля гэтага мы і ўздыхаем, жадаючы апрануцца ў нашае жытло з неба,
 
Таму мы ўздыхаем, жадаючы апрануцца ў нябесны дом.

каб мы знайшлі сябе апранутымі, а ня голымі.
 
Каб толькі нам, апранутым, не аказацца голымі.

Бо мы, знаходзячыся ў хаціне, уздыхаем пад цяжарам, бо ня хочам пазбыцца [яе], але апрануцца, каб сьмяротнае ахоплена было жыцьцём.
 
Бо мы, знаходзячыся ў гэтым шатры, уздыхаем пад цяжарам, бо не хочам распрануцца, але апрануцца, каб тое, што смяротнае, было паглынута жыццём.

На гэта самае і стварыў нас Бог, і даў нам заруку Духа.
 
А Бог, які стварыў нас для гэтага, даў нам задатак Духа.

Дык мы заўсёды маем пэўнасьць і ведаем, што, жывучы ў целе, жывем па-за Госпадам.
 
Маючы ўпэўненасць у кожнай хвіліне, ведаем, што

Бо мы ходзім вераю, а ня бачаньнем.
 
калі прысутнічаем у целе, мы далёка ад Пана, бо жывём вераю, а не бачаннем.

Дык мы маем пэўнасьць і жадаем лепей жыць па-за целам і жыць у Госпадзе.
 
Аднак, маючы ўпэўненасць, мы больш хочам пакінуць цела і пасяліцца ў Пану.

Дзеля гэтага мы намагаемся, ці жывучы ў Ім, ці па-за Ім, быць даспадобы Яму.
 
Таму стараемся падабацца Яму, ці то будучы з Ім, ці то далёка ад Яго.

Бо ўсе мы мусім зьявіцца перад судовы пасад Хрыста, каб кожны атрымаў за тое, што ён учыніў, будучы ў целе, ці добрае, ці благое.
 
Бо ўсе мы павінны з’явіцца перад тронам Хрыста, каб кожны атрымаў згодна з тым, што ён рабіў, жывучы ў целе: добрае ці дрэннае.

Дык, ведаючы страх Госпадавы, мы пераконваем людзей, а для Бога мы яўныя, і спадзяюся, што і для вашых сумленьняў яўныя.
 
Таму, ведаючы боязь Пана, мы пераконваем людзей, а для Бога мы адкрытыя. Спадзяюся, што адкрытыя і для вашых сумленняў.

Бо мы не адрэкамэндоўваем сябе вам зноў, але даем вам нагоду хваліцца намі, каб мелі вы [адказ] для тых, якія хваляцца абліччам, а ня сэрцам.
 
Мы не імкнемся нанова паказаць вам сябе, але даем нагоду хваліцца намі, каб вы маглі супрацьстаяць тым, хто хваліцца знешнімі рэчамі, а не тым, што ў сэрцы.

Бо калі мы дзівачэем, дык дзеля Бога; калі пры розуме, дык дзеля вас.
 
Калі ж мы гублялі розум, то дзеля Бога; калі ж былі пры розуме, дык дзеля вас.

Бо любоў Хрыстова панукае нас, якія гэтак пастанавілі, што калі адзін памёр за ўсіх, дык усе памерлі.
 
Любоў Хрыста ахапіла нас, якія думаюць, што калі адзін памёр за ўсіх, то ўсе памерлі.

І Ён памёр за ўсіх, каб тыя, якія жывуць, больш не дзеля сябе жылі, але дзеля Таго, Які памёр за іх і ўваскрос.
 
Ён памёр за ўсіх, каб тыя, хто жыве, ужо не дзеля сябе жылі, а дзеля памерлага за іх і ўваскрослага.

Так што мы адгэтуль нікога ня ведаем паводле цела; а калі і ведалі Хрыста паводле цела, дык цяпер ужо ня ведаем.
 
Таму адгэтуль мы нікога не ведаем паводле цела. Калі ж і ведалі Хрыста паводле цела, то сёння ўжо не ведаем.

Так што хто ў Хрысьце, той новае стварэньне; старое мінула, вось, сталася ўсё новае.
 
Таму, калі хто ў Хрысце, той новае стварэнне; даўняе мінула, вось сталася новае.

Усё ж ад Бога, Які праз Ісуса Хрыста пагадзіў нас з Сабою і даў нам служэньне прымірэньня.
 
Усё ад Бога, які праз Хрыста паяднаў нас з сабою і даў нам служэнне паяднання,

Бо Бог быў у Хрысьце, пагаджаючы з Сабою сьвет, не залічваючы ім праступкаў іхніх, і ўклаў у нас слова прымірэньня.
 
таму што Бог у Хрысце паяднаў з сабою свет, не зважаючы на правіны людзей, і даў нам слова паяднання.

Дык мы спаўняем пасольства замест Хрыста, як бы Сам Бог просіць праз нас; за Хрыста просім: «Пагадзіцеся з Богам».
 
Таму ад імя Хрыста мы з’яўляемся як бы пасланцамі Бога, які заклікае праз нас. Ад імя Хрыста просім: паяднайцеся з Богам.

Бо Таго, Які грэху ня ведаў, Ён зрабіў за нас грэхам, каб мы ў Ім сталіся праведнасьцю Божай.
 
Бо таго, хто не ведаў граху, Ён учыніў грахом замест нас, каб мы ў Ім сталіся справядлівасцю Божай.