Сафона 1 разьдзел
Кніга прарока Сафона
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Слова ГОСПАДА, якое было да Сафоніі, сына Кушы, сына Гедаліі, сына Амарыі, сына Эзэкіі, у дні Ёсіі, сына Амона, валадара Юды.
Зьбіраючы, забяру ўсё з аблічча зямлі, кажа ГОСПАД.
Забяру чалавека і скаціну, забяру птушак нябесных і рыбу марскую, і спакусы бязбожнікаў; і зьнішчу чалавека з аблічча зямлі, кажа ГОСПАД.
І Я выцягну руку Маю на Юду і на ўсіх жыхароў Ерусаліму, і вынішчу з гэтага месца рэшткі Баала, і імя службітоў паганскіх са сьвятарамі,
і тых, якія пакланяюцца на дахах войску нябеснаму, і тых, якія пакланяюцца і прысягаюць на ГОСПАДА, і тых, якія прысягаюць на валадара свайго,
і тых, якія адступілі ад ГОСПАДА, і тых, якія не шукалі ГОСПАДА і не зьвярталіся да Яго.
Змоўкні перад абліччам Госпада ГОСПАДА, бо блізка дзень ГОСПАДА, бо прыгатаваў ГОСПАД ахвяру, асьвяціў пакліканых Сваіх.
І станецца ў дзень ахвяры ГОСПАДА, Я наведаю князёў і сыноў валадара, і тых, якія апранаюць адзеньне чужынскае.
І Я наведаю ў той дзень усіх, якія скачуць праз парог, якія напаўняюць дом гаспадара свайго гвалтам і падманам.
І станецца ў той дзень, кажа ГОСПАД, [будзе] голас крыку ад Брамы Рыбнай, і бядаваньне — з другога боку [гораду], і загуба вялікая — на ўзгорках.
Галасіце, жыхары Махтэшу, бо будзе выгублены ўвесь народ Ханаану, усе, хто адважвае срэбра, будуць зьнішчаныя.
І станецца ў той час, што Я са сьвечкамі абшукаю Ерусалім і наведаю мужоў, якія задубелі на дрожджах сваіх, якія кажуць у сэрцы сваім: «ГОСПАД ня робіць дабра і ня робіць ліха».
І станецца багацьце іхняе здабычай, а дамы іхнія будуць спустошаны. Яны пабудуюць дамы, але ня будуць жыць у іх; і будуць садзіць вінаграднікі, але ня будуць піць віна з іх.
Блізка вялікі дзень ГОСПАДА, блізка ён і вельмі хутка [прыйдзе]. Голас дня ГОСПАДА. Тады горка крычаць будзе волат.
Дзень гневу дзень гэты, дзень нядолі і бядоты, дзень загубы і спусташэньня, дзень цемры і змроку, дзень хмары і імглы,
дзень рогу і гукаў трубных супраць гарадоў умацаваных і супраць вежаў высокіх.
І будуць уціскаць чалавека, і яны будуць хадзіць, як сьляпыя, бо яны зграшылі супраць ГОСПАДА; і кроў іхняя будзе вылітая ў пыл, а ўнутранасьці іхнія — у гной.
Ані срэбра іхняе, ані золата іхняе ня зможа выратаваць іх у дзень гневу ГОСПАДА, але агнём рэўнасьці Ягонай будзе зьедзена ўся зямля, бо загубу страшэнную Ён учыніць для жыхароў зямлі гэтай.