2 да Карынфянаў 11 разьдзел

Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

О, каб вы крыху пацярпелі маю неразумнасьць! Але вы і церпіце мяне!
 
Каб жа вы хоць крыху былі паблажлівыя да маёй неразважлівасці. Але вы і так паблажлівыя да мяне!

Бо я руплюся пра вас руплівасьцю Божай, бо я заручыў вас з адным Мужам, каб паставіць побач з Хрыстом чыстую дзеву.
 
Бо я руплюся пра вас рупнасцю Божаю. Я заручыў вас з адзіным мужам, каб паставіць вас перад Хрыстом як чыстую дзеву.

Але баюся, каб, як зьмей зьвёў Еву подступам сваім, гэтак і вашыя думкі не папсаваліся, [адыйшоўшы] ад шчырасьці, якая ў Хрысьце.
 
Аднак баюся, каб так, як змей хітрасцю сваёй падмануў Еву, не былі зведзеныя думкі вашыя ад прастаты і беззаганнасці, што ў Хрысце.

Бо калі хто, прыйшоўшы, будзе абвяшчаць іншага Ісуса, якога мы не абвяшчалі, ці калі вы атрымаеце іншага духа, якога ня атрымоўвалі, ці іншае Эвангельле, якога не прыймалі, дык вы будзеце вельмі цярплівымі.
 
Бо вы ахвотна прымаеце таго, хто прыходзіць і прапаведуе вам іншага Езуса, якога мы не прапаведавалі, прымаеце іншага духа, а не таго, якога ўжо атрымалі, ці іншае Евангелле, а не тое, якое ўжо прынялі.

Але я лічу, што я ні ў чым ня горшы ад найпаважнейшых апосталаў,
 
Але думаю, што я зусім не ніжэйшы за найвышэйшых Апосталаў.

бо, хоць я просты ў слове, але ня ў веданьні, бо мы ў-ва ўсім выявілі гэта сярод вас.
 
Хоць я і невук у красамоўстве, але не ў пазнанні. Урэшце, усяляк і ва ўсім мы адкрыліся вам.

Ці ўчыніў я грэх, што паніжаў сябе, каб узвысіць вас, бо задарма дабравесьціў вам Эвангельле Божае?
 
Ці зграшыў я тым, што прыніжаў сябе, каб узвысіць вас, бо бескарысліва прапаведаваў вам Божае Евангелле?

У другіх цэркваў я браў, атрымліваючы плату дзеля служэньня вам, і, прысутны ў вас і маючы нястачу, нікога не абцяжарваў,
 
Я абіраў іншыя Касцёлы, прымаючы плату, дзеля служэння вам.

бо нястачу маю дапоўнілі браты, якія прыйшлі з Македоніі; і ў-ва ўсім я пільнаваўся і буду пільнавацца, каб ня быць вам цяжарам.
 
Будучы ў вас ды церпячы нястачу, нікому не дакучаў, бо патрэбы мае пакрылі браты, якія прыйшлі з Македоніі. Ды і ва ўсім я стараўся і стараюся не быць для вас цяжарам.

Ёсьць праўда Хрыстовая ў-ва мне, што пахвала гэтая ня будзе забраная ў мяне ў краях Ахаі.
 
Як ёсць ува мне праўда Хрыстовая, так гэтая пахвала мая не сціхне ў землях Ахаі.

Дзеля чаго? Ці што не люблю вас? Бог ведае!
 
Чаму? Ці таму, што не люблю вас? Бог ведае!

Але гэта раблю і буду рабіць, каб адсекчы нагоду тым, якія хочуць [мець] нагоду, каб у тым, чым яны хваляцца, былі знойдзены такімі, як і мы.
 
Але тое, што раблю, буду рабіць далей, каб не даць жадаючым нагоду хваліцца тым, чым хвалімся мы.

Бо гэтакія фальшывыя апосталы, падступныя работнікі, якія робяць выгляд апосталаў Хрыстовых.
 
Бо гэта фальшывыя апосталы, крывадушныя працаўнікі, якія ўдаюць з сябе апосталаў Хрыста.

І ня дзіва, бо і сам шатан робіць выгляд анёла сьвятла.
 
І не дзіва, бо паколькі сам сатана ўдае з сябе анёла святла,

Дык не вялікая рэч, калі і служыцелі ягоныя робяць выгляд служыцеляў праведнасьці; канец іхні будзе паводле ўчынкаў іхніх.
 
то і слугі яго ўдаюць слугаў справядлівасці. Канец іх будзе паводле іх учынкаў.

Ізноў кажу: няхай ніхто ня лічыць мяне неразумным, а калі не, дык прыйміце мяне хоць як неразумнага, каб і мне крыху нечым пахваліцца.
 
Ізноў кажу, каб ніхто не палічыў мяне неразумным. А калі не, то прыміце мяне як неразумнага, каб і мне крыху чым пахваліцца.

Што кажу, тое кажу не паводле Госпада, але як у неразумнасьці, у гэткай пэўнасьці пахвальбы.
 
Што кажу, тое кажу не паводле Пана, але як бы ў шаленстве, маючы падставу для пахвалы.

Калі многія хваляцца паводле цела, і я буду хваліцца.
 
Паколькі многія хваляцца паводле цела, я таксама буду хваліцца.

Бо вы [людзі] мудрыя, ахвотна церпіце неразумных.
 
Бо вы, будучы разумнымі, ахвотна церпіце неразумных.

Бо вы церпіце, калі хто вас зьневаляе, калі хто аб’ядае, калі хто абірае, калі хто вывышаецца, калі хто б’е вас па абліччы.
 
Церпіце, калі хтосьці вас знявольвае, калі хтосьці аб’ядае, калі хтосьці выкарыстоўвае, калі хтосьці ўзвышаецца, калі хтосьці б’е вас па твары.

На сорам кажу, што мы быццам саслабелі. А калі хто адважваецца ў чым, кажу ў неразумнасьці, адважваюся і я.
 
Кажу з сорамам, што мы як быццам знясіленыя. Калі хто адважваецца нечым хваліцца, то, кажучы неразважліва, адважуся і я.

Яны Гебраі? І я. Яны Ізраільцяне? І я. Яны — насеньне Абрагама? І я.
 
Яны габрэі? Я таксама. Яны ізраэльцяне? Я таксама. Яны патомства Абрагама? І я.

Яны — служыцелі Хрыста? Здурэўшы кажу: я больш! Шмат больш у працы, бязьмерна ў ранах, шмат больш у вязьніцах, часта пры сьмерці.
 
Яны слугі Хрыста? Нібы шалёны кажу, я больш: больш у працы, больш у цямніцах, у ранах празмерных і шмат разоў пры смерці.

Ад Юдэяў пяць разоў атрымаў сорак [удараў] без аднаго;
 
Ад юдэяў атрымаў я пяць разоў па сорак удараў без аднаго.

тройчы білі мяне кіямі, аднойчы каменавалі; тройчы разьбіваўся карабель, ноч і дзень быў я ў глыбіні.
 
Тройчы мяне білі кіямі, аднойчы каменавалі, тройчы я цярпеў караблекрушэнне, ноч і дзень прабыў я ў марской глыбіні.

Часта ў падарожжах, у небясьпеках на рэках, у небясьпеках ад разбойнікаў, у небясьпеках ад свайго народу, у небясьпеках ад паганаў, у небясьпеках у горадзе, у небясьпеках у пустыні, у небясьпеках на моры, у небясьпеках між фальшывымі братамі,
 
Часта быў у падарожжах, у небяспецы на рэках, у небяспецы ад разбойнікаў, у небяспецы ад суайчыннікаў, у небяспецы ад язычнікаў, у небяспецы ў горадзе, у небяспецы на пустыні, у небяспецы на моры, у небяспецы сярод фальшывых братоў,

у працы і ў стоме, часта ў чуваньнях, у голадзе і смазе, часта ў пастах, у сьцюжы і галізьне.
 
у працы і знямозе, часта ў недасыпанні, у голадзе і смазе, часта ў посце, у холадзе і галечы.

Акрамя выключных [здарэньняў], у мяне штодня зграмаджэньне, турбота пра ўсе цэрквы.
 
Акрамя іншых рэчаў, на мне штодня ляжыць клопат аб усіх Касцёлах.

Хто зьнемагае, і я не зьнемагаю? Хто горшыцца, і я не палаю?
 
Калі хто знемагае, ці я не знемагаю? Калі хто зазнае згаршэнне, ці я не пакутую?

Калі мушу хваліцца, буду хваліцца маёй слабасьцю.
 
Калі трэба хваліцца, то буду хваліцца сваёю слабасцю.

Бог і Айцец Госпада нашага Ісуса Хрыста, Які дабраслаўлёны на вякі, ведае, што я не хлушу.
 
Бог і Айцец Пана Езуса, благаслаўлены навекі, ведае, што я не хлушу.

У Дамаску намесьнік валадара Арэты ахоўваў горад Дамаск, хочучы схапіць мяне;
 
У Дамаску намеснік караля Арэты пільнаваў горад дамаскійцаў, жадаючы мяне схапіць,

і я ў кашы быў спушчаны з вакна праз мур, і ўцёк ад рук ягоных.
 
але ў кашы мяне спусцілі праз адтуліну ў муры, і я ўцёк ад ягоных рук.