2 да Карынфянаў 11 разьдзел
Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Анатоля Клышкi
О, каб вы крыху пацярпелі маю неразумнасьць! Але вы і церпіце мяне!
О, каб вам пацярпець мяне, нават калі я трошкі неразумны! Але вы і церпіце мяне!
Бо я руплюся пра вас руплівасьцю Божай, бо я заручыў вас з адным Мужам, каб паставіць побач з Хрыстом чыстую дзеву.
Бо я руплюся аб вас Божай руплівасцю; бо я заручыў вас з адным мужам, каб прадставіць Хрысту чыстаю дзевай.
Але баюся, каб, як зьмей зьвёў Еву подступам сваім, гэтак і вашыя думкі не папсаваліся, [адыйшоўшы] ад шчырасьці, якая ў Хрысьце.
Але баюся, як бы, як змей падмануў Еву сваёю хітрасцю, не былі папсаваны вашы думкі, адышоўшы ад прастаты і чысціні, якая ў Хрысце.
Бо калі хто, прыйшоўшы, будзе абвяшчаць іншага Ісуса, якога мы не абвяшчалі, ці калі вы атрымаеце іншага духа, якога ня атрымоўвалі, ці іншае Эвангельле, якога не прыймалі, дык вы будзеце вельмі цярплівымі.
Бо калі нехта прыходзіць і прапаведуе другога Ісуса, якога мы не прапаведавалі, ці калі вы атрымліваеце іншага духа, якога не атрымлівалі, ці іншае дабравесце, якога не прымалі, то вы яго выдатна церпіце.
Але я лічу, што я ні ў чым ня горшы ад найпаважнейшых апосталаў,
Бо думаю, што я ні ў чым не саступаю звышапосталам.
бо, хоць я просты ў слове, але ня ў веданьні, бо мы ў-ва ўсім выявілі гэта сярод вас.
Але нават калі я недасведчаны ў слове, — але не ў ведах; ды і ва ўсіх адносінах мы паказалі вам гэта ва ўсім.
Ці ўчыніў я грэх, што паніжаў сябе, каб узвысіць вас, бо задарма дабравесьціў вам Эвангельле Божае?
Ці грэх я зрабіў, прыніжаючы сябе, каб узвысіць вас, таму што дабравесціў задарма вам Дабравесце Божае?
У другіх цэркваў я браў, атрымліваючы плату дзеля служэньня вам, і, прысутны ў вас і маючы нястачу, нікога не абцяжарваў,
Я абіраў другія цэрквы, беручы плату для служэння вам,
бо нястачу маю дапоўнілі браты, якія прыйшлі з Македоніі; і ў-ва ўсім я пільнаваўся і буду пільнавацца, каб ня быць вам цяжарам.
і калі быў у вас і апынуўся ў нястачы, я нікому не стаў цяжарам; бо нястачу маю папоўнілі браты, якія прыйшлі з Македоніі, і я ва ўсім стараўся не абцяжарваць вас, і буду старацца.
Ёсьць праўда Хрыстовая ў-ва мне, што пахвала гэтая ня будзе забраная ў мяне ў краях Ахаі.
Па праўдзе Хрыстовай ува мне скажу, што гэтай пахвалы ніхто ад мяне не адыме ў краінах Ахаіі.
Дзеля чаго? Ці што не люблю вас? Бог ведае!
Чаму? Ці таму, што я не люблю вас? Бог ведае.
Але гэта раблю і буду рабіць, каб адсекчы нагоду тым, якія хочуць [мець] нагоду, каб у тым, чым яны хваляцца, былі знойдзены такімі, як і мы.
Але што раблю, тое і буду рабіць, каб адсекчы зачэпку тым, хто шукае падставы, каб ў тым, чым яны хваляцца, яны аказаліся такімі ж, як і мы,
Бо гэтакія фальшывыя апосталы, падступныя работнікі, якія робяць выгляд апосталаў Хрыстовых.
Бо такія — ілжэапосталы, падступныя працаўнікі, якія прыкідваюцца Апосталамі Хрыстовымі.
І ня дзіва, бо і сам шатан робіць выгляд анёла сьвятла.
І нядзіўна: бо сам сатана прыкідваецца Анёлам святла.
Дык не вялікая рэч, калі і служыцелі ягоныя робяць выгляд служыцеляў праведнасьці; канец іхні будзе паводле ўчынкаў іхніх.
Дык нічога вялікага, што і служкі яго прыкідваюцца служкамі праведнасці; канец іх будзе паводле іх учынкаў.
Ізноў кажу: няхай ніхто ня лічыць мяне неразумным, а калі не, дык прыйміце мяне хоць як неразумнага, каб і мне крыху нечым пахваліцца.
Зноў кажу: няхай не падумае хто, што я неразумны; а калі не так, прыміце мяне, нават калі б я быў неразумны, каб і мне крыху пахваліцца.
Што кажу, тое кажу не паводле Госпада, але як у неразумнасьці, у гэткай пэўнасьці пахвальбы.
Тое, што кажу, не паводле Госпада кажу, а як бы ў неразумнасці, у гэтай настойлівасці пахвалы.
Калі многія хваляцца паводле цела, і я буду хваліцца.
Калі многія хваляцца паводле цела, і я буду хваліцца.
Бо вы [людзі] мудрыя, ахвотна церпіце неразумных.
Бо вы, людзі мудрыя, ахвотна церпіце неразумных;
Бо вы церпіце, калі хто вас зьневаляе, калі хто аб’ядае, калі хто абірае, калі хто вывышаецца, калі хто б’е вас па абліччы.
бо вы церпіце, калі хто вас занявольвае, калі хто аб’ядае, калі хто абірае, калі хто ўзносіцца, калі хто б’е вас у твар.
На сорам кажу, што мы быццам саслабелі. А калі хто адважваецца ў чым, кажу ў неразумнасьці, адважваюся і я.
На сорам кажу, як быццам мы былі слабыя. Але ў чым хто-небудзь іншы ні адважваўся — у неразумнасці кажу, — адважваюся ў тым і я.
Яны Гебраі? І я. Яны Ізраільцяне? І я. Яны — насеньне Абрагама? І я.
Яны — яўрэі? І я. Яны ізраільцяне? І я. Яны нашчадкі Аўраамавы? І я.
Яны — служыцелі Хрыста? Здурэўшы кажу: я больш! Шмат больш у працы, бязьмерна ў ранах, шмат больш у вязьніцах, часта пры сьмерці.
Яны служкі Хрыстовы? Кажу як бы не ў сабе: я болей: куды болей у працы, куды болей у турмах, бязмерна пад ударамі, часта пры смерці.
Ад Юдэяў пяць разоў атрымаў сорак [удараў] без аднаго;
Ад іудзеяў пяць разоў я атрымліваў па сорак удараў без аднаго;
тройчы білі мяне кіямі, аднойчы каменавалі; тройчы разьбіваўся карабель, ноч і дзень быў я ў глыбіні.
тры разы быў біты палкамі, адзін раз каменаваны, тры разы разбіваўся карабель са мною, ноч і дзень правёў у марской глыбіні;
Часта ў падарожжах, у небясьпеках на рэках, у небясьпеках ад разбойнікаў, у небясьпеках ад свайго народу, у небясьпеках ад паганаў, у небясьпеках у горадзе, у небясьпеках у пустыні, у небясьпеках на моры, у небясьпеках між фальшывымі братамі,
часта ў падарожжах, у небяспеках на рэках, у небяспеках ад рабаўнікоў, у небяспеках ад землякоў, у небяспеках ад язычнікаў, у небяспеках у горадзе, у небяспеках у пустэльні, у небяспеках на моры, у небяспеках паміж ілжэбратамі;
у працы і ў стоме, часта ў чуваньнях, у голадзе і смазе, часта ў пастах, у сьцюжы і галізьне.
у працы і знямозе, часта ў недасыпанні, у голадзе і смазе, часта ў пастах, у холадзе і ў галізне;
Акрамя выключных [здарэньняў], у мяне штодня зграмаджэньне, турбота пра ўсе цэрквы.
апрача таго, у мяне настаўніцтва штодня, турбота аб усіх цэрквах.
Хто зьнемагае, і я не зьнемагаю? Хто горшыцца, і я не палаю?
Хто слабы, а я не слабы? Хто спакушаецца, а я сам не згараю?
Калі мушу хваліцца, буду хваліцца маёй слабасьцю.
Калі трэба хваліцца, буду хваліцца маёю нямогласцю.
Бог і Айцец Госпада нашага Ісуса Хрыста, Які дабраслаўлёны на вякі, ведае, што я не хлушу.
Бог і Бацька [нашага] Госпада Ісуса [Хрыста], добраславёны навекі, ведае, што я не лгу.
У Дамаску намесьнік валадара Арэты ахоўваў горад Дамаск, хочучы схапіць мяне;
У Дамаску намеснік цара Гарэты пільнаваў горад дамаскійцаў, каб схапіць мяне,
і я ў кашы быў спушчаны з вакна праз мур, і ўцёк ад рук ягоных.
і я праз акно быў спушчаны ў кашы, праз мур, і ўцёк з ягоных рук.