2 да Карынфянаў 11 разьдзел

Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Анатоля Клышкi

 
 

О, каб вы хоць крыху пацярпе́лі маю неразумнасьць! Але вы й це́рпіце мяне́!
 
О, каб вам пацярпець мяне, нават калі я трошкі неразумны! Але вы і церпіце мяне!

Бо я руплюся аб вас рупнасьцяй Божай, бо я заручыў вас з адным мужам, каб паставіць перад Хрыстом чыстую дзе́ву.
 
Бо я руплюся аб вас Божай руплівасцю; бо я заручыў вас з адным мужам, каб прадставіць Хрысту чыстаю дзевай.

Але баюся, каб, як зьме́й хітрасьцяй свае́й зьвёў Еву, гэтак і вашыя думкі не папсаваліся, (адыйшоўшы) ад прастаты ў Хрысьце́.
 
Але баюся, як бы, як змей падмануў Еву сваёю хітрасцю, не былі папсаваны вашы думкі, адышоўшы ад прастаты і чысціні, якая ў Хрысце.

Бо, калі-б хто, прыйшоўшы, пачаў абвяшчаць другога Ісуса, якога мы не абвяшчалі, ці калі-б вы прынялі іншага духа, якога ня прымаеце, або іншае Эвангельле, якога не дасталі, дык вы былі-б ве́льмі цярплівымі.
 
Бо калі нехта прыходзіць і прапаведуе другога Ісуса, якога мы не прапаведавалі, ці калі вы атрымліваеце іншага духа, якога не атрымлівалі, ці іншае дабравесце, якога не прымалі, то вы яго выдатна церпіце.

Але я думаю, што я ні ў чым не адстаў ад вышэйшых Апосталаў,
 
Бо думаю, што я ні ў чым не саступаю звышапосталам.

бо, хоць я дурны ў слове, але ня ў ве́дзе, бо-ж мы ў-ва ўсім зусім ве́дамы вам.
 
Але нават калі я недасведчаны ў слове, — але не ў ведах; ды і ва ўсіх адносінах мы паказалі вам гэта ва ўсім.

Ці саграшыў я тым, што паніжаў сябе́, каб узвысіць вас, бо задарма навучаў вас Эвангельля Божага?
 
Ці грэх я зрабіў, прыніжаючы сябе, каб узвысіць вас, таму што дабравесціў задарма вам Дабравесце Божае?

У другіх цэркваў браў я, дастаючы́ ўтрыманьне дзеля служэньня вам, і, быўшы ў вас, ды це́рпячы недастатак, нікому не дакучаў, бо недастатак мой папоўнілі браты, што прыйшлі з Македоніі;
 
Я абіраў другія цэрквы, беручы плату для служэння вам,

дый у-ва ўсім я стараўся і пастараюся быць вам не цяжкім.
 
і калі быў у вас і апынуўся ў нястачы, я нікому не стаў цяжарам; бо нястачу маю папоўнілі браты, якія прыйшлі з Македоніі, і я ва ўсім стараўся не абцяжарваць вас, і буду старацца.

Ёсьць праўда Хрыстовая ў-ва мне́, дык пахвала гэтая ня будзе аднята ў мяне́ ў зе́млях Ахайі.
 
Па праўдзе Хрыстовай ува мне скажу, што гэтай пахвалы ніхто ад мяне не адыме ў краінах Ахаіі.

Дзеля чаго? Ці што ня люблю вас? Богу ве́дама!
 
Чаму? Ці таму, што я не люблю вас? Бог ведае.

Але, што ро́блю, і буду рабіць, каб адрэзаць по́вад жадаючым поваду, каб, чым хваляцца, у тым аказаліся такімі ж, як і мы.
 
Але што раблю, тое і буду рабіць, каб адсекчы зачэпку тым, хто шукае падставы, каб ў тым, чым яны хваляцца, яны аказаліся такімі ж, як і мы,

Бо гэтакія фальшывыя апосталы, крывадушныя працаўнікі, прыкідаюцца Апосталамі Хрыстовымі.
 
Бо такія — ілжэапосталы, падступныя працаўнікі, якія прыкідваюцца Апосталамі Хрыстовымі.

І ня дзіва: бо-ж і сам шатан прыкідаецца ангелам сьве́тласьці,
 
І нядзіўна: бо сам сатана прыкідваецца Анёлам святла.

дык невялікая рэч, калі і служкі яго прыкідываюцца служкамі праўды; але кане́ц іх будзе водле іх учынкаў.
 
Дык нічога вялікага, што і служкі яго прыкідваюцца служкамі праведнасці; канец іх будзе паводле іх учынкаў.

Ізноў кажу: няхай ніхто не палічыць мяне́ дурным; а калі не, дык прыме́це мяне́ хоць як дурнога, каб і мне́ крыху чым пахваліцца.
 
Зноў кажу: няхай не падумае хто, што я неразумны; а калі не так, прыміце мяне, нават калі б я быў неразумны, каб і мне крыху пахваліцца.

Што́ кажу, тое кажу не паводле Госпада, але як-бы ў дурноце пры гэткай адвазе на пахвалу.
 
Тое, што кажу, не паводле Госпада кажу, а як бы ў неразумнасці, у гэтай настойлівасці пахвалы.

Як многія хваляцца паводле це́ла, дык і я буду хваліцца.
 
Калі многія хваляцца паводле цела, і я буду хваліцца.

Бо вы людзі разумныя, ахвотна це́рпіце дурных;
 
Бо вы, людзі мудрыя, ахвотна церпіце неразумных;

це́рпіце, калі хто вас паняволівае, калі хто аб’ядае, калі хто абірае, калі хто вывышшаецца, калі хто б’е́ вас па твару.
 
бо вы церпіце, калі хто вас занявольвае, калі хто аб’ядае, калі хто абірае, калі хто ўзносіцца, калі хто б’е вас у твар.

На сорам кажу, што мы як-быццам абяссілелі. А калі хто адважаецца ў чым (кажу па дурноце), дык адважаюся і я.
 
На сорам кажу, як быццам мы былі слабыя. Але ў чым хто-небудзь іншы ні адважваўся — у неразумнасці кажу, — адважваюся ў тым і я.

Яны Жыды? і я. Яны Ізраільцяне? і я. Яны насе́ньне Аўраамавае? і я.
 
Яны — яўрэі? І я. Яны ізраільцяне? І я. Яны нашчадкі Аўраамавы? І я.

Хрыстовыя служкі? (здурэўшы кажу) я бале́й: шмат бале́й у працы, бязьме́рна ў ранах, бале́й у вастрогах і многа разоў пры сьме́рці.
 
Яны служкі Хрыстовы? Кажу як бы не ў сабе: я болей: куды болей у працы, куды болей у турмах, бязмерна пад ударамі, часта пры смерці.

Ад Юдэяў пяць разоў дастаў па сорак без аднаго (ўдараў);
 
Ад іудзеяў пяць разоў я атрымліваў па сорак удараў без аднаго;

тройчы білі мяне́ кіямі, аднойчы каменавалі; тры разы разьбіваўся карабе́ль, ноч і дзе́нь прабыў у глыбіні.
 
тры разы быў біты палкамі, адзін раз каменаваны, тры разы разбіваўся карабель са мною, ноч і дзень правёў у марской глыбіні;

Многа быў у падарожжах, у небясьпе́ках на рэках, у небясьпе́ках ад разбойнікаў, у небясьпе́ках ад зямлякоў, у небясьпе́ках ад паганаў, у небясьпе́ках у ме́сьце, у небясьпе́ках між фальшывымі братамі,
 
часта ў падарожжах, у небяспеках на рэках, у небяспеках ад рабаўнікоў, у небяспеках ад землякоў, у небяспеках ад язычнікаў, у небяспеках у горадзе, у небяспеках у пустэльні, у небяспеках на моры, у небяспеках паміж ілжэбратамі;

у працы і ў зьнемажэньні, часта ня сплючы, у голадзе і смазе, часта ў пастох, у холадзе й нагаце́.
 
у працы і знямозе, часта ў недасыпанні, у голадзе і смазе, часта ў пастах, у холадзе і ў галізне;

Апрача пабочных (спраў), у мяне́ што-дня зборка, турбота аб усіх цэрквах.
 
апрача таго, у мяне настаўніцтва штодня, турбота аб усіх цэрквах.

Хто зьнямагаецца, каб і я не зьнямагаўся? Хто спакушаецца, каб і я не гарэў?
 
Хто слабы, а я не слабы? Хто спакушаецца, а я сам не згараю?

Калі мне́ трэба хваліцца, дык буду хваліцца маім бяссільлем.
 
Калі трэба хваліцца, буду хваліцца маёю нямогласцю.

Бог і Аце́ц Госпада нашага Ісуса Хрыста, багасла́ўлены наве́кі, ве́дае, што я ня лгу.
 
Бог і Бацька [нашага] Госпада Ісуса [Хрыста], добраславёны навекі, ведае, што я не лгу.

У Дамаску наме́сьнік цара Арэты пілнаваў ме́ста Дамашчанаў, жадаючы схапіць мяне́;
 
У Дамаску намеснік цара Гарэты пільнаваў горад дамаскійцаў, каб схапіць мяне,

і я ў карзіне быў спушчаны з вакна па сьцяне́ і ўцёк ад рук ягоных.
 
і я праз акно быў спушчаны ў кашы, праз мур, і ўцёк з ягоных рук.