2 да Карынфянаў 11 разьдзел
Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Анатоля Клышкi
О каб вы крыху цярпелі маю неразумнасьць! Але й запраўды церпіце мяне.
О, каб вам пацярпець мяне, нават калі я трошкі неразумны! Але вы і церпіце мяне!
Бо ўзглядам вас я завісны завісьцяй Божай, бо я заручыў вас аддаць аднаму мужу, Хрысту, дзявушчай дзяўчынаю.
Бо я руплюся аб вас Божай руплівасцю; бо я заручыў вас з адным мужам, каб прадставіць Хрысту чыстаю дзевай.
Але я баюся, каб, як гад хітрынёю сваёй ізьвёў Еву, якім-колечы парадкам ня былі папсаваныя думкі вашы, адхінаючыся ад прасьціні й чысьціні ў Хрысту.
Але баюся, як бы, як змей падмануў Еву сваёю хітрасцю, не былі папсаваны вашы думкі, адышоўшы ад прастаты і чысціні, якая ў Хрысце.
Бо калі б запраўды хто, прышоўшы, абяшчаў другога Ісуса, каторага мы не абяшчалі, альбо вы адзяржалі іншага духа, каторага не адзяржалі, альбо іншую дабравесьць, каторае ня прымалі, дык вы цярпелі б.
Бо калі нехта прыходзіць і прапаведуе другога Ісуса, якога мы не прапаведавалі, ці калі вы атрымліваеце іншага духа, якога не атрымлівалі, ці іншае дабравесце, якога не прымалі, то вы яго выдатна церпіце.
Але я ўважаю, што я ў нічым не застаўся ад апосталаў вышшых.
Бо думаю, што я ні ў чым не саступаю звышапосталам.
Але калі я няўзумелы ў мове, ня ў ведзе, адылі, але ў вусім усюдых выяўлены вам.
Але нават калі я недасведчаны ў слове, — але не ў ведах; ды і ва ўсіх адносінах мы паказалі вам гэта ва ўсім.
Ці я ізграшыў, паніжаючы сябе, каб павышыць вас, што я дарма абяшчаў вам Дабравесьць Божую?
Ці грэх я зрабіў, прыніжаючы сябе, каб узвысіць вас, таму што дабравесціў задарма вам Дабравесце Божае?
Іншыя цэрквы я грабіў, адзержуючы заплату за слугаваньне вам;
Я абіраў другія цэрквы, беручы плату для служэння вам,
І, будучы ў вас, і патрабуючы, не цяжарыў нікога, бо браты, што прышлі з Макядоні, даставілі, чаго я патрабаваў; і ў вусім сьцярогся й сьцерагчыся буду ня быць цяжарам вам.
і калі быў у вас і апынуўся ў нястачы, я нікому не стаў цяжарам; бо нястачу маю папоўнілі браты, якія прыйшлі з Македоніі, і я ва ўсім стараўся не абцяжарваць вас, і буду старацца.
Як ё праўда Хрыстова ў імне, пахвала гэта ня будзе замоўчана ўзглядам мяне ў краінах Ахаі.
Па праўдзе Хрыстовай ува мне скажу, што гэтай пахвалы ніхто ад мяне не адыме ў краінах Ахаіі.
Чаму? ІІІто ня люблю вас? Бог ведае!
Чаму? Ці таму, што я не люблю вас? Бог ведае.
Але што раблю, і буду рабіць, каб ня даць прыклепу тым, што зычаць прыклепу, каб у тым, чым хваляцца, былі знойдзены такімі, як і мы.
Але што раблю, тое і буду рабіць, каб адсекчы зачэпку тым, хто шукае падставы, каб ў тым, чым яны хваляцца, яны аказаліся такімі ж, як і мы,
Бо такія хвальшывыя апосталы, ашукныя работнікі, прыдаюцца апосталамі Хрыстовымі.
Бо такія — ілжэапосталы, падступныя працаўнікі, якія прыкідваюцца Апосталамі Хрыстовымі.
І няма дзіва, бо сам шайтан прыдаецца ангілам сьвятліні.
І нядзіўна: бо сам сатана прыкідваецца Анёлам святла.
Затым гэта не вялікая рэч, калі й слугачыя ягоныя прыдаюцца слугачымі справядлівасьці; канец іх будзе подле ўчынкаў іхных.
Дык нічога вялікага, што і служкі яго прыкідваюцца служкамі праведнасці; канец іх будзе паводле іх учынкаў.
Ізноў кажу: няхай хтось ня думае, што я неразумны; але калі накш, дык прыміце мяне, як неразумнага, каб я таксама крыху пахваліўся.
Зноў кажу: няхай не падумае хто, што я неразумны; а калі не так, прыміце мяне, нават калі б я быў неразумны, каб і мне крыху пахваліцца.
Што кажу, не кажу як ад Спадара, але як у неразумнасьці ў гэтай адвазе хваленьня.
Тое, што кажу, не паводле Госпада кажу, а як бы ў неразумнасці, у гэтай настойлівасці пахвалы.
Як шмат хто хваліцца подле цела, дык і я буду хваліцца.
Калі многія хваляцца паводле цела, і я буду хваліцца.
Бо вы, людзі мудрыя, ахвотна церпіце неразумных.
Бо вы, людзі мудрыя, ахвотна церпіце неразумных;
Вы церпіце, як вас хто няволе, як хто аб’ядае, як хто адбірае, як хто вывышаецца, як хто поўшыць вас.
бо вы церпіце, калі хто вас занявольвае, калі хто аб’ядае, калі хто абірае, калі хто ўзносіцца, калі хто б’е вас у твар.
На сорам кажу, быццам мы былі слабыя; а ў чым хто адважны (гукаю ў неразумнасьці), адважны й я.
На сорам кажу, як быццам мы былі слабыя. Але ў чым хто-небудзь іншы ні адважваўся — у неразумнасці кажу, — адважваюся ў тым і я.
Яны Гэбрэі? я таксама. Яны Ізраеляне? я таксама. Яны насеньне Абрагамова? я таксама.
Яны — яўрэі? І я. Яны ізраільцяне? І я. Яны нашчадкі Аўраамавы? І я.
Слугачыя Хрыстовы яны? (неразумна кажу) я балей. Я шмат балей у гарапашнасьці, нязьмерна ў ранах, балей у вязьніцах і шмат разоў пры сьмерці.
Яны служкі Хрыстовы? Кажу як бы не ў сабе: я болей: куды болей у працы, куды болей у турмах, бязмерна пад ударамі, часта пры смерці.
Ад Жыдоў пяць разоў я адзяржаў сорак без аднаго.
Ад іудзеяў пяць разоў я атрымліваў па сорак удараў без аднаго;
Трэйчы быў біты кіямі, аднойчы каменаваны, трэйчы з імною разьбіўся караб, ноч і дзень прабыў на глыбіні;
тры разы быў біты палкамі, адзін раз каменаваны, тры разы разбіваўся карабель са мною, ноч і дзень правёў у марской глыбіні;
Шмат разоў у падарожжах, у небясьпечнасьцях на рэках, у небясьпечнасьцях ад разбойнікаў, у небясьпечнасьцях ад сваіх, у небясьпечнасьцях ад паган, у небясьпечнасьцях у месьце, у небясьпечнасьцях на пустыні, у небясьпечнасьцях на мору, у небясьпечнасьцях памеж хвальшывых братоў,
часта ў падарожжах, у небяспеках на рэках, у небяспеках ад рабаўнікоў, у небяспеках ад землякоў, у небяспеках ад язычнікаў, у небяспеках у горадзе, у небяспеках у пустэльні, у небяспеках на моры, у небяспеках паміж ілжэбратамі;
У гарапашнасьці а ў высіленьню, бяз сну часта, у голадзе а смазе, часта ў пастох, на сьцюжы і ў голасьці.
у працы і знямозе, часта ў недасыпанні, у голадзе і смазе, часта ў пастах, у холадзе і ў галізне;
Апрача тога, што звонку, навала кажнага дня, рупнасьць праз усі цэрквы.
апрача таго, у мяне настаўніцтва штодня, турбота аб усіх цэрквах.
Хто няўздолее, ці я не няўздолею? Хто спатыкаецца, ці я не загараюся?
Хто слабы, а я не слабы? Хто спакушаецца, а я сам не згараю?
Калі маю хваліцца, няўздоляньнямі сваімі хваліцца буду.
Калі трэба хваліцца, буду хваліцца маёю нямогласцю.
Бог а Ацец Спадара Ісуса, дабраславёны на векі, ведае, што я не маню.
Бог і Бацька [нашага] Госпада Ісуса [Хрыста], добраславёны навекі, ведае, што я не лгу.
У Дамашку вайвода караля Арэты сьцярог места Дамашк, хочучы няць мяне,
У Дамаску намеснік цара Гарэты пільнаваў горад дамаскійцаў, каб схапіць мяне,
І я быў спушчаны пераз акно ў кашу ізь сьцяны і ўцёк із рук ягоных.
і я праз акно быў спушчаны ў кашы, праз мур, і ўцёк з ягоных рук.