2 да Карынфянаў 10 разьдзел

Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Анатоля Клышкi

 
 

І Я ж сам, Паўла, малю вас дабрынёй Хрыстовай; я, як прытомны, запраўды сьціплы ў вас, але, ня будучы меж вас, адважны да вас.
 
Але сам я, Павел, прашу вас лагоднасцю і мяккасцю Хрыстовай — я, той, хто нясмелы між вас, але адважны з вамі ў адсутнасці, —

Прашу ж, каб, прытомны, я ня быў адважны з тэй пэўнасьцяй, каторай думаю быць адважны да тых, што ўважаюць нас за ходзячых подле цела.
 
прашу, каб мне, як буду між вамі, не давялося ўжыць тую цвёрдую адвагу, з якою я думаю выступіць супроць некаторых, што лічаць, быццам мы жывём паводле цела.

Бо, ходзячы ў целе, не ваюем подле цела;
 
Бо, хоць мы жывём у целе, мы не паводле цела ваюем;

Бо зброя ваяваньня нашага не цялесная, але дужая Богам да бураньня гарадоў:
 
бо зброя нашага змагання не цялесная, а моцная Богам на зруйнаванне цвярдыняў; мы руйнуем задумы

Мы бураем задумы й кажную вышыню, што падыймаецца супроці пазнаньня Бога, і імаем у палон кажную думку да паслухменства Хрысту,
 
і ўсялякае высакамер’е, што паўстае супроць пазнання Бога, і палонім усялякую думку ў паслухмянасць Хрысту,

І маем гатовай помсту кажнаму непаслухменству, як выпаўніцца паслухменства вашае.
 
і мы гатовы пакараць усякую непаслухмянасць, калі ваша паслухмянасць стане поўнаю.

Ці на выгляд глядзіце? Калі хто пэўны ў сабе, што ён Хрыстоў, няхай уважае ізноў сам подле сябе, што, як ён Хрыстоў, так і мы Хрыстовы.
 
Глядзіце на тое, што перад вачыма. Калі хто ўпэўнены ў сабе, што ён Хрыстоў, няхай яшчэ раз сам па сабе разважыць, што як ён Хрыстоў, так і мы [Хрыстовы].

Бо калі б я й балей хваліўся ўладаю нашай, каторую Спадар даў на будаваньне, а не на бураньне, я не засароміўся б.
 
Бо нават калі я і трошкі болей пахвалюся нашаю ўладай, якую даў Госпад дзеля вашага збудавання, а не дзеля вашага разбурэння, я не буду пасаромлены.

Хай ня здасца, што я страшу вас лістамі;
 
Кажу гэта, каб не здалося, быццам я запалохваю вас лістамі,

Бо кажа: «Лісты ягоныя вагкія а моцныя, але цялесная прытомнасьць ягоная млявая, і мова ягоная пагрэбаваная».
 
таму што, хоць яго лісты, скажа хтосьці, важкія і моцныя, у асабістай прысутнасці ён слабы і слова яго мізэрнае.

Гэта няхай такі ўважае, што якія мы словам лістамі няпрытомныя, такія й прытомныя ўчынкам.
 
Такі няхай ведае, што якія мы ў слове лістоў, калі адсутнічаем, такія мы ва ўчынках, калі прысутнічаем.

Бо мы ня важым ставіць сябе побач альбо раўнавацца да некатрых, каторыя самы сябе паручаюць. Яны неразумныя, мераючы сябе самымі сабою і раўнуючы сябе да сябе.
 
Бо мы не адважваемся залічаць сябе да тых ці параўноўваць сябе з тымі, хто сам сябе рэкамендуе; але яны, вымяраючы сябе сабою і параўноўваючы сябе з сабою, не разумеюць.

Мы ж не бязь меры хваліцца будзем, але подле меры будавальнае праўды, каторую меру прызначыў нам Бог, каб дасягчы аж вас.
 
А мы не будзем хваліцца праз меру, але ў межах, вызначаных нам Богам, каб дайсці і да вас.

Бо мы ня робім, натужаючыся, як недасяглыя вас, бо мы прышлі й да вас у Дабравесьці Хрыстовай;
 
Бо мы не напружваем сябе, як быццам не дасягнулі вас, бо мы дайшлі і да вас у Дабравесці Хрыстовым.

Мы ня бязь меры хвалімся чужымі працамі, але спадзяемся, з ростам веры вашае, што багата пашырылася ў вас подле праўды нашае,
 
Мы не хвалімся без меры чужою працай, але спадзяёмся, што з узрастаннем вашай веры невымерна ўзвялічыцца ў вас наш удзел,

Яшчэ багацей абяшчаць Дабравесьць за вамі, ня ў чужой дзелі, ня хвалячыся гатовым.
 
каб дабравесціць між тых, хто па-за вашымі межамі, а не для таго, каб хваліцца гатовым у чужым удзеле.

Але хто хваліцца, у Спадару хваліся.
 
А той, хто хваліцца, няхай хваліцца Госпадам;

Бо ня тый, хто сам сябе паручае, прызнаны, але каго Спадар паручае.
 
бо не той годны, хто сам сабе выстаўляе, а той, каго ставіць Госпад.