2 да Карынфянаў 10 разьдзел

Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

І Я ж сам, Паўла, малю вас дабрынёй Хрыстовай; я, як прытомны, запраўды сьціплы ў вас, але, ня будучы меж вас, адважны да вас.
 
А я, Павал, які асабіста між вамі пакорны, а адсутны — адважны адносна вас, прашу вас праз ціхасьць і спагаднасьць Хрыста.

Прашу ж, каб, прытомны, я ня быў адважны з тэй пэўнасьцяй, каторай думаю быць адважны да тых, што ўважаюць нас за ходзячых подле цела.
 
А прашу [пра тое], каб мне, калі прыйду, ня быць адважным з той пэўнасьцю, з якою я думаю адважыцца супраць некаторых, што думаюць пра нас, быццам мы паводле цела ходзім.

Бо, ходзячы ў целе, не ваюем подле цела;
 
Бо мы, ходзячы ў целе, не паводле цела змагаемся,

Бо зброя ваяваньня нашага не цялесная, але дужая Богам да бураньня гарадоў:
 
бо зброя змаганьня нашага не цялесная, але магутная ад Бога на руйнаваньне цьвярдыняў.

Мы бураем задумы й кажную вышыню, што падыймаецца супроці пазнаньня Бога, і імаем у палон кажную думку да паслухменства Хрысту,
 
[Мы змагаемся,] руйнуючы думкі і ўсякае ўзьвялічваньне, якія ўздымаюцца супраць веданьня Бога, і беручы ў палон усякую думку на паслухмянасьць Хрысту,

І маем гатовай помсту кажнаму непаслухменству, як выпаўніцца паслухменства вашае.
 
і гатовыя пакараць кожную непаслухмянасьць, калі вашая паслухмянасьць споўніцца.

Ці на выгляд глядзіце? Калі хто пэўны ў сабе, што ён Хрыстоў, няхай уважае ізноў сам подле сябе, што, як ён Хрыстоў, так і мы Хрыстовы.
 
Ці на аблічча вы глядзіцё? Калі хто перакананы ў сабе, што ён — Хрыстовы, той няхай думае ў сабе, што, як ён — Хрыстовы, гэтак і мы — Хрыстовыя.

Бо калі б я й балей хваліўся ўладаю нашай, каторую Спадар даў на будаваньне, а не на бураньне, я не засароміўся б.
 
Бо калі я яшчэ больш буду хваліцца нашай уладай, якую Госпад даў нам на збудаваньне, а не на руйнаваньне вашае, не асаромлюся.

Хай ня здасца, што я страшу вас лістамі;
 
Каб ня думаў хто, быццам я палохаю вас пасланьнямі,

Бо кажа: «Лісты ягоныя вагкія а моцныя, але цялесная прытомнасьць ягоная млявая, і мова ягоная пагрэбаваная».
 
што скажа: «Пасланьні важкія і магутныя, а прыйшоўшы целам — слабы, і слова [вартае] пагарды».

Гэта няхай такі ўважае, што якія мы словам лістамі няпрытомныя, такія й прытомныя ўчынкам.
 
Гэтакі няхай улічыць, што, якія мы ў слове ў пасланьнях, адсутныя, гэткія і на справе, прысутныя.

Бо мы ня важым ставіць сябе побач альбо раўнавацца да некатрых, каторыя самы сябе паручаюць. Яны неразумныя, мераючы сябе самымі сабою і раўнуючы сябе да сябе.
 
Бо мы не адважваемся мерацца ці параўноўвацца з некаторымі, якія самі сябе адрэкамэндоўваюць, бо яны не разумеюць, што мераюць сябе самімі сабою і параўноўваюць сябе з сабою.

Мы ж не бязь меры хваліцца будзем, але подле меры будавальнае праўды, каторую меру прызначыў нам Бог, каб дасягчы аж вас.
 
А мы не бяз меры хваліцца будзем, але паводле меры меркі, якой надзяліў нас Бог мерыць, каб дасягнуць і да вас.

Бо мы ня робім, натужаючыся, як недасяглыя вас, бо мы прышлі й да вас у Дабравесьці Хрыстовай;
 
Бо мы не напружваем сябе, быццам не дасягнуўшы да вас, бо мы дасягнулі вас Эвангельлем Хрыстовым.

Мы ня бязь меры хвалімся чужымі працамі, але спадзяемся, з ростам веры вашае, што багата пашырылася ў вас подле праўды нашае,
 
Мы не бяз меры хвалімся чужою працаю, але маем надзею, што з узрастаньнем веры вашае з лішкам узьвялічымся і мы ў вас паводле часткі нашае,

Яшчэ багацей абяшчаць Дабравесьць за вамі, ня ў чужой дзелі, ня хвалячыся гатовым.
 
каб дабравесьціць і далей па-за вамі, а не хваліцца прыгатаваным у чужой частцы.

Але хто хваліцца, у Спадару хваліся.
 
А хто хваліцца, няхай у Госпадзе хваліцца.

Бо ня тый, хто сам сябе паручае, прызнаны, але каго Спадар паручае.
 
Бо ня той варты, хто сам сябе адрэкамэндоўвае, але каго адрэкамэндоўвае Госпад.