2 да Карынфянаў 10 разьдзел
Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі
І Я ж сам, Паўла, малю вас дабрынёй Хрыстовай; я, як прытомны, запраўды сьціплы ў вас, але, ня будучы меж вас, адважны да вас.
А сам я, Павал, асабіста сьціплы сярод вас, а здалёку супроць вас адважны, пераконваю вас лагодаю і мілажальнасьцю Хрыстовай.
Прашу ж, каб, прытомны, я ня быў адважны з тэй пэўнасьцяй, каторай думаю быць адважны да тых, што ўважаюць нас за ходзячых подле цела.
Прашу вас, каб, калі прыйду да вас, не давялося мне адважна ўжываць тую цьвёрдую адвагу, якую думаю ўжыць супроць некаторых, якія думаюць пра нас, быццам мы ўчыняем па плоці.
Бо, ходзячы ў целе, не ваюем подле цела;
Бо мы, ходзячы ў плоці, не па плоці змагаемся.
Бо зброя ваяваньня нашага не цялесная, але дужая Богам да бураньня гарадоў:
Зброя нашага змаганьня ня плоцкая, а моцная Богам на руйнаваньне цьвярдыняў: імі мы абвяргаем намыслы
Мы бураем задумы й кажную вышыню, што падыймаецца супроці пазнаньня Бога, і імаем у палон кажную думку да паслухменства Хрысту,
і ўсякую ганарлівасьць, што паўстае супроць пазнаньня Божага, і палонім усякія задумы на паслушнасьць Хрысту;
І маем гатовай помсту кажнаму непаслухменству, як выпаўніцца паслухменства вашае.
і гатовыя пакараць любую непаслушнасьць, калі вашая паслушнасьць зьдзейсьніцца.
Ці на выгляд глядзіце? Калі хто пэўны ў сабе, што ён Хрыстоў, няхай уважае ізноў сам подле сябе, што, як ён Хрыстоў, так і мы Хрыстовы.
Ці на асобу зважаеце? Хто ўпэўнены ў сабе, што ён Хрыстовы, той сам па сабе хай мяркуе, што, калі ён Хрыстовы, дык і мы Хрыстовыя.
Бо калі б я й балей хваліўся ўладаю нашай, каторую Спадар даў на будаваньне, а не на бураньне, я не засароміўся б.
Бо, калі б я пачаў занадта хваліцца нашай уладай, якую Гасподзь даў нам на станаўленьне, а не на разладзьдзе нашае, дык я ня быў бы пасаромлены.
Хай ня здасца, што я страшу вас лістамі;
Зрэшты, хай ня здасца, што я палохаю вас толькі пасланьнямі.
Бо кажа: «Лісты ягоныя вагкія а моцныя, але цялесная прытомнасьць ягоная млявая, і мова ягоная пагрэбаваная».
Бо як нехта кажа: «у пасланьнях ён строгі і моцны, а ў асабістай прысутнасьці слабы, і мова ягоная нязначная»,
Гэта няхай такі ўважае, што якія мы словам лістамі няпрытомныя, такія й прытомныя ўчынкам.
дык няхай ведаюць, што, якія мы на словах у пасланьнях завочна, такія і ў дзеі асабіста.
Бо мы ня важым ставіць сябе побач альбо раўнавацца да некатрых, каторыя самы сябе паручаюць. Яны неразумныя, мераючы сябе самымі сабою і раўнуючы сябе да сябе.
Бо мы не адважваемся мерацца альбо параўноўваць сябе з тымі, якія самі сябе выстаўляюць: яны мераюць сябе самімі сабою і параўноўваюць сябе з сабою неразумна.
Мы ж не бязь меры хваліцца будзем, але подле меры будавальнае праўды, каторую меру прызначыў нам Бог, каб дасягчы аж вас.
А мы не хваліцца будзем бязь меры, а мераю долі, якую нам вызначыў Бог і такою мераю, каб дасягнуць і да вас.
Бо мы ня робім, натужаючыся, як недасяглыя вас, бо мы прышлі й да вас у Дабравесьці Хрыстовай;
Бо мы ня высільваемся, як тыя, што не дасяглі да вас, бо дасягнулі і да вас зьвеставаньнем Хрыстовым;
Мы ня бязь меры хвалімся чужымі працамі, але спадзяемся, з ростам веры вашае, што багата пашырылася ў вас подле праўды нашае,
мы не бязь меры хвалімся, ня чужою працаю, а спадзяёмся, што калі будзе расьці вера вашая, над меру пабольшыць у вас удзел наш,
Яшчэ багацей абяшчаць Дабравесьць за вамі, ня ў чужой дзелі, ня хвалячыся гатовым.
(так, каб і) далей прапаведаваць вам Дабравесьце, ня хвалячыся гатовым у чужой долі.
Але хто хваліцца, у Спадару хваліся.
«Хто хваліцца, няхай хваліцца ў Госпадзе».
Бо ня тый, хто сам сябе паручае, прызнаны, але каго Спадар паручае.
Бо ня той годны, хто сам сябе хваліць, а каго хваліць Гасподзь.