2 да Карынфянаў 4 разьдзел
Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
Затым, маючы гэта слугаваньне, адзяржаўшы міласэрдзе, мы не слабянеем
Дзеля гэтага, маючы такое служэньне, бо мы атрымалі літасьць, мы не журымся,
Але мы адракліся патайных саромных рэчаў, ня ходзячы ў хітрыні, ані хвальшуючы слова Божага, але праяўляючы праўду, паручаемся сумленьню кажнага чалавека перад Богам.
але адмаўляемся тайных [учынкаў] сораму, ня ходзячы падступна і не перакручваючы Слова Божага, але выяўленьнем праўды адрэкамэндоўваем сябе сумленьню кожнага чалавека перад Богам.
Калі ж запраўды й затоена Дабравесьць наша, дык затоена ад тых, што гінуць,
А калі і закрытае Эвангельле нашае, закрыта для тых, якія гінуць,
Нявернікаў, у каторых бог сьвету гэтага асьляпіў розумы, каб ім не зазьзяла сьвятло Дабравесьці славы Хрыстовае, Каторы ёсьць абраз Божы.
для бязьверных, у якіх бог веку гэтага засьляпіў думкі, каб не ўзыйшло ім сьвятло Эвангельля славы Хрыста, Які ёсьць вобраз Божы.
Бо мы не сябе абяшчаем, але Хрыста Ісуса Спадара; а сябе самых, як слугаў вашых дзеля Ісуса.
Бо мы не саміх сябе абвяшчаем, але Хрыста Ісуса, Госпада; а мы — слугі вашыя дзеля Ісуса.
Бо Бог, Каторы сказаў, каб ізь цямноты сьвятліня зазьзяла, асьвяціў сэрцы нашыя да сьвятла знацьця славы Божае ў відзе Ісуса Хрыста.
Таму што Бог, Які сказаў з цемры зазьзяць сьвятлу, Сам зазьзяў у сэрцах нашых дзеля прасьвятленьня [нас] пазнаньнем славы Божае ў абліччы Ісуса Хрыста.
Але мы маем гэты скарб у судзьдзю гліняным каб вялікасьць магутнасьці была Божая, а ня з нас.
А скарб гэты мы маем у гліняных начыньнях, каб празьмернасьць моцы была ад Бога, а ня з нас.
Адусюль мы засмучоныя, але ня сьцісьненыя; заклапочаныя, але не без надзеі;
Мы ў-ва ўсім уцісканыя, але ня сьціснутыя; мы зьбянтэжаныя, але не губляем надзеі;
Перасьледаваныя, але не пакіненыя; упалыя, але не загубленыя;
мы перасьледаваныя, але не пакінутыя; мы паваленыя, але ня гінем.
Заўсёды носім у целе мертвасьць Ісуса, каб і жыцьцё Ісусава магло зьявіцца ў целе нашым.
Мы заўсёды носім у целе мёртвасьць Госпада Ісуса, каб і жыцьцё Ісуса выявілася ў целе нашым.
Бо мы жывыя заўсёды выдаваныя на сьмерць за Ісуса, каб і жыцьцё Ісусава зьявілася ў сьмяротным целе нашым,
Бо мы, жывыя, заўсёды выдаваныя на сьмерць дзеля Ісуса, каб і жыцьцё Ісуса выявілася ў сьмяротным целе нашым.
Так што сьмерць дзее ў нас, а жыцьцё ў вас.
Так што сьмерць дзейнічае ў нас, а жыцьцё — у вас.
І маючы тый самы дух веры, подле напісанага: «Я верыў і затым казаў», і мы верым, затым і кажам,
А маючы той самы дух веры, як напісана: «Я верыў і дзеля гэтага гаварыў», і мы верым і дзеля гэтага гаворым,
Ведаючы, што Тый, хто ўскрысіў Спадара Ісуса, ускрэсе й нас ізь Ісусам і пастанове з вамі.
ведаючы, што Той, Які ўваскрасіў Госпада Ісуса, уваскрасіць праз Ісуса і нас і паставіць разам з вамі.
Бо ўсе дзеля вас, каб ласка, збыткуючы перазь дзякаваньне шмат каго, збыткавала на славу Божую.
Бо ўсё дзеля вас, каб багацьце ласкі праз шматлікія падзякі памнажалася на славу Божую.
Затым мы не слабянеем; але калі навонны наш чалавек раскладаецца, нутраны, адылі, дзень у дзень аднаўляецца.
Дзеля гэтага мы не журымся, але, калі наш вонкавы чалавек зьнішчаецца, дык унутраны дзень пры дні абнаўляецца.
Бо часныя лягкія цярпеньні нашы дзеюць нам нязьмерную славу вечнае вагі,
Бо гэты караценькі лёгкі прыгнёт наш робіць яшчэ большай і большай вагу славы вечнае для нас,
Як мы глядзім не на відомае, але на нявідомае; бо відомае часнае, а нявідомае вечнае.
якія глядзім не на бачнае, але на нябачнае, бо бачнае — часовае, а нябачнае — вечнае.